Сумныя ўспаміны — светлыя спадзяванні

- 16:10Родная земля

Як вядома, значная частка вялізнага радыеактыўнага воблака, што 25 гадоў таму назад узнялося ў неба над Чарнобылем, бязгучна і непрыкметна апусцілася на беларускую зямлю. 
З таго моманту жыццё для жыхароў многіх раёнаў нашай краіны падзялілася на два этапы: да 26 красавіка 1986-га і пасля яго. Гавораць, што час лечыць, аднак беларуская чарнобыльская рана не загаілася і за чвэрць стагоддзя. Выселеныя і пахаваныя вёскі, закрытая для вольнага наведвання зона, людскія ўспаміны, ад якіх наварочваюцца слёзы, — гэта наша рэальнасць. Аднак не ўсё так змрочна. На забруджанай зямлі віруе жыццё з яго радасцямі і няўдачамі, з дзіцячымі галасамі і аповедамі старых жыхароў. Людзі будуюць, нараджаюць, выхоўваюць, спадзяюцца і, канечне, вераць. Як жывуць і ў што вераць? Пра гэта паспрабуем даведацца ў жыхароў Чэрыкаўскага раёна.

Утульны горад

У першыя хвіліны наведвання Чэрыкава зусім не скажаш, што чарнобыльская трагедыя закранула гэты невялікі ўтульны горад. Добраўпарадкаваныя вуліцы, размеранае, няспешнае жыццё… Такая ж атмасфера пануе і ў чыстым Шчучыне, Кобрыне, Глыбокім. Аднак велічны і крыху змрочны мемарыял, што знаходзіцца ў цэнтры горада каля возера побач з маладымі бярозамі, нагадвае пра чарнобыльскую рану. 25 чорных мармуровых пліт з інфармацыяй пра выселеныя вёскі прымушаюць спыніцца, задумацца пра лёс гэтай зямлі. Думаць, канечне, можна бясконца, асабліва гасцям раёна, а вось клапаціцца пра будучыню Чэрыкаўшчыны давядзецца яе сённяшнім навучэнцам. Гэта цудоўна ўсведамляюць мясцовыя педагогі, таму выхаванне будучых гаспадароў чэрыкаўскага краю пачынаецца ўжо з малодшых класаў. Асноўная мэта такой работы — сфарміраваць у дзяцей настолькі моцнае пачуццё любові да роднай зямлі, якое б дазволіла ім пасля заканчэння сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў вярнуцца на малую радзіму. Прыедзе моладзь — лёс Чэрыкаўшчыны будзе шчаслівым.
Каб сфарміраваць такое пачуццё ў дзяцей, іх у першую чаргу неабходна пазнаёміць з мінулым роднага краю. Менавіта на гэтым робіцца акцэнт у выхаваўчай рабоце ва ўстановах адукацыі, у прыватнасці сярэдняй школе № 1 Чэрыкава, цэнтры дзіцячага і юнацкага турызму, краязнаўства і экскурсій і Майскім ВПК “яслі-сад — сярэдняя школа”.

