Сучасныя тэхналогіі + творчая дзейнасць + супрацоўніцтва

- 11:54Педагагічная майстэрня

З настаўніцай пачатковых класаў сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска Марынай Маршалак мне пашчасціла пазнаёміцца на ІІІ Міжнародным  фестывалі прафесійнага  майстэрства  педагогаў “Пазнанне  ў сутворчасці”. Марына  Антонаўна праводзіла  для  калег  майстар-клас  па  выкарыстанні  тэхналогіі  вэб-квеста  ў  рабоце  з малодшымі  школьнікамі. Вялікая  зацікаўленасць  настаўніцы, апантанасць  любімай справай, майстэрства  і  прафесіяналізм, энергія  і  жыццесцвярджальнасць  перадаліся аўдыторыі,  якая  пакідала  мерапрыемства з жаданнем прымяніць убачанае  ў  сваіх класах.  Пра  педагагічную  сістэму  М.А.Маршалак,  якая  склалася за  24 гады работы ў школе, і найбольш  эфектыўныя  метадычныя  знаходкі —  наша  гутарка  з  ёй.

— Марына Антонаўна, чаму вы выбралі прафесію настаўніка? Чаму сталі менавіта настаўніцай пачатковых класаў?

— Можна сказаць, што ў прафесію я прыйшла выпадкова. Многія мае аднакласнікі марылі стаць настаўнікамі. Прызнаюся шчыра, у мяне такой мары не было. Пасля 9 класаў вырашыла паспрабаваць з сяброўкай паступіць у Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча на спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя”. Конкурс тады быў 7 чалавек на месца! І я паступіла! Калі ў 1995 годзе акунулася ў педагагічную дзейнасць, зразумела: педагогіка — гэта маё, пачатковыя класы — мая стыхія. Потым у 2001 годзе атрымала вышэйшую адукацыю — закончыла БДПУ імя Максіма Танка.

— Якія прынцыпы пакладзены ў аснову вашай педагагічнай дзейнасці?

— Першы прынцып — асобасны падыход. Стаўленне да свету малодшага школьніка, адлюстраванае ў схемах “ведаю — не ведаю”, “умею — не ўмею”,  “валодаю — не валодаю”, павінна змяніцца параметрамі “шукаю — і знаходжу”, “думаю — і даведваюся”, “спрабую — і раблю”. Асобасны падыход прымушае пераасэнсоўваць формы арганізацыі ўрока і ўсёй класна-ўрочнай дзейнасці. Ён прадугледжвае змяненне самой структуры ўрока. Урок ператвараецца ў творчыя зносіны настаўніка з вучнямі і вучняў паміж сабой і ў праблемную дыскусію. На сваіх уроках я прымяняю групавую форму работы. Дзялю вучняў на групы, улічваючы характар дзяцей, узровень разумовых здольнасцей, міжасобасныя ўзаемаадносіны, назначаю старшых, экспертаў-кансультантаў, якія кіруюць работай аднакласнікаў, дапамагаюць навучэнцам і кантралююць выкананне заданняў. Таксама выкарыстоўваю работу ў парах. Заданне дзеці выконваюць або разам у пары, або варыятыўна, а потым правяраюць адно аднаго.

Прымяняю гульні (калектыўна, у групах, у парах). Пасля засваення прынцыпаў арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучу дзяцей самастойнасці ў мысленні і пазнанні, фармірую ўменне мэтанакіравана працаваць і аказваць дапамогу таварышам. Яны вучацца разважаць, задаваць пытанні, выра­шаць праблемы. Мае вучні пастаянна ў пошуку. Новы матэрыял не падаю ў гатовым выгля­дзе, а ствараю праблемную сітуацыю.

Мой другі прынцып работы — “гарэць самой і запальваць іншых!”. Усе навучэнцы класа ахоплены пазакласнай работай. Гэта дапамагае ім раскрывацца, разнявольвацца, вучыць камунікатыўнасці.

Трэці прынцып — гэта “трохкутнік зносін”, вяршынямі якога з’яўляюцца бацькі — дзіця — настаўнік. Сям’я — першы настаўнік дзіцяці. Бацькі — гэта памочнікі, настаўнікі, дарадчыкі і добрыя таварышы для сваіх дзяцей.  Вельмі вялікае значэнне я надаю аспектам сямейнага выхавання, менавіта таму такая тэматыка практычна ўсіх баць­коўскіх сходаў, якія я праводжу ў рознай форме — сямейныя парады, анкетаванне, пагаварылкі, бацькоўскія практыкумы і г. д. У маім класе бацькі з’яўляюцца актыўнымі ўдзель­нікамі ўсіх класных, школьных і раённых мерапрыемстваў, бо асабісты прыклад — гэта дзейсны механізм выхавання.

