Супрацоўніцтва дзеля будучыні

- 10:43Адукацыйная прастора

Два дні прафесійных зносін з абмеркаваннем выклікаў і трэндаў адукацыі сталі проста неверагоднымі па энергетыцы для больш чым 200 педагогаў Беларусі і замежных гасцей. Усё гэта можна было ўбачыць, пачуць і адчуць на трэцяй штогадовай (не)канферэнцыі настаўнікаў Edcamp Belarus 2019 , якая прайшла ў першай палове кастрычніка ў сталічным клубе “Імагуру”.

ЕdCamp (Education Camp) — міжнародная ініцыятыва, якая нарадзілася сярод настаўнікаў ЗША і распаўсю­дзілася па ўсім свеце. На сёння больш за 1500 мерапрыемстваў у 35 краінах свету аб’ядналі 120 000 настаўнікаў і тых, хто зацікаўлены ў паляпшэнні адукацыйнага працэсу, для адкрытага абмену педагагічным вопытам, супрацоўніцтва і вырашэння агульных задач. Беларусь тры гады назад стала 26-й краінай свету, на якую распаўсюдзіўся EdCamp. Нефармальны педагагічны форум ладзіцца сумеснымі намаганнямі Мінскага хаба Global Shapers і Таварыства беларускай школы.

Сёлетні EdCamp стаў асаблівым па трох прычынах. Па-першае, ён становіцца ўсё больш папулярным сярод беларускіх настаўнікаў. Заяўкі на ўдзел падалі больш за 400 чалавек. А запрошаныя 200 педагогаў прапанавалі 80 майстар-класаў. Па-другое, спікерамі сталі не толькі гуру беларускай педагогікі, але і эксперты з Вялікабрытаніі, Польшчы, Чэхіі, Украіны і нават Японіі. І трэцяе — у гэтым годзе форум праходзіў у незвычайным фармаце.

Палова праграмы традыцыйна фарміравалася па ходзе мерапрыемства пасля вядомага “Кірмашу ідэй” (яркія хвілінныя выступленні-рэкламы настаўнікаў пра майстар-класы). Пасля такіх выступленняў адбываецца галасаванне, па выніках якога пераможцы атрымліваюць аўдыторыю і 45 хвілін для дэманстрацыі свайго вопыту. Дарэчы, на EdCamp усе могуць быць і спікерамі, і слухачамі. Можна прапанаваць сваю педагагічную ідэю, агучыць праблему і шляхі яе вырашэння зыходзячы з уласнага вопыту, правесці майстар-клас, а можна проста прагаласаваць за тое, што хочаш пачуць.

Другая палова (не)канферэнцыі — постарныя сесіі. Іх распрацоўкай займалася настаўніца біялогіі ліцэя № 1 Мінска Кацярына Скрыган, якая патлумачыла: “На ўсіх навуковых канферэнцыях, у якіх я прымала ўдзел раней, заўсёды былі постарныя сесіі, падчас якіх удзельнікі адначасова пашыралі свае прафесійныя гарызонты і кола знаёмстваў. Было прыемна бачыць, што і на наш EdCamp многія настаўнікі прывезлі постары з калейдаскопам педагагічных знаходак. Хочацца адзначыць, што постарную сесію можна шырока выкарыстоўваць у навучальных установах падчас розных мерапрыемстваў — ад педсавета і тэматычных тыдняў да навукова-практычных канферэнцый”.

У гэтым годзе тэмай канферэнцыі было супрацоўніцтва, якое лічыцца адным з чатырох асноўных навыкаў ХХІ стагоддзя, на ўсіх узроўнях адукацыйнага працэсу і паміж усімі яго ўдзельнікамі: настаўнікамі, вучнямі, баць­камі, кіраўніцтвам навучальных устаноў, прадстаўнікамі бізнес-кампаній — “Супрацоўніцтва дзеля будучыні”. Вядомы нашым чытачам прафесар Джон Хэці (аўтар аўтарытэтных даследаванняў пра ўплыў на эфектыўнасць навучання) сцвярджае, што супрацоўніцтва паміж настаўнікамі дае самы моцны эфект сярод іншых фактараў, якія працу­юць на павышэнне якасці навучання.