Вепрынскія яблыкі

Наш народ справядліва гаворыць, што бяду, якая здарылася, ужо не абыдзеш, не абмінеш. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС многім жыхарам Чэрыкаўскага раёна давялося развітацца з роднымі мясцінамі і наладжваць жыццё ў іншых населеных пунктах. Хтосьці пераехаў у незабруджаныя раёны Беларусі, хтосьці перасяліўся ў Чэрыкаў ці суседнюю вёску, а нехта не здолеў развітацца з зямлёй, дзе пахаваны дзяды і прадзеды, і застаўся жыць у выселенай зоне. Для настаўніка гісторыі чэрыкаўскай сярэдняй школы № 1 Васіля Сцяфанавіча Максіменкі з вёскай Вепрын (калісьці самай вялікай у раёне, пахаванай у 1999 годзе) звязаны самыя цёплыя ўспаміны. Вяскоўцы і вучні, сцяжыны, па якіх кожны дзень крочыў на працу, і цяпер узгадваюцца Васілю Сцяфанавічу. Гэтыя вобразы нельга так проста забыць, таму настаўнік часцяком, асабліва ўлетку, наведваецца ў тыя мясціны, дзе калісьці гучалі дзіцячыя галасы. Вобразы цяпер ужо далёкага, нібыта ў сне, вясковага жыцця Васіль Сцяфанавіч вырашыў увасобіць у музейнай экспазіцыі. Разам са сваімі вучнямі ён сабраў вялікую колькасць прадметаў побыту вяскоўцаў і стварыў адзін з самых багатых у краіне школьных этнаграфічных музеяў. Яго экспанаты з’яўляюцца на сённяшні час адзіным матэрыяльным сведчаннем пра зніклыя вёскі. З вялікай колькасці музейных прадметаў хочацца вылучыць усяго некалькі, найбольш каштоўных для настаўніка. Гэта старая ікона з пахаванай у 1993 годзе вёскі Дубраўка, дзіцячая калыска (зыбка) з малой радзімы Васіля Сцяфанавіча вёскі Вётухна Касцюковіцкага раёна (таксама выселенай і пахаванай) і бандарныя вырабы, якія некалі стварыў вядомы ў наваколлі майстар Сцяфан Макаравіч, бацька Васіля Сцяфанавіча.
На думку настаўніка гісторыі, кожны музейны прадмет можна ўдала выкарыстаць падчас экскурсіі. Напрыклад, апавядаючы пра шырока распаўсюджаную біклагу, можна паведаміць і пра чароўнасць тых мясцін, якія некалі разам са сваім гаспадаром нібыта бачыў гэты бандарны выраб: лугі на ўскрайку лесу, дзе ў пару касавіцы роснай раніцай у высокай траве іскрацца праменьчыкі сонца.
Вопыту ў музейнай справе Васіль Сцяфанавіч набіраўся падчас працы ў Вепрынскай школе, дзе разам з калегамі, вучнямі і іх бацькамі стварыў этнаграфічны музей. Яго адкрыццё, што адбылося 9 мая 1985 года, стала святам раённага маштабу. Аднак лёс музея быў незайздросным. У 1993 годзе Вепрын выселілі. У тыя дні Васіль Сцяфанавіч проста не мог не прыехаць у вёску, дзе жылі яго калегі, былыя вучні. Тады і былі перавезены ў чэрыкаўскую школу многія экспанаты вепрынскага музея. Збаны, біклагі, прылады працы — адзінае, што, акрамя людской памяці, засталося ад некалі вялікай вёскі.
Цяпер настаўнік разам з вучнямі Аляксандрам Жмакіным, Васілём Сцефаненкам, Арцёмам Дударавым, Арцёмам Маёравым працуюць над складаннем летапісу пахаваных вёсак раёна. Ужо сабрана і сістэматызавана інфармацыя пра Вепрын. Асобны раздзел, напісаны на аснове ўспамінаў мясцовых жыхароў, прысвечаны чарнобыльскаму перыяду гісторыі вёскі.
— Пасля аварыі лёс раскідаў вяскоўцаў па розных куточках краіны. Гэта, канечне, трагедыя. Але людзям па-ранейшаму сняцца родныя, самыя дарагія мясціны, суседзі, з якімі дзяліліся радасцямі і няўдачамі. Менавіта пра гэта нам з болем расказвалі жыхары Вепрына Вера Аляксееўна Сіўцова, Ксенія Савельеўна Круглікава, Зінаіда Еўдакімаўна Каваленка, Кацярына Іванаўна Сепселева, Васіль Мікалаевіч Нікіфарэнка, Аляксандр Іванавіч Кашталанаў, а таксама Лідзія Цітаўна і Барыс Аляксандравіч Якубавы з Ушакоў і апошні жыхар гэтай вёскі Юрый Данілавіч Карнеенка. Мы вырашылі скласці гісторыю адселеных вёсак раёна, каб наша памяць не зарасла чарнобыльскім палынам, каб людзі памяталі пра малую радзіму, а пакаленне чэрыкаўчан, што нарадзілася пасля 1986-га, ведала: некалі ў маляўнічых мясцінах прысожскага краю стаялі прыгожыя вёскі, у якіх жылі працавітыя людзі, — сказаў Васіль Сцяфанавіч.
У вучнёўскай рабоце адзначана, што вёска Вепрын была калісьці самай вялікай і заможнай у раёне. Урадлівая глеба, рэчка, пералескі здаўна прываблівалі людзей. На момант высялення тут пражывала 386 сем’яў, 1028 чалавек. За лічаныя гадзіны вёска абязлюднела, амаль усе яе жыхары былі пераселены ў Разанцы суседняга Мсціслаўскага раёна. Толькі 13 сем’яў не захацелі нікуды з’язджаць, хаця і яны з часам пакінулі Вепрын. Апошняя трагічная старонка летапісу населенага пункта была перагорнута пасля таго, як бульдозеры закапалі драўляныя дамы… Цяпер пра тое, што ў маляўнічым месцы некалі знаходзіліся сядзібы, нагадваюць толькі асірацелыя яблыні і грушы. Кожную вясну на іх галінах з’яўляюцца тысячы бялюткіх пялёсткаў, а ўвосень галіны літаральна ломяцца ад вялікай колькасці яблыкаў і груш. На жаль, есці іх нельга, бо забруджанасць зямлі ў гэтым месцы цэзіем-137 складае больш за 40 ku/км2. Шкада, бо, гавораць, вепрынскія яблыкі самыя смачныя ў раёне.

Жывыя вёскі

Для мясцовых жыхароў выселеныя вёскі па-ранейшаму з’яўляюцца жывымі. У гэтым мне давялося пераканацца некалькі разоў. Першы раз каля мемарыяла, калі разам з вучнямі чэрыкаўскай сярэдняй школы № 2 слухаў аповед метадыста Чэрыкаўскага цэнтра дзіцячага і юнацкага турызму, краязнаўства і экскурсій Наталлі Іванаўны Ісаевай. Жанчына настолькі цёпла і шчыра расказвала пра родныя Ушакі, што здавалася, там па-ранейшаму жывуць людзі, а калі завітаць у госці да вяскоўцаў, то яны сустрэнуць цябе як самага дарагога госця. На самой жа справе вёска пахавана ў 1999 годзе.
— Мы з вамі знаходзімся каля мемарыяла, створанага да 20-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС у памяць пра пахаваныя вёскі. На кожнай з 25 чорных пліт размешчана інфармацыя пра асобны населены пункт. Першапачаткова планавалася адсяліць 27 вёсак, аднак Зоры і Вохар былі рэабілітаваны. Вось пліта з інфармацыяй пра Ушакі. Тут прайшло маё дзяцінства, жылі дзядуля і бабуля, нарадзіўся бацька. Калісьці там было 136 дамоў, пражывала 132 сям’і, цяпер застаўся толькі адзін жыхар. Вёска была вялікая, дружная, славілася не толькі працавітымі людзьмі, але і ансамблем, удзельнікі якога выступалі з канцэртамі ў раёне. Цяпер на месцы вёскі засталіся толькі могілкі, куды на Радаўніцу з’язджаюцца ўшакоўцы. У гэты момант вёска нібыта ажывае, — расказвала Наталля Іванаўна.
У тым, што для чэрыкаўчан выселеныя вёскі па-ранейшаму жывыя, другі раз пераканаўся па дарозе ў пасёлак Майскі, калі разам з галоўным спецыялістам аддзела адукацыі Чэрыкаўскага райвыканкама Таццянай Аляксееўнай Кузняцовай праязджалі праз месца, дзе некалі стаялі вепрынскія сядзібы. Мяне здзівіла, што жанчына гаварыла пра вёску не ў мінулым, а цяперашнім часе, нібыта людзей нікуды не высялялі, а бульдозеры не закопвалі ў 1999 годзе драўляныя дамы. “Гэта Дом культуры, вось будынак школы, а там сельсавет”… Дзіўна ўсё гэта чуць, асабліва калі за акном машыны цягнецца сумны краявід: поле з сухой мінулагодняй травой і адзінокімі дрэвамі. Такая ж невясёлая карціна і на месцы Чудзянаў, Малінаўкі…
Хоць забруджанасць на гэтай зямлі вялікая, мы не маглі не спыніцца на ўзбочыне дарогі каля памятнага знака — вялізнага валуна, дзе на шыльдзе пазначана: “На гэтым месцы знаходзілася вёска Чудзяны. Колькасць сем’яў 137. Жыхароў 323. Пахавана ў 1999 годзе”. Адразу ўразіла цішыня. Прычым гэта была не тая цішыня, што пануе на бязлюдным полі, а цішыня, якая напаўняе вясковыя вуліцы летнім днём, калі людзі працуюць на полі. Здаецца, што ўвечары тут зноў пачуецца людская гаворка. Аднак гэтага не будзе, ужо ніколі…
Знаходзіцца ў закрытай зоне, няхай і проста на ўзбочыне дарогі, усё ж небяспечна. Таму людзям, якія захочуць свабодна наведаць такія мясціны, варта памятаць, што рабіць гэта дазваляецца звычайна толькі на Радаўніцу. У астатні ж час неабходна атрымаць спецыяльны дазвол у Адміністрацыі зон адчужэння і адсялення. Падчас знаходжання ў закрытай зоне неабходна прытрымлівацца мер індывідуальнай бяспекі: старацца не дыхаць радыеактыўным пылам, пасля вяртання ў чыстую зону памыць адзенне і адкрытыя ўчасткі цела.
Трэці раз гаворку пра закапаныя вясковыя дамы не ў мінулым, а цяперашнім часе я пачуў ад дырэктара Майскага ВПК “яслі-сад — сярэдняя школа” Любові Сцяпанаўны Свечнікавай і педагога-арганізатара гэтай установы адукацыі Таццяны Іванаўны Арцюшэўскай.
— Самыя цяжкія ўспаміны звязаны з тым момантам, калі закопвалі вёскі. Гэты час я добра памятаю і цяпер. Асабліва ўразілі паводзіны майго дзядулі, якому быў 81 год. Яго дом руйнуе бульдозер, а ён падвязвае пахіленую жардзіну агароджы, якую праз некалькі хвілін павінны знішчыць. Хоць Чарнобыль і раскінуў нас па ўсім свеце, аднак на Радаўніцу мы ўсе збіраемся на могілках, узгадваем вясковае жыццё. Потым ідзём у Малінаўку да сваіх дамоў, — сказала Таццяна Іванаўна.

