Супраць насілля

- 11:06Інфармацыйная гадзіна

Дом і бяспека — паняцці, якія звычайна ў свядомасці людзей калі не з’яўляюцца сінонімамі, то стаяць побач. Але ў рэальнасці гэтая сувязь нярэдка разрываецца, у тым ліку для самых маленькіх грамадзян. І вінаватыя ў тым, што гэта здараецца, дарослыя. Процістаянне розным відам насілля, у тым ліку дамашняму насіллю, — адна з самых надзённых задач не толькі ў Беларусі, праблема актуальная для ўсяго свету.

— У цэлым у нашым грамадстве склалася дружалюбная атмасфера ў адносінах да дзяцей, — лічыць начальнік упраўлення прафілактыкі Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Рэспублікі Беларусь Алег Георгіевіч Каразей. — Але гэта ні ў якім выпадку не гаворыць аб тым, што нам не трэба нічога мяняць ні ў заканадаўстве, ні ў падыходах да работы па процідзеянні насіллю.
У мінулым годзе ў Беларусі ў адносінах да 9256 непаўналетніх прызнана, што яны пацярпелі ад злачынстваў. Пры гэтым пераважная частка — 7667 дзяцей — з гэтай колькасці пацярпелі ад таго, што іх бацькі ўхіляліся ад выплаты сродкаў на ўтрыманне сваіх сыноў і дачок. Гэта тыя, хто або не плаціць аліменты, або не пералічвае сродкі дзяржаве.
Сярод злачынстваў, якія непасрэдна закранаюць дзяцей, вылучаюцца хуліганствы, ад якіх летась пацярпелі 334 непаўналетнія. 113 дзяцей пацярпелі ад гвалтоўных дзеянняў сексуальнага характару, 138 — у выніку палавых зносін і іншых дзеянняў сексуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту. 15 дзяцей былі забіты, 11 атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні, 21 — менш цяжкія, 11 падвяргаліся мучэнням. Канечне, аналізуючы ўсе гэтыя лічбы і прыклады, неабходна памятаць, што гэта толькі зарэгістраваныя даныя, частка фактаў насілля так і застаецца нявыяўленай.
— Свае далейшыя крокі ў процістаянні такім з’явам мы бачым у тым ліку і ва ўдасканаленні заканадаўства, якое накіравана на абарону ад насілля ўсіх нашых грамадзян, — падкрэсліў А.Г.Каразей. — Новая рэдакцыя Закона аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў, які прадугледжвае шэраг мер па прафілактыцы насілля ў сям’і, прынята ў 2014 годзе. Але гэта той выпадак, калі мы бачым патрэбу развіваць заканадаўчыя палажэнні, лічым неабходным выйсці на асобны закон аб папярэджанні насілля ў сям’і. У ім варта прадугледзець у тым ліку рэабілітацыю ахвяр.
Зараз жа МУС падрыхтавала праект змяненняў і дапаўненняў у Закон аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх. Прапаноўваецца не ставіць на прафілактычны ўлік непаўналетніх, якія здзейснілі правапарушэнні да 10-гадовага ўзросту, а таксама тых, хто зрабіў учынак, які не ўяўляе грамадскай небяспекі. Гэта, напрыклад, знаходжанне без флікера ў цёмны час сутак.
Каардынатар праграмнай дзейнасці па абароне правоў дзяцей прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Міхайлавіч Каранкевіч нагадвае, што насілле над дзецьмі — гэта не толькі прамое фізічнае ўздзеянне. Зараз распаўсюджана псіхалагічнае насілле ў кіберпрасторы, у сацыяльных сетках, булінг у школах (агрэсіўнае праследаванне аднаго з членаў калектыву). Дапамагчы змагацца з апошняй з’явай могуць спецыяльныя скрыні для зваротаў у школах, даступныя ўсім дзецям, лічыць прадстаўнік ЮНІСЕФ. Між іншым да наступнага лета фонд сумесна са спецыялістамі МУС, сістэмы адукацыі Беларусі закончыць даследаванне, якое тычыцца насілля ў беларускіх сем’ях. Новыя даныя дапамогуць прыняць адпаведныя меры па процідзеянні такому насіллю.
— Закон аб правах дзіцяці вызначае абавязкі дзяржавы ў адносінах да дзяцей, — нагадвае начальнік аддзела сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Маргарыта Іванаўна Мацвеенка. — У плане абароны законных правоў і інтэрэсаў дзяцей у нас ёсць усе магчымасці, у тым ліку дзякуючы рэалізацыі Дэкрэта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. І давайце ўспомнім, што ў 2016 годзе ў краіне заканчваецца рэалізацыя Нацыянальнага плана дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў на 2012—2016 гады. У ім прадугледжаны меры па інфармаванні і асвеце насельніцтва, па абароне тых, хто пацярпеў ад дамашняга насілля.
Насілле над дзіцем у сям’і або насілле на яго вачах якраз і з’яўляюцца адной з прычын уключэння ў дзеянне Дэкрэта № 18. За 2015 год у адносінах да 27 128 непаўналетніх беларусаў з 15 311 сем’яў было прызнана, што яны знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Знята з уліку ў сувязі з нармалізацыяй сітуацыі ў сям’і 16 359 дзяцей з 13 280 сем’яў. А за ўвесь перыяд рэалізацыі дэкрэта (з канца 2006 года) дапамогу атрымалі больш за 195 тысяч дзяцей.
У адносінах да тых непаўналетніх, сітуацыя ў сем’ях якіх пагоршылася, было прызнана, што ім неабходна абарона дзяржавы. У 2015 годзе такіх дзяцей аказалася 3291. Зараз у Беларусі, дарэчы, дзейнічаюць 111 аддзяленняў дзіцячых сацыяльных прытулкаў, куды можна звяртацца кругласутачна. А ў 18 сацыяльна-педагагічных цэнтрах рэалізоўваецца праект “Дом разумення”. У рамках праекта дзіцяці, што пацярпела ад насілля, не толькі аказваюць комплексную дапамогу, але і арганізоўваюць яго апытанне так, каб яно не сустрэлася са сваім крыўдзіцелем, не атрымала дадатковай псіхалагічнай траўмы.

Марына ХІДДЖАЗ.