А работа форуму пачалася з панэльнай дыскусіі “Узаемадзеянне бізнесу і адукацыі: што, акрамя грошай?”. Адным з прыкладаў такога паспяховага ўзаемапранікнення стала праграма “Настаўнік для Беларусі”, якая сёлета была запушчана БПС-Ашчадбанкам разам з Міністэрствам адукацыі. Да ўдзелу ў праграме запрашаліся педагогі і выпускнікі педагагічных універсітэтаў з высокай матывацыяй, вялікім жаданнем развівацца самім, шукаць новыя падыходы ў навучанні дзяцей з рэгіёнаў і раскрыцці іх талентаў. Да праекта мо­гуць далучыцца любыя кампаніі-донары, якія хочуць паспрыяць развіццю якаснай адукацыі ў рэгіёнах. Ёсць спадзяванні, што гэтая праграма стане своеасаблівым інкубатарам адукацыйных праектаў.

Адным з удзельнікаў панэльнай дыскусіі стаў прадстаўнік ВТБ-Банка і ўніверсітэцкі выкладчык Міхаіл Навасёлаў, які адзначыў, што сённяшнія студэнты (учарашнія школьнікі) не ўмеюць працаваць з інфармацыяй і крытычна яе ўспры­маць. “Яны карыстаюцца не інфармацыяй, а меркаваннямі. Калі ім не падабаецца нейкае меркаванне, то яны знойдуць іншае, якое іх задаволіць”, — падзяліўся  Міхаіл Навасёлаў.

“Мы ўсе не ўмеем задаваць пытанні, бо гэта не віталася ні ў школе, ні ва ўніверсітэце. Між іншым уменне задаваць пытанні — карысны навык для кожнага з нас”, — падкрэсліла кіраўнік humаn rеsеаrсh dераrtmеnt інвестыцыйнай кампаніі (фонду) Hахus Ксенія Кручыніна.

Госцем мерапрыемства стала пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Жаклін Перкінс. Дзякуючы пасольству гэтай краіны стаў магчымым візіт у Беларусь такой зоркі сучаснай педагогікі, як Рос Морысан МакГіл. Гэта вядомы настаўнік, пісьменнік і блогер. Вядомы перш за ўсё дзякуючы свайму сайту https://www.teachertoolkit.co.uk, які рэгулярна ўваходзіць у топ-100 карысных педагагічных рэсурсаў і мае каля 10 мільёнаў чытачоў. МакГіл намініраваўся газетай The Sunday Times у 500 самых уплывовых людзей Вялікабрытаніі. Больш за 25 гадоў ён працаваў настаўнікам (быў настаўнікам года Вялікабрытаніі ў 2004 годзе) і кіраўніком у адной з самых складаных лонданскіх школ. Рос Морысан МакГіл рэгулярна выступае на міжнародных кангрэсах у Вялікабрытаніі, Канадзе, Германіі, Іспаніі і інш. краінах. З 2018 года працуе над док­тарскай дысертацыяй па педагогіцы ў Кембрыджскім універсітэце.

“Для настаўнікаў, якія не дзеляцца з калегамі сваімі ведамі, у пекле будзе спецыяльнае месца”, — пачаў з жарту сваё выступленне Рос МакГіл. Ён адзін з нямногіх англійскіх педагогаў, хто затрымаўся ў школе на 25 гадоў, бо “педагогіка — у яго ДНК”.

“У Вялікабрытаніі — 443 тысячы настаўнікаў. Кожны год у школы прыходзіць прыблізна 20—25 тысяч новых. Упершыню ў нашай краіне атрымалася так, што сышло больш педагогаў, чым прыйшло. Статыстыка сведчыць, што ў сярэднім настаўнік у школе працуе 13 гадоў. Да 40% маладых педагогаў сыходзяць у першыя пяць гадоў (боль­шасць — у першыя два–тры гады работы). Цяпер у Брытаніі 350 тысяч кваліфікаваных настаўнікаў з дыпломамі не працуюць па атрыманай прафесіі: яны або зусім не прыходзяць у школы, атрымаўшы педагагічную адукацыю, або сыходзяц­ь і мы не можам іх вярнуць”, — па­дзяліўся статыстыкай брытанскі госць.

Слухаючы яго выступленне, я пераканалася, што праблемы англійскіх педагогаў шмат у чым сугучныя з нашымі. Ім таксама даводзіцца шмат часу аддаваць на запаўненне рознага кшталту фармуляраў, змагацца з вучнямі-гультаямі, клапаціцца пра дысцыпліну падчас заняткаў. “Калі вы суст­ракаецеся са складанымі бацькамі сваіх вучняў, лепш не садзіцеся, а стойце, тады сустрэча пройдзе хутчэй”, — працягваў жартаваць Рос. “Прызнайцеся, а хто з вас любіць настаўніцкія сходы? Нікому яны не падабаюцца. Дык навошта яны нам тады патрэбны? Лепш сустрэцца з калегамі ў кавярні. А ці падабаецца вам, калі да вас на ўрок прыходзяць і яго ацэньваюць? Нешта я не назіраў падобнага ў медыцыне”, — працягваў Рос МакГіл, пералічваючы прычыны, па якіх не зат­рымліваюцца ў педагагічнай прафесіі.

 Апошнія два гады Рос Морысан МакГіл падарожнічае, сустракаецца з калегамі, дзеліцца ідэямі. “Я не ведаю ўсе адказы — проста спрабую іх знайсці, і гэта робіць мяне ўплывовым чалавекам. Мая вялікая аўдыторыя дае  магчымасць праводзіць апытанні і даследаванні, каб скласці пэўную карціну пэўнай з’явы. Напрыклад, настаўнікі з усіх краін скардзяцца на вялікую колькасць справаздач і электронных лістоў, на якія ім даводзіцца адказваць. Для нашай краіны галоўнымі прычынамі сыходу з’яўляюцца высокая нагрузка, ціск з боку ўпраўлення стандартаў (кантралюючы орган у адукацыі), дрэнныя паводзіны вучняў і нізкія заробкі. Сярэдняя рабочая нагрузка на настаўнікаў складае 45—55 гадзін на тыдзень. У кіраўнікоў школ яна можа дасягаць 80 гадзін. Самае крыўднае, што грамадскасць лічыць, што вы, дарагія настаўнікі, працуеце нямнога”.

На другі дзень работы (не)канферэнцыі брытанскі педагог правёў майстар-класы “Ацэньвай. Плануй. Вучы”, “Навучанне, заснаванае на даследаваннях”. Неардынарным стаў майстар-клас Марціны Чурдавай з Чэхіі “Памяць нацыі: як можна ў навучанні выкарыстоўваць гісторыі сведкаў”. Марціна працуе тэатральным рэжысёрам, выканаўцам і пазаштатным выкладчыкам. На майс­тар-класе яна паказвала, як можна выкарыстоўваць метады вучэбнай драмы. Гэтая методыка дазваляе пераканацца, як вучні нетрадыцыйна могуць размаўляць пра гісторыю ХХ стагоддзя, напрыклад, пра акупацыю падчас Другой сусветнай вайны.

Трэба адзначыць, што і беларускія настаўнікі ў сваіх майстар-класах звярталіся да тэмы даследавання. У прыватнасці, Ала Лазіцкая расказвала пра фарміраванне даследчых кампетэнцый сродкамі медыяадукацыі, а Тамара Храпавіцкая — пра арганізацыю даследчай работы ў межах школьнага навуковага таварыства. Увогуле, нашы педагогі прапаноўвалі вялікую колькасць цікавых уласных практык:

Алена Лемантовіч, Юрый Сянкевіч — “Тэорыя талерантнасці. Актуалізацыя інклюзіўных працэсаў”;

Тамара Качкан — “Прыёмы візуалізацыі вучэбнага матэрыялу на ўроках беларускай літаратуры, або Як пазбег­нуць эфекту скразняку”;