Наступны мой прынцып вынікае з той сітуа­цыі, калі чалавеку псіхалагічна камфортна. Што ж будзе, калі чалавек адчувае страшэнны дыскамфорт у калектыве, калі яго параўноўваюць з іншымі? Таму чацвёрты мой прынцып — “ніколі не параўноўваць дзяцей адно з адным”, прынцып псіхалагічнай камфортнасці. Не павінна быць пераможцаў і пераможных, кожнае дзіця — індывідуальнасць. Дзіця можна параўнаць толькі з самім сабой: які я быў учора, які ж я сёння. Я цаню своеасаблівасць дзіцяці. Для мяне галоўнае, каб дзіця, сыхо­дзячы дадому, жадала сустрэцца са мной зноў. Кожны дзень дзіця павінна ісці са школы з перамогай. Адзін рашыў задачу, другі прыдумаў яркі аповед, трэці склаў верш. І калі мае дзеткі працуюць з захапленнем і задавальненнем, дапамагаючы адно аднаму, калі вяртаюцца дадому задаволеныя і чакаюць з нецярпеннем заўтрашняга дня — гэта паказчык паспяховасці маёй настаўніцкай працы.

Маё педагагічнае крэда: “Сучасныя тэхналогіі + творчая дзейнасць + супрацоўніцтва — формула паспяховасці навучэнца!”

— Як вы прывіваеце малодшым школьнікам цікавасць да вучобы ў школе? Якія метады і прыёмы пры гэтым выкарыстоўваеце?

— Перада мной як педагогам, штодня, кожны ўрок стаяць пытанні: як зацікавіць дзіця вучэбным прадметам? як цікава і даступна данесці да вучня новы матэрыял? як стварыць сітуацыю поспеху і ўсяліць веру ў свае сілы? Гэтыя пытанні я вырашаю шляхам уключэння навучэнцаў у сітуацыі творчай част­кова пошукавай работы і даследчай дзейнасці. Я заўсёды працую пад дэвізам “Вучэнне з захапленнем!”, таму што разумею, што праз казку, гульню пралягае дарога да сэрца дзіцяці. Станаўленне асобы школьніка перш за ўсё адбываецца на ўроку. Актывізую пазнавальную дзей­насць дзяцей і павышаю цікавасць да вучэння на кожным этапе ўрока праз індывідуальную, групавую работу, дыферэнцыраваны падыход, гульню, стварэнне сітуацыі поспеху,  самастойную работу.

Заданні і матэрыялы падбіраю так, каб яны былі даступныя па выкладанні, маляўніча аформленыя, мелі элементы займальнасці і спаборнасці, утрымлівалі звесткі і факты, якія выходзяць за межы вучэбных праграм.

Схемы-апоры, табліцы, сігнальныя карткі, раздатачны матэрыял, займальныя практыкаванні сталі вернымі памочнікамі ў маёй рабоце. У выніку навучэнцы працуюць на ўроку з цікавасцю, і нават цяжкія заданні становяцца пасільнымі для іх. Дапамагаю кожнаму вучню самасцвердзіцца, шукаць і знаходзіць уласныя шляхі атрымання адказу.

Выдатным сродкам выхавання і навучання з’яўляецца гульня. Для гэтага я стаўлю вучня ва ўмовы пошуку, абуджаю цікавасць да перамогі. Адсюль узнікае імкненне быць хуткім, сабраным, спрытным, знаходлівым, умець дакладна выконваць заданні, пры­трымлівацца правіл. Правільна арганізаваная самастойная работа спрыяе фарміраванню пазнавальных інтарэсаў, развіццю пазнавальных здольнасцей, авалоданню прыёмамі працэсу пазнання.

Праз вырашэнне творчых задач рознай ступені цяжкасці, шматварыянтнасць заданняў у навучэнцаў развіваецца лагічнае мысленне, набываюцца навыкі самаарганізацыі і самапраектавання. У выніку, абмяркоўваючы розныя варыянты пошуку шляхоў вырашэння, дзеці актыўна прапаноўваюць магчымыя падыходы, шукаюць довады, абараняюць свой варыянт адказу. Пры гэтым у іх узнікае жаданне даведацца, чаму адны спосабы вырашэння задач аказваюцца рацыянальнымі, а іншыя — не. А яшчэ яны вучацца ўважліва слухаць і чуць адно аднаго. Кожны поспех раблю здабыткам усяго класа.