Шчырая вера

Як і ў чэрыкаўскай сярэдняй школе № 1, памяць пра выселеныя вёскі ў Майскім вучэбна-педагагічным комплексе захоўвае этнаграфічны музей, які, праўда, па колькасці экспанатаў не такі вялікі (усяго 101 музейны прадмет).
Аднак кожны экспанат каштоўны, бо гэта памяць пра зніклыя вёскі. Арыгінальна аформлена і экспазіцыя невялікага музейнага пакоя. На сцяне намаляваны вокны, за якімі мілы сэрцу кожнага беларуса вясковы краявід: сядзібы, а ўдалечыні — поле з раллёй. Для настаўнікаў, што нарадзіліся і выраслі ў выселеных вёсках, наведванне музея з’яўляецца незвычайным падарожжам у часы таго далёкага жыцця, якога не вернеш, якое засталося толькі ў памяці.
— Стварэнне музея пачалося пасля таго, як нас перасялілі ў пасёлак. Настаўнікі разумелі: калі не сабраць рэчы, якімі карысталіся нашы продкі, то хутка ад выселеных вёсак нічога не застанецца. Былыя аднавяскоўцы ахвотна адгукнуліся на нашу просьбу і прыносілі ў музей і прадметы побыту, і прылады працы. Акрамя збору экспанатаў, мы запісваем і ўспаміны людзей, якія перажылі трагічныя дні. Цяпер у рамках 25-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС у школе праводзіцца акцыя “Як я памятаю гэты дзень”. Канечне, для вучняў складана ў ёй удзельнічаць, паколькі не кожны чалавек захоча дзяліцца ўспамінамі пра трагічныя моманты свайго жыцця. Сярод навучэнцаў пачатковых класаў праводзіцца конкурс малюнкаў, а вось вучням старшых класаў прапанавана напісаць сачыненні-разважанні, — сказала Любоў Сцяпанаўна Свечнікава.
На развітанне дырэктар прапанавала прачытаць сачыненне пад назвай “Я веру!”. Вось некаторыя вытрымкі з вучнёўскай работы, якая дакладна характарызуе адносіны да чарнобыльскай трагедыі жыхароў Чэрыкаўскага раёна, якія нарадзіліся пасля 1986-га: “Я часта бачу слёзы сваёй матулі, калі мы праязджаем праз Малінаўку. Калі на Радаўніцу разам едзем на могілкі ў вёску Чудзяны, то ўсе людзі ідуць да сваіх дамоў. Мне не дазваляюць есці яблыкі, што растуць на ўцалелай яблыні ў садзе майго прадзеда. Я не ведаю і не магу памятаць той дзень, які раздзяліў жыццё маіх блізкіх на “да” і “пасля”… Чорная хмара накрыла ўсіх нас. Але я веру, што некалі цёплы вецер аднясе за сабой гэтую хмару, неба стане блакітным, у ім будзе адлюстроўвацца чыстая і здаровая зямля. Я шчыра ў гэта веру!”

Жыццё працягваецца

Як і чакалася, камандзіроўка ў Чэрыкаўскі раён не стала вясёлым падарожжам. Чорныя пліты мемарыяльнага комплексу, журботны выгляд месцаў, дзе пахаваны вёскі, ды і ўспаміны настаўнікаў, якія вымушаны былі стаць бежанцамі ў мірны час, не настройвалі на вясёлы лад. Аднак нельга сказаць, што жыццё на зямлі, няхай і забруджанай радыенуклідамі, сумнае і змрочнае. Жыхары Чэрыкаўскага раёна вельмі любяць малую радзіму, намагаюцца зрабіць яе прыгожай. Пацвярджэннем таму з’яўляецца дзейнасць майскіх настаўнікаў, а менавіта перамога ў 2009 годзе калектыву Майскага вучэбна-педагагічнага комплексу ў раённым конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне тэрыторыі ўстановы адукацыі. А сам аграгарадок Майскі сёлета заняў першае месца на падобным рэспубліканскім конкурсе, што праводзіўся сярод сельскіх населеных пунктаў. А некалі ж, калі людзей толькі перасялілі ў пасёлак, тут не расло ніводнага дрэўца. Цяпер, дзякуючы руплівым гаспадарам, гэтую зямлю не пазнаць. Няхай і хворая, яна амаль ні ў чым не саступае нават самаму экалагічна чыстаму краю.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.