Інеса Зубрыліна — “Парады настаўнікам замежнай мовы: эфектыўна і проста”;

Наталля Катчанка — “Сапраўдны патрыятызм, ці Лайф­хакі для класнага кіраўніка”;

Святлана Іванюшына — “З Калабком ад маленькіх даследаванняў да вялікіх адкрыццяў”;

Таццяна Размысловіч — “Візуальнае мастацтва для абыякавых школьнікаў”;

Вольга Счасновіч, Святлана Пузіноўская, Святлана Здаранкова — “Пара па парах, або Сцежкамі малой радзімы”;

Алена Ананчыкава — “Практыкі супрацоўніцтва настаўнікаў”;

Вераніка Арлова, Вольга Кецко — “У адно вуха ўлятае, у другое… ці Сакрэты эйдэтыкі для X, Y, Z”;

Вольга Жыткая — “Актыўная ацэнка ў дзейнасці класнага кіраўніка”;

Вольга Краўчанка — “Чым дапамогуць сакрэты Серафіні на сучасным уроку” і шмат іншага.

Адэпт стратэгіі “Актыўная ацэнка” польскі педагог Данута Стэрна (выкладчык матэматыкі ў дзяржаўных і прыватных школах, аўтар публікацый для выкладчыкаў і метадычных матэрыялаў для настаўнікаў школ, трэнер праграмы SUS (“Школа, якая вучыцца”), кіраўнік Акадэміі SUS, праводзіць перападрыхтоўку настаўнікаў у Польшчы, Беларусі, аўтар кнігі “Фарматыўная ацэнка на практыцы”) на EdCamp Belarus 2019 прывезла тэму “Размовы пра навучанне”. Гэта, зразумела, былі не проста размовы, а дэманстрацыя метадаў пабудовы супрацоўніцтва настаўнікаў у школе. Яна правяла два майстар-класы: “Размова пра навучанне: як павысіць матывацыю вучняў” і “Размова пра навучанне: як атрымаць зваротную сувязь ад вучня”.

Гаворачы пра матывацыю вучняў, Данута Стэрна назвала некалькі ўмоў яе фарміравання і павышэння. У прыватнасці, для матывацыі неабходна магчымасць выбару і су­працоўніцтва. “Каб зрабіць работу з натхненнем, мы павінны адчуваць прыналежнасць да той групы, якая выконвае работу. Працуючы ў групе, можна далучыцца да рэалізацыі нечага большага, чым калі вы адзін. А ў школе мы правяраем вучня ў яго індывідуальным дзеянні (катрольныя, тэсты, дыктанты). Групавыя формы работы — не асноўны метад навучання. Сёння ў дарослым прафесійным жыцці вітаецца дзейнасць у камандзе, а ў школе мы патрабуем індывідуальнай работы”, — звярнулася да беларускіх калег Данута.

Для матывацыі патрэбны кампетэнцыі. “Для выканання пастаўленай задачы неабходны кампетэнцыі і пачуццё эфектыўнасці. Ці пераконваем мы кожнага вучня, што ён здольны дасягнуць поспеху, што ён можа вучыцца і набываць адпаведныя кампетэнцыі? У большасці сваёй мы прытрымліваемся вучэбнай праграмы і вучым таму, што напісана там. Думаю, што недастаткова ацэньваць і суправаджаць вучня ў паступовым развіцці навыкаў і дасягненні мэт”, — працягвала Данута Стэрна. Далей польскі эксперт падвяла да вядомага: магутны патэнцыял вучнёўскай матывацыі раскрываецца з дапамогай асобы настаўніка. Усе мы памятаем не тое, што вучылі па праграме, а сваіх педагогаў, якія сваім імпэтам запальвалі нашу цікавасць да навучання. Нягледзячы на тэхналагічны прарыў, нічога не змянілася. Асоба настаўніка па-ранейшаму з’яўляецца асновай для фарміравання цікавасці да навучання.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота прадастаўлена арганізатарамі.