 Важнай умовай маёй работы з’яўляецца ўсмешка і добрае слова. Шчырай любоўю я заваёўваю давер дзяцей, а значыць, права выхоўваць і вучыць.

— Якім адукацыйным тэхналогіям аддаяце перавагу? Якія з іх, на ваш погляд, найбольш эфектыўныя?

— Лічу, што настаўнік без навацый — гэта заўсёды настаўнік учарашняга дня. Педагог павінен арыентавацца не на ўчарашні, а на заў­трашні дзень дзіцячага развіцця. Толькі тады ён дапаможа дзіцяці стаць чалавекам, які зможа ўдасканальваць самога сябе. У сваёй дзейнасці я выкарыстоўваю асобасна арыентаванае навучанне, праблемнае навучанне, даследчую дзей­насць, здароўезберагальныя тэхналогіі, гульнявую дзей­насць, ІКТ, развіццёвае і перспектыўна-апера­джальнае навучанне, тэхналогію рознаўзроўневага навучання, тэхналогію развіцця крытычнага мыслення.

На любым сучасным уроку нельга абысціся без тэхналогіі праблемнага навучання або без яе элементаў. Актуаль­насць дадзенай тэхналогіі вызначаецца развіццём высокага ўзроўню матывацыі да вучэбнай дзейнасці, актывізацыі пазнавальных інтарэсаў навучэнцаў, што становіцца магчымым пры вырашэнні супярэчнасцей, якія ўзнікаюць пры стварэнні праблемных сітуацый на ўроку. Праз пераадоленне пасільных цяжкасцей у вучняў узнікае пастаянная патрэба ў авалоданні новымі ведамі, новымі спосабамі дзеянняў, уменнямі і навыкамі. Асноўнымі элементамі праблемнай сітуацыі з’яўляюцца пытанні, задача, нагляднасць, заданне.

Здароўезберагальныя тэхналогіі прымяняю як ва ўрочнай дзейнасці, так і ў пазакласнай рабоце. На мой погляд, фарміраванне адказнага стаўлення да свайго здароўя — неабходная ўмова паспяховасці сучаснага чалавека. Здароўезберагальны падыход прасочваецца на ўсіх этапах майго ўрока, паколькі прадугледжвае дакладнае чаргаванне відаў дзейнасці.

Урок з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій становіцца больш цікавым для навучэнцаў, паляпшаецца ўзровень нагляднасці, а ў выніку больш эфектыўна засвойваюцца веды. А яшчэ я актыўна прымяняю камп’ютарныя тэсты, трэнажоры, навучальныя гульні.

Настаўнік пачатковых класаў у працэсе ўрока павінен выкарыстоўваць такія метады і прыёмы работы, якія не толькі фарміруюць у навучэнцаў веды, уменні і навыкі, але і адначасова развіваюць адзін з відаў мыслення дзіцяці: наглядна-дзейсны, наглядна-вобразны або слоўна-лагічны. Дасягненню гэтай мэты ў маёй педагагічнай дзейнасці спрыяюць прыёмы і практыкаванні гульнявой тэхналогіі, якія таксама забяспечваюць развіццё ўвагі, памяці, назіральнасці і маўленчай актыўнасці навучэнцаў, нясуць у сабе зарад займальнасці, выхоўваюць у дзяцей ціка­васць да прадмета.

І, вядома ж, выкарыстоўваю тэхналогію крытычнага мыслення. Гэта інтэрактыўная тэхналогія, якая развівае прадукцыйнае творчае мысленне, фарміруе інтэлектуальныя ўменні, вучыць вучыцца. Гэта шэраг прыёмаў, сярод якіх —  “Кошык ідэй”, “ Інсэрт”, “Тонкія і тоўстыя пытанні”,  “Дрэва прадказанняў”, “Сінквейн”, “Рамонак Блума”, “Кубік Блума”, “Шэсць капелюшоў” і г.д.

