Сувязь пакаленняў

- 10:01Культура

Пра радзіму, патрыятычныя арыенціры і захаванне гістарычнай памяці гаворым з групай “Аўра” — сямейна­творчым тандэмам спявачкі і паэтэсы Юліі БЫКАВАЙ і кампазітара музыканта Яўгена АЛЕЙНІКА.

— Як лёс вашай сям’і пераплецены з гісторыяй нашай краіны?

Яўген. Мой прадзед па матулінай лініі Пётр Атрасевіч ­удзельнічаў і ў Першай, і ў Другой сусветных войнах. Быў прызнаны загінуўшым, і пахавальны ліст адпраўлены родным. Аднак калі пахавальная брыгада абходзіла загінуўшых на полі бою, паднеслі да яго носа люстэрка, і яно запацела. Яго адправілі ў тыл у Казахстан, а пасля вайны медсястра, якая яго лячыла, адвезла да родных. І хоць бабуля разам са сваёй маці аплакалі яго, ён вярнуўся і нават мяне яшчэ на руках калыхаў. Дарэчы, пра­дзед — пляменнік вялікага рускага тэнара Івана Казлоўскага, магчыма, ад яго я атрымаў у спадчыну музычныя здольнасці і яркі тэмперамент.

Бабуля Надзея Пятроўна Атрасевіч была вязнем канц­лагера, збегла адтуль. Паўгода прабіралася праз польскія лясы, дабегла да Буга, дачакалася вызвалення Беларусі ­Чырвонай Арміяй. Вярнулася дадому, пасля вайны працавала настаўніцай малодшых класаў, менавіта яна навучыла мяне чытаць і пісаць.

Дзядуля Яўген Емяльяна­віч Алейнік родам з-пад Кіева, хлопчыкам наладжваў сувязь у вызваленай Украіне ў 1943 го­дзе. Калі цягнулі кабель праз Днепр, яго лодка перакулілася, і ён патануў. Але яго выцягнулі і адкачалі, пасля паўгода ляжаў у шпіталі. Як толькі дазволіў узрост, ­пайшоў у “вучэбку” вадзіцелем, паспеў ­паваяваць пад Кёнігсбергам і паўдзельнічаць у баях за яго вызваленне. Пасля вайны зай­маўся размініраваннем беларус­кага Палесся.

Бабуля і дзядуля ажаніліся праз тры гады пасля вайны. Нарадзілі дваіх дзяцей і пражылі шчасліва амаль 60 гадоў. Пра вайну ўспаміналі вельмі рэдка, і толькі бабуля за некалькі гадоў да смерці рашылася напісаць пра тое, як яе, пятнаццацігадовую дзяўчынку, фашысты забралі ў канцлагер. Свае рукапісы яна перадала мне, зараз я іх захоўваю як сямейную рэліквію.

Юлія. Вялікая Айчынная вайна не прайшла міма нівод­нага беларуса. Дзядуля Васіль Ігнацьевіч родам з-пад Мінска. А бабуля Ніна Міка­лаеўна — з пасёлка Чашнікі Віцебскай вобласці. У іх амаль 10 гадоў розніцы. Бабуля ў час вайны была зусім малой. Калі вайна скончылася, ёй споўнілася ўсяго толькі дзесяць.

Дзядулю на момант вызвалення Беларусі ў 1943 го­дзе было 18 гадоў. Ён пайшоў на фронт на Захад і вызваляў Польшчу, атрымаў там сур’ёзнае раненне і кантузію. Яго адправілі ў тыл, дзе цудам выратавалі нагу, але ўсё роўна ён застаўся інвалідам. Пасля вайны сустрэў сваю любую Ніну. Ажаніліся, выхавалі дваіх дзяцей, пражылі доўгае шчаслівае жыццё. Дзядуля не любіў расказваць пра подзвігі, хоць меў ордэн Чырвонай Зоркі і медаль “За адвагу”. Бабуля таксама мала расказвала, зрэдку магла ўзгадаць пра здзекі над людзьмі, пра забойствы дзяцей, і як яны, каб выжыць, смакталі камяні. Але, нягле­дзячы ні на што, выжылі. Для бабулі і дзядулі Дзень Пера­могі заўсёды быў адным з самых галоўных свят.

27 чэрвеня кампазітар і прадзюсар Яўген Алейнік стаў заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі.

— Якія дасягненні нашай краіны выклікаюць у вас найбольшае пачуццё гонару?

Яўген, Юлія. Уся краіна выклікае пачуццё гонару, бо, маючы зусім невялікія прыродныя рэсурсы, мы настолькі рупліва карыстаемся імі, што ў нас ёсць не толькі сельскагаспадарчыя дасягненні. І ў захаванні нашых набыткаў значная заслуга кіраўніка дзяржавы. Народ звычайна дастойны таго лідара, якога ён выбірае, у нас мудры беларускі народ і такі ж кіраўнік. Наш здабытак — нашы лю­дзі, разумныя, спакойныя, руплівыя і крыху асцярожныя. Будзем спа­дзявацца, што наш народ і далей будзе падтрымліваць свой імідж, у аснове якога стабільнасць, міралюбнасць і павага да гісторыі.

— У якіх мясцінах абавязаны пабываць кожны беларус?

Яўген. На могілках сваіх продкаў і ў тых мясцінах, куды яго душа завядзе. А яшчэ кожны беларус павінен сачыць, каб вакол яго было чыста і прыгожа.

Юлія. Мемарыялы абавязковыя для наведвання. Хатынь, Чырвоны Бераг, Трасцянец, Азарычы, брацкія магілы, абеліскі… — магу доўга пералічваць, бо каля кожнага населенага пункта ёсць такія месцы. Калі чалавек прыяз­джае ў Беларусь, то яго неабходна азнаёміць не толькі з нашымі знакамітымі помнікамі архітэктуры, нацыянальнымі традыцыямі, цудоўнымі маёнткамі, але і з месцамі памяці. Лічу, што іх абавязкова трэба ўключыць у экскурсійныя маршруты па нашай краіне, бо менавіта яны дапамогуць зразумець, што перажылі беларусы і чаму мы сёння такія.

— Яўген, Юлія, ведаю, што вы абое карэнныя  мінчане. Падзяліцеся, ка­лі ласка, вашымі самымі цёплымі ўспамінамі, звязанымі са сталіцай.

Яўген. У кожнага чалавека самыя яркія ўспаміны звычайна звязаны з месцам, дзе ён вырас. Наша малая ра­дзіма— сталічныя мікрараёны, у якіх прайшло наша дзяцінства: Масюкоўшчына — мая, Серабранка — Юліна. Там, у хрушчоўскіх 5-павярхоўках прайшлі самыя першыя гады нашага жыцця. Калі мы рыхтавалі альбом “Куточак Беларусі”, то шмат гаварылі пра гэта. Увогуле, беларусы падвержаны і вучэбнай, і працоўнай міграцыі, мы ўсе пастаянна некуды пераязджаем. Таму ва ўсіх беларусаў ёсць сталіца альбо вялікі горад, дзе яны жывуць зараз, і ёсць малая радзіма, дзе прайшло іх дзяцінства.

Аўтарскі калектыў у складзе Юліі Быкавай і Яўгена Алейніка ў студзені 2019 года быў узнагароджаны прэміяй “За духоўнае адраджэнне” за ўвасабленне тэмы малой радзімы ў эстрадным мастацтве.

Юлія. Мне здаецца, няважна, дзе знаходзіцца твая малая радзіма, важна, што ты да яе адчуваеш. Маё дзяцінства — гэта Серабранка, і, трапляючы на знаёмыя вуліцы, я адчуваю, як нешта шчыміць унутры. Люблю гуляць па Мінску, каля сваёй школы, там, дзе з Жэнем жылі, ля медінстытута.

— Што для вас Год гістарычнай памяці? У якіх мерапрыемствах, прымеркаваных да яго, паўдзельнічаеце?

Яўген. Я цалкам перакананы: для людзей, якія ў што­дзённай мітусні штосьці забылі, гэты год стане добрым напамінам, каб яны не нарабілі новых памылак. Гэта мой год, і я вельмі рад, што тэматыка Вялікай Айчыннай вайны зараз на парадку дня, што помнікі аднаўляюцца і героі шануюцца, — мне гэта ўсё па душы.

Юлія. Мы ўдзельнічаем у шматлікіх рэспубліканскіх і дзяржаўных мерапрыемствах. Акрамя іх, на 16 ліста­пада запланаваны вялікі сольны канцэрт групы “Аўра” ў Палацы спорту. У нашым рэпертуары вялікае месца займае па­трыя­тычная тэматыка, у нас шмат душэўнай і шчырай музыкі. Калі ты робіш тое, што любіш, то і вынік атрымліваецца адпаведным.

На сольніку мы выканаем як даўно любімыя гледачамі песні, напрыклад, “Родники”, “Куточак Беларусі”, “Любимую не отдают”, “Затрымай мяне”, “Синеокая”, так і кампазіцыі, якія рэдка выконваем.

Яўген. Наш канцэрт бу­дзе гучным, яркім, энергічным, драйвовым. Мы чакаем шмат патрыётаў, каб спець разам нашы песні, патанцаваць, перадаць энергію і чарговы раз аб’яднацца. Час дыктуе свае законы, таму наш канцэрт бу­дзе моцна патрыятычным і пры гэтым моцна энергетычным. Запрашаем усіх!

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з асабістага архіва групы “Аўра”.