Сумесная работа з моладдзю — прыярытэт сістэмы адукацыі і грамадскіх маладзёжных аб’яднанняў

- 10:01Актуально

Пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі, на якім разглядаліся пытанні ўзаемадзеяння з БРСМ і БРПА, прайшло на базе Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Міністр адукацыі Андрэй Іванец зрабіў акцэнт на кропках росту, якія неабходна развіваць у рабоце з моладдзю. Важна звяртаць увагу не толькі на школьнікаў і студэнтаў , бо з гэтымі катэгорыямі моладзі выбудавана сістэмная і дастаткова эфектыўная работа. У школах пачалася рэалізацыя праекта “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма”, да якой неабходна далучацца мала­дзёжным грамадскім арганізацыям. Метадычнае суправаджэнне названага праекта ажыццяўляе Акадэмія адукацыі. І хацелася б, як зазначыў Андрэй Іванавіч, каб тэмп работы ў рамках праекта толькі ўзрастаў.

— Студэнцкая моладзь таксама знаходзіцца ў полі нашага зроку, і многія студэнцкія праекты ўжо сталі брэндавымі: “Студэнт года”, “Каралева вясна”. Пашыраецца студаатрадаўскі рух, і гэта выдатна. Аднак сёння мы практычна не ўцягваем у нашу работу навучэнцаў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі. Мяркую, што гэта павінна стаць адным з асноўных рашэнняў калегіі. Каля 70% правапарушэнняў і злачынстваў здзяй­сняюць навучэнцы каледжаў. І хто, як не маладзёжныя арганізацыі разам з педагогамі, павінен вучыць нашу моладзь не толькі патрыятызму, але і законапаслухмяным паво­дзінам. Навучэнцы каледжаў — такая ж наша мо­ладзь, як і школьнікі, студэнты, — падкрэс­ліў міністр адукацыі.

Андрэй Іванец таксама спыніўся на пытаннях рамонту памяшканняў, дзе размяшчаюцца райкамы БРСМ, і абнаўлення аргтэхнікі. Гэтую работу варта скон­чыць да канца года. А яшчэ на месцах трэба стварыць лакацыі для мола­дзі, пляцоўкі, крэатыўныя зоны, каб ёй можна было годна право­дзіць свой адпачынак, а не туляцца па вуліцах і пад’ездах.

Кацярына Пятруцкая, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, расказала членам калегіі пра тую работу, якая праведзена па выкананні рашэнняў папярэдняга пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі па гэтым пытанні.

 —  Сёння мы павінны ўсведамляць, што Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — гэта наша правая рука ў выхаванні пад­растаючага пакалення, выхаванні сапраўднага грамадзяніна і патрыёта, — адзначыла Кацярына Аляксандраўна. — Аднак пакуль не заўсёды гэтая рука ў нас рабочая. Нам трэба пера­стаць саперні­чаць з мала­дзёжнымі аб’яднаннямі, гнацца за колькасцю мерапрыемстваў, трэба наогул пазбавіцца дубліруючых і эпізадычных мерапрыемстваў. Прыйшоў час скразных праектаў для розных катэгорый дзяцей і мола­дзі, якія асацыіраваліся б з БРСМ.

Кацярына Пятруцкая спынілася на важнасці і актуальнасці праекта “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма”. Па яе словах, неабходна забяспе­чыць пераемнасць у ланцужку “акцябронак — піянер — член БРСМ”.

— Як можа выхаваць акцяб­ронка настаўніца пачатковых класаў, якая сама не была акцябронкам? — паставіла пытанне прысутным Кацярына Аляксанд­раўна. — Вось тут маладзёжныя лідары павінны прыйсці на дапамогу. Думаю, нам патрэбен курс павышэння кваліфікацыі для класных кіраўнікоў, кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, штатных супрацоўнікаў БРСМ.

Фактам, з якім неабходна лічыцца, назваў актуальную колькасць членаў БРСМ першы сакратар Цэнтральнага камітэта гэтага грамадскага аб’яднання Аляксандр Лук’янаў — гэта звыш 421 тысячы чалавек.

— У нас складзены цыклаграмы мерапрыемстваў на цэлы год, і кожны піянер ці актывіст БРСМ ведае, чым, якім праектам ён зай­маецца ў пэўны адрэзак часу, — сказаў Аляксандр Сяргеевіч. — Флагман нашай дзейнасці — студатрадаўскі рух. У мінулым годзе з рук кіраўніка дзяржавы ўзна­гароду атрымаў студатрад “Дойлід”, сфарміраваны на базе Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Лепшым наймальнікам стаў Мінскі аўтазавод, які працаўладкаваў звыш 800 маладых людзей. Байцы студ­атрада з натхненнем прыступа­юць да работы на чарговай Усебеларускай будоўлі — узвя­дзенні Нацыянальнага гістарычнага музея і парку Народнага адзінства. А яшчэ ў Мінску на базе аднаго з кінатэатраў будзе адкрыты Дом мол­адзі.

Маладзёжныя лідары Віцебшчыны ведаюць праблемных падлеткаў у твар, ведаюць іх інтарэсы, таму і выпрацоўваецца дакладная індывідуальная канцэпцыя работы з такой катэгорыяй моладзі. Добра наладжана ў гэтым плане працоўная і другасная занятасць падлеткаў, у тым ліку ў студатрадах. Пад кіраўніцтвам камандзіраў і камісараў студатрадаў праз некаторы час праблемныя падлеткі выпраўляюць свае паводзіны і знімаюцца з уліку, нават уваходзяць у склад маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, паступаюць ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Такі вопыт работы з моладдзю, па словах Жанны Віктараўны Нарыцынай, першага сакратара Віцебскага абкама БРСМ, можна браць на ўзбраенне калегам.

Пазітыўным вопытам работы з маладымі спецыялістамі ва ўзаема­дзеянні з тэрытарыяльнымі камітэтамі БРСМ падзялілася намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Булачна-кандытарская кампанія “Дамачай” Вера Багайчук. Даспадобы моладзі акцыя “Мы выбіраем — дапамагаць” па рабоце з адзінокімі людзьмі, сустрэчы з заслужанымі грамадзянамі Магілёўшчыны, праекты па адаптацыі маладых спецыялістаў на першым працоўным месцы.

— Магчыма, будучыня — за штучным інтэлектам, — пад­агульніла Вера Уладзіміраўна, — але хлеб заўсёды пяклі рукі чалавека. І хто гэта будзе, мне здаецца, зале­жыць ад нас з вамі.

Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара