Султанат Аман зацікаўлены ў рэалізацыі сумесных адукацыйных праектаў

- 11:36Інфармацыйная гадзіна

Пытанні адкрыцця сумесных адукацыйных цэнтраў, правядзення конкурсу інавацыйных праектаў і арганізацыі навучання замежных грамадзян у Беларусі па найбольш запатрабаваных спецыяльнасцях былі абмеркаваны ў час візіту беларускай дэлегацыі на чале з міністрам адукацыі Беларусі Міхаілам Жураўковым у Аман.

Візіт міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова ў Султанат Аман стаў першым афіцыйным візітам такога ўзроўню ў гэтую краіну. Прадстаўнікі Беларусі правялі перагаворы з кіраўніцтвам профільных ведамстваў, абмеркавалі механізмы рэалізацыі дзеючых міжведамасных дагавораў аб супрацоўніцтве, пытанні ажыццяўлення дзяржаўнай палітыкі па падтрымцы адукацыі і ўзгаднення перспектыўных напрамкаў узаемадзеяння.

На сустрэчы з міністрам вышэйшай адукацыі Султаната Аман былі разгледжаны пытанні арганізацыі навучання на англійскай мове ў Беларусі па найбольш запатрабаваных у Амане спецыяльнасцях. Таксама бакі выказалі меркаванні аб правядзенні навучання рускай мове аманскіх студэнтаў, якія жадаюць прадоўжыць навучанне ў магістратуры і аспірантуры беларускіх універсітэтаў, у тым ліку ў дыстанцыйнай форме. Былі абмеркаваны і магчымасці правядзення каротка- і доўгатэрміновых стажыровак аманскіх спецыялістаў на англійскай мове. Асаблівая ўвага ўдзелена прапанове па арганізацыі Цэнтра арабскай мовы і культуры пры Беларускім дзяржаўным універсітэце і стварэнні Цэнтра беларускай мовы і культуры ў адной з устаноў адукацыі Амана. Таксама выказана зацікаўленасць у арганізацыі сумеснай з БДУІР адукацыйнай структуры на тэрыторыі Султаната і накіраванні ў гэтую краіну выкладчыкаў інжынерных і тэхнічных спецыяльнасцей для работы на кантрактнай аснове.

У Міністэрстве працоўных рэсурсаў аманскім бокам была выказана зацікаўленасць у падрыхтоўцы выкладчыкаў — майстроў вытворчага навучання — у беларускіх установах прафтэхадукацыі. На сустрэчы ў Міністэрстве адукацыі Амана дасягнуты дамоўленасці аб арганізацыі конкурсу сумесных беларуска-аманскіх праектаў (даследчых работ вучняў), правядзенні конкурсу малюнкаў і эсэ “Беларусь і Аман вачамі дзяцей”. Міхаіл Жураўкоў запрасіў дэлегацыю аманскіх дзяцей адпачыць у Нацыянальным адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.

У час наведвання Універсітэта імя Султана Кабуса, Універсітэта тэхналогій, Вышэйшага каледжа тэхналогій, каледжа Маската, каледжа прыкладных навук Нізвы праведзены прэзентацыі беларускіх універсітэтаў. А з кіраўніцтвам гэтых устаноў адукацыі прапрацаваны пытанні ўзаемадзеяння ў сферы адукацыі, ажыццяўлення сумесных даследаванняў, сумеснай распрацоўкі вучэбных планаў і адукацыйных праграм.