Развіццё беларуска-кубінскіх адносін абмеркавана на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са спецыяльнымі прадстаўнікамі Фідэля Кастра.
“Лічу, на Кубе не горш ведаюць, чым у Беларусі, што ў нас заўсёды былі і застаюцца самыя добрыя, брацкія адносіны. У самыя складаныя і цяжкія часы націску на нашу краіну, на Кубу, Кубінскую рэвалюцыю мы з вамі былі разам. Мы не мелі нейкага вялікага патэнцыялу, але для нашых адносін нам хапала спаўна эканамічнай магутнасці. У нас ніколі не было закрытых тэм для супрацоўніцтва з Кубай. Так і застаецца на сённяшні дзень”, — заявіў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Фідэль Кастра ў час праведзенай некалькі гадоў назад сустрэчы зрабіў на яго незабыўнае ўражанне. “Фідэль для нас заўсёды быў увасабленнем мужнасці. І калі я даведаўся аб мэце нашай сённяшняй сустрэчы, мяне гэта крыху здзівіла, — наколькі дасведчаны гэты чалавек у праблемах, якія сёння існуюць на Кубе, і наколькі ён кампетэнтны ў навуцы. У прыватнасці, у развіцці сельскай гаспадаркі”, — адзначыў беларускі лідар.
Адной з тэм сустрэчы сталі навуковыя распрацоўкі ў сферы сельскай гаспадаркі. “Мы з вялікім задавальненнем гатовы скарыстацца вашымі навуковымі даследаваннямі ў галіне раслінаводства і жывёлагадоўлі, каб гэта працавала не толькі на Кубу, але і на Беларусь. За ўсё, што вы нам сёння скажаце, мы будзем вельмі ўдзячныя”, — сказаў прэзідэнт.
У сваю чаргу памочнік Фідэля Кастра Гільерма Льёпіс Перэс падзякаваў беларускаму боку за праяўленую дружалюбнасць і ўвагу ў час візіту, а таксама магчымасць пазнаёміцца з Беларуссю і яе народам. “Мы вынеслі адсюль самыя цёплыя і цудоўныя ўражанні, — сказаў ён. — Тыя тэмы, якія мы закранём, наш камандантэ ўзняў упершыню толькі з беларускім народам”.
Гільерма Льёпіс Перэс таксама падкрэсліў выключна дружалюбны характар беларуска-кубінскіх адносін.
Як расказаў пасля завяршэння сустрэчы віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы, беларускім селекцыянерам цікавы напрацоўкі кубінскіх вучоных па вырошчванні розных відаў маслінавых культур з высокай колькасцю бялку ў засушлівых умовах і на бедных глебах.
“Ёсць магчымасць скарыстацца генетычным патэнцыялам, напрацоўкамі селекцыянераў і ўкараняць іх у сябе, — сказаў ён. — Нас цікавіць генетычны патэнцыял шэрага раслін, у тым ліку пшаніцы. Асабліва гэта тычыцца культур з высокай колькасцю бялку, якія растуць пры засушлівым леце ў бедных глебах: гэта поўдзень Гомельшчыны, паўднёвы ўсход Брэстчыны і некаторыя цэнтральныя раёны”.
Міхаіл Русы таксама растлумачыў, чаму для такога абмену вопытам кубінскі бок выбраў менавіта Беларусь. Гэта ў першую чаргу абумоўлена эфектыўнай работай беларускіх селекцыянераў над стварэннем новых сартоў і новых відаў селекцыі. Акрамя таго, беларускі і кубінскі генетычныя банкі па прадукцыі раслінаводства даўно і паспяхова супрацоўнічаюць адзін з адным.
Тэма абмену навуковым вопытам у галіне сельскай гаспадаркі была не адзінай у час сустрэчы ў кіраўніка беларускай дзяржавы. Размова ішла і ў цэлым аб развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.