Беларусь і Куба плануюць рэалізаваць сумесныя праекты ў галіне ІТ, біямедыцыны і сельскай гаспадаркі, паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях (ДКНТ).
“Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці Беларусі і Кубінскае ведамства па прамысловай уласнасці падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні. Цырымонія падпісання адбылася ў час сустрэчы кубінскай дэлегацыі са старшынёй ДКНТ Аляксандрам Шуміліным. Бакі абмеркавалі пытанні рэалізацыі сумесных беларуска-кубінскіх праектаў. У прыватнасці, у галіне біямедыцыны і фармацыі, сельскай гаспадаркі, ІТ-сферы”, — растлумачылі ў ДКНТ.
Подпісы пад дакументам паставілі генеральны дырэктар НЦІУ Пётр Броўкін і намеснік міністра навукі, тэхналогій і прыродных рэсурсаў Кубы Даніла Алонса Медэрас. Згодна з дакументам, бакі плануюць развіваць супрацоўніцтва ў галіне абмену тэхналагічнай інфармацыяй для эканамічнага развіцця, а таксама выконваць сумесныя праекты, накіраваныя на выкарыстанне інструментаў прамысловай уласнасці.
Праграмай візіту кубінскай дэлегацыі прадугледжваюцца таксама сустрэчы і перагаворы ў НАН Беларусі, Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, ПВТ, Мінскім гарадскім тэхнапарку і тэхнапарку “Палітэхнік”.
Кубінскае ведамства па прамысловай уласнасці з’яўляецца дзяржаўным органам, падпарадкаваным Міністэрству навукі, тэхналогій і навакольнага асяроддзя Кубы, чыя функцыя заключаецца ў прадастаўленні і рэгістрацыі выключных правоў на прамысловую ўласнасць, устанаўленні прававога рэжыму і палітыкі ў гэтых адносінах, пашырэнні, развіцці і кантролі гэтай дзейнасці, а таксама прадастаўленні іншых спецыялізаваных паслуг у гэтай галіне.