З новых форм інтэрактыўнай арганізацыі вучэбнай дзейнасці выкарыстоўваю тэхналогію “шасцівугольнага” навучання на ўроках літаратурнага чытання, рускай і беларускай мовы, “Чалавек і свет”. Вельмі падабаецца дзецям адгадваць кросенсы — гэта актыўны метад, прыём арганізацыі вучэбнага ўзаема­дзеяння, які будуецца на асацыятыўнай сувязі.

— Марына Антонаўна, вы адзначылі, што актыўна прымяняеце на сваіх уроках інфармацыйныя тэхналогіі. Як найбольш прадукцыйна ўключыць іх у адукацыйны працэс?

— Малодшыя школьнікі не сяб­руюць з кнігай, але з задавальненнем гуляюць у камп’ютарныя гульні, іх нелюбімым прадметам часта з’яўляецца руская мова, таму што неабходна вучыць правілы, выконваць практыкаванні. Любімай цацкай для іх з’яўляецца камп’ютар, таму галоўная задача настаўніка  — зрабіць камп’ютар развіццёвай “цацкай”, каб з дапамогай спецыяльных праграм развіваць індывідуальныя здольнасці навучэнцаў, удасканальваць вучэбныя навыкі, ажыццяў­ляць кантроль атрыманых ведаў. Пры распрацоўцы плана кожнага ўрока я загадзя прадугледж­ваю прымяненне электронных ілюстрацый, трэніровачных або кантрольных заданняў, а таксама вучэбны матэрыял адпаведнай тэматыкі, уключаны ў прадметныя электронныя сістэмы навучання.

На такіх этапах, як вусны лік, арфаграфічная размінка або сціслае паўтарэнне вывучанага, можна прапанаваць індывідуальную работу за камп’ютарам навучэнцам, якія прапусцілі заняткі па хваробе, або тым, хто яшчэ слаба ведае і мала ўмее па тэме ўрока. Больш моцных навучэнцаў прыцягваю для работы падчас франтальнага апытання, слоўнікавай работы, замацавання раней пройдзенага матэрыялу.

Школьнікам, якія выконваюць агульныя для ўсіх заданні хутка і якасна, прапаную камп’ютарны трэнажор павышанай складанасці або заданні прапедэўтычнага характару, выкананне якіх дазволіць ім удзельнічаць у тлумачэнні новага матэрыялу сваім аднакласнікам. У блогу класа выкладваю шмат практыкаванняў у праграме https://learningapps.org.

— Як вы прыйшлі да выкарыстання тэхналогіі вэб-квеста?

— Некалькі гадоў назад была на семінары ў Дзятлаве па гэтай тэме. Мяне па-сапраўднаму “зачапіла”. Я вывучыла тэарэтычны і практычны матэрыял. Спачатку з мінулым наборам у 4 класе я праводзіла ўрокі-квесты. Затым мы паспрабавалі прайсці вэб-квест “Навагодні перапалох”. Атрымалася. Вырашыла падзяліцца вопытам з калегамі. Правяла майстар-клас. На дадзены момант у мяне 3 клас. Дзеці ведаюць, што такое ўрок-квест. А пасля Новага года хачу ім прапанаваць удзел у вэб-квесце “Ваўкавыск. Маршрут пабудаваны”. Ідэй вельмі шмат, але недахоп часу адыгрывае сваю ролю.

—  Ад чаго атрымліваеце самае вялікае задавальненне ў працэсе работы?

— Ад самой работы, ад узаемадзеяння з дзецьмі, калегамі. Люблю, калі дзеці звяртаюцца да мяне з пытаннямі, ладзяць дыскусіі. Прычым тэмы бываюць самыя розныя (чаму капуста называецца квашанай; з чаго складаюцца агуркі і інш.). Люблю, калі яны дзеляцца са мной сваімі думкамі, ідэямі. Калі я разумею, што той матэрыял, тыя веды, якія я ім даю, пускаюць парасткі, тады яшчэ больш усведамляю, што  менавіта я адказная за многія рысы іх характару, што магу ім шмат даць: сваю любоў, клопат, веды, уменні…. Многае, што не выказаць словамі, а толькі ўчынкамі.  Радуюся, калі мае сямікласнікі звяртаюцца да мяне і расказваюць, як у іх справы. Калі выпускнікі не забываюць. Радуе, што мая дачка, пакуль дзевяцікласніца, таксама хоча пайсці па маіх слядах.

— А якія планы на будучыню?

— Прыняць удзел у конкурсе прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года”.

— Вялікі дзякуй за размову і няхай вашы планы здзейсняцца!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.