Сумесная творчасць умацоўвае сям’ю

- 10:18Адукацыйная прастора

Адшумелі навагоднія і калядныя святы. Але іх чароўная атмасфера адчуваецца яшчэ ў многіх навучальных установах. Нядаўна ў Відамлянскай сярэдняй школе Камянецкага раёна падвялі вынікі выставы “Услаўляем Каляды”.

— У кожную выставачную работу ўкладзены частка душы і сэрца дзіцяці, яго бязмежная фантазія, таму ўсе вырабы пакарылі шчырасцю, душэўнасцю і цеплынёй, — расказала дырэктар школы Т.Б.Страпко. — Са звычайных матэрыялаў атрымаліся сапраўдныя творы мастацтва! Тут і навагоднія ёлачкі з макаронных вырабаў, паперы, бісеру, нітак, ваты, шышак, гірлянд і саломкі, снегавікі з гароху і грэчкі, і сняжынкі-балярынкі з рознакаляровых сталовых сурвэтак, і зайчыкі са шкарлупіны грэцкіх арэхаў, і шмат іншых цікавых вырабаў. Колькі спатрэбілася цярпення, уседлівасці, акуратнасці і творчага майстэрства, каб уласнай працай падарыць радасць і дарослым, і дзецям!
Ульяна Антончык паказала снегавікоў на калядным балі, Кацярына Хвесік зрабіла калядны вянок, Ганна Шылавец — снегавіка, Юльяна Шакайла — калядныя зоркі, Кіра Дзмітрук — бісерны цуд. Настаўнікам было надзвычай прыемна, што школьныя суботы, падчас якіх праводзіліся майстар-класы педагогаў і бацькоў і актыўна працавала майстэрня Дзеда Мароза, натхнілі дзяцей на стварэнне цудоўнай выставы і раскрылі таленты многіх хлопчыкаў і дзяўчынак.
Работы ацэньвала журы з ліку настаўнікаў і членаў вучнёўскага самакіравання. Падчас салодкага стала дзеці расказвалі, як ішла работа над вырабамі, хто дапамагаў, падказваў, раіў. Памочнікамі выступалі, як правіла, мамы, таты, бабулі і дзядулі. Так, Данііл Турыч расказаў, як разам з дзядулем майстраваў тулава для сняжынак-балярынак, а мама шыла ім сукенкі. Дар’я Русецкая прызналася, што кошык з гафрыраванай паперы ёй дапамагала рабіць мама. Хрысціна Жыдок захоплена гаварыла, як на вырабленую ёлачку пайшоў цэлы кошык шышак. А вось першакласніца Настасся Гацук будавала домік Дзеда Мароза ўсёй сям’ёй: тата выпілоўваў будынак з пенапласту, дзяўчынка з сястрой размалёўвалі яго, а мама афармляла кампазіцыю. Асаблівы інтарэс выклікаў вясёлы снегавік, зроблены Уладзіславам і Яўгенам Абламскімі. Для яго вырабу спатрэбілася 250 аднаразовых пластыкавых шкляначак, якія збіраліся на працягу года. 6 дзён хлопчыкі разам з мамай натхнёна працавалі над снегавіком.
— Радуе, што бацькі падтрымліваюць дзяцей, а дзеці цэняць і даражаць гэтай падтрымкай, — адзначыла Т.Б.Страпко. — Сумесная творчасць у любой справе ўмацоўвае сям’ю і стварае сямейныя традыцыі. Упэўнена, што гэтыя работы будуць захоўвацца ў сем’ях шмат гадоў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.