Сумесны будаўніча-праектны інстытут Беларусі і Кітая будзе прэзентаваны ў студзені 2018 года

- 10:49Інфармацыйная гадзіна

Такая дамоўленасць была дасягнута на сустрэчы намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі Анатоля Калініна з генпрадстаўніком прадстаўніцтва Чайна Мерчанц Груп у Цэнтральнай Азіі і краінах Балтыйскага рэгіёна, членам савета дырэктараў Чайна Мерчанц Груп, галоўным выканаўчым дырэктарам СЗАТ “Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка” Ху Чжэнам, паведамілі ў прэс-службе ўрада.

“У ходзе сустрэчы былі выпрацаваны канкрэтныя рашэнні па завяршэнні стварэння сумеснага будаўніча-праектнага інстытута, які павінен стаць найбольш інавацыйнай праектнай арганізацыяй у краіне. Бакі дамовіліся правесці прэзентацыю інстытута патэнцыяльным заказчыкам у студзені 2018 года”, — расказалі ў прэс-службе.

Анатоль Калінін і Ху Чжэн абмеркавалі таксама актуальныя пытанні развіцця Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”. Было адзначана, што ў 2017 годзе зроблены вялікі крок у практычнай рэалізацыі гэтага стратэгічнага праекта. Практычна завершана будаўніцтва аб’ектаў інфраструктуры тэрыторыі першачарговага этапу асваення парка. Уведзены ў эксплуатацыю адміністрацыйны комплекс і вытворчы корпус СЗАТ “Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка”, першая і другая чэргі лагістычнага субпарка ЗАТ Чайна Мерчанц СіЭй чЭн-БіЭлАр камерцыйная і лагістычная кампанія (тры лагістычныя склады, кацельня, кантэйнерны тэрмінал і бізнес-цэнтр з гасцініцай). На завяршальнай стадыі знаходзіцца будаўніцтва выставачнага цэнтра, які плануецца ўвесці ў эксплуатацыю да канца года. Таксама ўзводзяцца аб’екты вытворчага прызначэння кампаній Чэнду Сіньджу “Шаўковы шлях развіцця” (вытворчасць суперкандэнсатараў) і “Рухтэх” (вытворчасць лазернага абсталявання), пажарнага дэпо, іншых аб’ектаў інжынерна-транспартнай інфраструктуры.