Суіцыдальныя паводзіны падлетка: у чым асаблівасці і як гэтага пазбегчы

- 12:35Новости, Приложение, Психолог в школе

Майстар-­клас “Прыярытэтныя напрамкі прафілактыкі суіцыдальных паводзін у маладзёжным асяроддзі “Я выбіраю жыццё!” для ўдзельнікаў адной з тэматычных секцый рэспубліканскага семінара правяла загадчыца кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі БДПУ кандыдат псіхалагічных навук Наталля Пузырэвіч, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Суіцыдальныя паводзіны ўзніка­юць тады, калі дзіця перастае адчуваць падтрымку, дапамогу збоку, перастае адчуваць, што яно патрэбнае і важнае, — расказвае Наталля Леанідаўна. — Суіцыд адбываецца тады, калі дзіця засталося нікім не заўважаным, калі якаясьці падзея выходзіць за рамкі яго разумення. Дзіця задае сабе пытанні: “Як мне з гэтым жыць? Што рабіць?”. Па выніках даследавання, якое я праводзіла з падлеткамі, удалося ўстана­віць некаторыя асаблівасці.

Першая. Для падлетка з суіцыдальнымі намерамі жыццё пачынае разглядацца ў кантэксце праблемы, гэта значыць, праблема становіцца больш глабальнай, чым жыццё. Жыццё — толькі кропка ў ім. І тады мэта — зрабіць штосьці, каб гэтую праблему вырашыць.

Другая. Падлетак перастае ўнутрана зведваць эмоцыі, перажыванні, ён быццам замірае: “Я нічога не адчуваю і не хачу адчуваць. Мне хочацца проста існаваць і фармальна выконваць нейкія дзеянні, якіх ад мяне патрабуюць людзі з майго акружэння”. Разам з тым знешне эмацыяльная актыў­насць у падлетка павышана. Падлеткі могуць вельмі рэзка мяняць свой настрой, уключацца ў канфлікты. Ім можа быць характэрна павышаная агрэсіўнасць і трывож­насць.

Мы можам, працуючы над стварэннем рэсурсу ў жыцці падлетка, дапамагчы яго равеснікам падтрымліваць падлетка; навучыць настаўнікаў бачыць дынаміку стану, змяненні ў настроі і паводзінах падлетка, адзначаць некаторыя нюансы яго стану, што таксама стане для яго рэсурсам. Суправаджаючы бацькоў, робячы атмасферу ў сям’і добразычлівай, мы тым самым ствараем рэсурс для падлетка, абапіраючыся на які ён можа адчуваць, што ён камусьці важны і патрэбны. Такім чынам, мы можам працаваць не толькі напрамую з падлеткам, але і апасродкавана — праз яго сацыяльнае асяроддзе.

Пакуль падлетак адчувае, што тое, што ён робіць, як ён жыве і адчувае, камусьці патрэбна, пытанняў пра суіцыд у яго не ўзнікае. Дастаткова нават аднаго такога чалавека ў жыцці падлетка.

У эмацыяльным плане педагог-псіхолаг павінен звярнуць увагу на пачуццё адзі­ноты і кінутасці падлетка, пачуццё безна­дзейнасці. Калі актыўнае дзіця, былы лідар у класе адсаджваецца за заднюю парту, перастае камунікаваць, апускае позірк, калі мы імкнёмся з ім камунікаваць, імкнецца дыстанцыравацца, выходзіць са школы апошнім, каб не сустракацца з людзь­мі, — значыць, з ім нешта адбываецца, на што псіхолагу неабходна звярнуць увагу. Працуючы з падлеткамі, я часта чую: “А вы дакладна слухаеце, што я вам гавару? Вам гэта цікава?” Гэта значыць, што падлеткам не хапае эмацыянальнага кантакту з тым акружэннем, у якім яны апынаюцца. Ім хочацца, каб яны — непрымірымыя, супярэчлівыя, з іх рэальным і віртуальным жыццём — былі нам цікавыя. Эмоцыя ад нас — своеасаблівы масток, здольнасць “зазямліць” падлетка тут і зараз. Тады ён не будзе разглядаць жыццё ў кантэксце праблемы, а будзе разглядаць праблему ў кантэксце жыцця.

Цяжкасці падлетак схільны ўспрымаць як непераадольныя, любая з іх разглядаецца падлеткам з пазіцыі “я з ёй не спраўлюся”.

У падлетка праяўляюцца памылкі мыслення. Напрыклад, звышабагульненне: няўдалая кантрольная па матэматыцы выклікае думкі, што ён не здольны да матэматыкі. Нерэалізаваная надзея з боку баць­коў — “я не дастойны любові бацькоў, іх увагі”. Падлетак абясцэньвае сваю ролю ў жыцці бацькоў і сябе як асобу. Важна звыш­абагульненні звузіць да канкрэтнай праблемы: адна кантрольная па матэматыцы не вырашае нічога, адзнаку можна папра­віць. Можна прапанаваць падлетку ўспом­ніць уласны вопыт, калі ён перажываў падобныя сітуацыі. Што ён адчуваў тады і зараз? Параўнанне — важны нюанс, бо мы, як правіла, запамінаем рэальнасць з пункту гледжання таго, што яна для нас актуальная тут і зараз, але праходзіць час — і мы ўспамінаем пра яе з новымі сэнсамі. Значыць, тое, што здавалася непапраўным, праз некаторы час будзе ўспрымацца па-іншаму. Такім чынам, мы паказваем падлетку, што цяжкасці — гэта крыніца росту. Пройдзе час, і на цяперашнюю складаную сітуацыю ён будзе глядзець па-іншаму. Нам трэба паказаць, што гэты час у падлетка ёсць.

Таксама на кагнітыўным узроўні адбываецца чорна-белае мысленне: павінна быць усё ідэальна або ніяк. Трэба паказаць дзіцяці, што могуць быць і паўтоны. Акрамя дрэнна напісанай кантрольнай па матэматыцы, у жыцці ёсць яшчэ шмат чаго. Калі мы пачынаем пра гэта гаварыць, высвятляецца, што кантрольная — толькі эпізод, кропка ў крузе жыцця падлетка. Важна, каб ён перастаў факусіравацца толькі на гэтай кропцы.

Цяжкую жыццёвую сітуацыю можна пераадолець праз аўтарытэт. Хто для падлетка можа быць прыкладам, як спраўляцца з негатыўнай сітуацыяй? Гэта можа быць хтосьці з сацыяльнай сеткі, герой фільма ці кнігі. А чым падлетак падобны на гэтага чалавека? Такім чынам, мы разумеем, што раз спраўляецца аўтарытэтны для падлетка чалавек (герой), то і ў падлетка ёсць такая магчымасць.

Усё гэта я сістэматызавала ў выгля­дзе “Дзённіка падлетка”, які ў практыцы работы педагога-псіхолага можа дапамагчы падлеткам справіцца з цяжкімі жыццёвымі сітуацыямі.

Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА