Сумна нікому не будзе! Чым зарэкамендаваў сябе сярод бацькоў і выхаванцаў аздараўленчы лагер «Ювента»

- 12:16Новости

Абласны дзіцячы аздараўленчы лагер “Ювента”, што ў Івацэвіцкім раёне, працуе ўсяго трэці год, але ўжо добра зарэкамендаваў сябе сярод бацькоў і выхаванцаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Летнік знаходзіцца ў аграгарадку Быцень за 27 км ад райцэнтра і размяшчаецца ў будынку былога дзіцячага дома, прыстасаваным пад новы статус. Кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсц­кага аблвыканкама, у ведамасным падпарадкаванні якога знаходзіцца ўстанова, стварыла з педагогамі і абслуговым персаналам належныя ўмовы для паўнацэннага адпачынку і аздараўлення дзяцей з розных раёнаў вобласці і не толькі.

— Лагер разлічаны на 5 змен па 120 чалавек у кожнай, — расказвае яго дырэктар Вольга Пешка. — Выхаванцы пражываюць у двухпавярховых цагляных карпусах. Акрамя памяшканняў для работы аб’яднанняў па інтарэсах і пляцоўкі для культурна-масавых мерапрыемстваў, абсталяваны фізкультурна-спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі: дзеці ўдзельнічаюць у цікавых турнірах, конкурсах, віктарынах, рухавых гульнях, эстафетах… Усё гэта ў сукупнасці з вельмі маляўнічымі мясцінамі і збалансаваным харчаваннем дае адчувальны аздараўленчы эфект. Магчыма, у будучыні летнік стане круглагадовым.

Кіраўніку лагера ўдалося падабраць эфектыўную каманду вопытных педагогаў-аднадумцаў на чале са старшым выхавальнікам Кацярынай Шышук. Вялікую дапамогу ў рабоце ім аказваюць педагагічныя і сэрвісныя атрады, сфарміраваныя з ліку студэнтаў БрДУ імя А.С.Пушкіна і ПалесДУ.

— Вельмі важна, што нашы выхавальнікі ўмеюць знайсці падыход не толькі да дзяцей, але і да іх бацькоў, — заўважае Вольга Пешка.

Кацярына Шышук прыехала ў “Ювенту” з Брэста, дзе працуе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў сярэдняй школе № 24. У аздараўленчым лагеры педагог ніколі не адпачывала і не працавала, але тут ужо другі раз, прычым разам з сынам. Усе задаволены.

Выхавальнікі імкнуцца зра­біць адпачынак дзяцей максімальна цікавым і насычаным. Тэматыка і змест профільных змен (“Беларусь на тваёй далоньцы, ці У гасцях у лета”, “Вайна і мір”, “Легенды і міфы роднага краю”, “Сцяжына здароўя” і “Свет і я”) даволі разнастайныя.

— Больш за ўсё дзецям падабаюцца мерапрыемствы, якія яны рыхтуюць самі, — гаво­рыць Кацярына Шышук. — Тэматычныя дні прапаноўваюць забавы на любы густ: інтэлектуальныя квізы, інсцэніроўкі нацыянальных абрадаў і традыцый, прафарыентацыйныя гульні, краязнаўчыя віктарыны, экскурсіі ў музеі і вайсковыя часці, творчыя конкурсы… Карыстаюцца папулярнасцю ў хлопчыкаў і дзяўчынак аб’яднанні па інтарэсах, дзе яны займаюцца тэатральнымі пастаноўкамі, рукадзеллем, выяўленчым мастацтвам…

Летась трэцякурсніца факультэта арганізацыі здаровага ладу жыцця ПалесДУ Лізавета Бабіч працавала ў “Ювенце” тры змены з чатырох, а сёлета плануе адужаць усе змены. Сядзець без справы не ў характары дзяўчыны, якая лічыць работу ў летніку актыўным адпачынкам.

— Адправіцца ў лагер мне прапанавалі ва ўніверсітэцкім штабе працоўных спраў, — адзначае камандзір педагагічнага студатрада “Усмешка” імя Зоі Космадзям’янскай. — Пагадзілася не задумваючыся, бо вельмі люблю дзяцей, з якімі хутка знаходжу агульную мову. Пры індывідуальным падыходзе гэта зусім не цяжка.

Лізавета Бабіч з дзяцінства захапляецца лёгкай атлетыкай і ўмее зацікавіць спортам выхаванцаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі веда­юць, што з ёй сумна ніколі не будзе, а кіраўніцтва лагера можа паспадзявацца на студэнцкага камандзіра ва ўсім. Дастаткова паглядзець, як гараць вочы дзяўчыны, каб зразумець: чалавек на сваім месцы!

Шасцікласніца Караліна Царук з сярэдняй школы № 4 Брэста адпачывала летась у іншым лагеры, а сёлета вырашыла пабываць у “Ювенце”.

— Тут цікавей, — прызнаецца дзяўчынка. — Больш розных забаў і сяброў. Асабліва мне падабаюцца танцы і экскурсіі. Кормяць смачна. Наступным летам хацелася б зноў прыехаць сюды.

А вось дзевяцікласнік Максім Багдановіч з брэсцкай гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жу­кава адпачывае ў загарадных летніках яшчэ з пачатковай школы. Да “Ювенты”, куды юнак прыехаў упершыню, ён пабываў у “Арляняці” на Кобрыншчыне і ў “Бярозцы”, што на Бярозаўшчыне.

— Паехаць сюды прапанаваў сябар, а яму — яго сяброўка, — усміхаецца Максім. — Вельмі парадавала, што адзін з выхавальнікаў захапляецца футболам, як і я. Лагерная змена падарыла мне новыя знаёмствы і разнастайны адпачынак, у якім больш за ўсё падабаюцца кон­курсы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара