Сузор’е прафесіяналаў Брэстчыны

- 15:11Актуально, Рознае

На Брэстчыне вызначылі пераможцаў абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Вынікі тыдня педагагічнага майстэрства, падчас якога праводзіліся конкурсныя мерапрыемствы, былі ўрачыста падведзены ў Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці.

— Конкурс, ва ўсіх этапах якога прынялі ўдзел каля 3 тысяч педагогаў, не толькі паказаў прыярытэтнае месца адукацыі ў грамадстве і рост прафесійнага майстэрства настаўнікаў і выхавальнікаў вобласці, але і садзейнічаў развіццю іх творчага патэнцыялу, актывізацыі дзейнасці ў абнаўленні зместу школьнай адукацыі, павышэнні прэстыжу педагагічнай прафесіі, — адзначыў у прывітальным звароце начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук. — Удзельнікі адказна падышлі да конкурсных выпрабаванняў. У рэгіёнах вобласці былі створаны належныя арганізацыйныя ўмовы для таго, каб педагогі праявілі прафесійныя здольнасці на высокім узроўні і паказалі сапраўдныя прыклады для пераймання.
— У завочным туры конкурсу прынялі ўдзел 111 педагогаў, якія прадставілі на суд журы самапрэзентацыі, відэаўрокі ў школах і відэазаняткі ў дзіцячых садках, а таксама розныя дыдактычныя матэрыялы, — расказаў першы прарэктар Брэсцкага абласнога ІРА С.Р.Рачэўскі. — Да ўдзелу ў вочных конкурсных мерапрыемствах былі дапушчаны 37 настаўнікаў і выхавальнікаў.
На працягу тыдня ўдзельнікі праходзілі псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, давалі ўрокі ў незнаёмых класах і дашкольных групах, рыхтавалі выступленні на тэму “Навучаючы, я выхоўваю”. Акрамя таго, канкурсанты правялі майстар-класы на базе ўстаноў адукацыі Брэста, Жабінкі, Маларыты, Івацэвіч і Кобрына. Тыдзень педагагічнага майстэрства садзейнічаў трансляцыі вопыту эфектыўнай адукацыйнай практыкі ў рэгіёнах. Падчас конкурсных мерапрыемстваў удзельнікі абменьваліся каштоўнымі напрацоўкамі ў прымяненні сучасных метадаў, прыёмаў і форм работы з вучнямі на ўроках і з дзецьмі ў дашкольных групах.
На святочным мерапрыемстве кіраўнікі сярэдняй школы № 7 Кобрына (А.А.Воран), сярэдняй школы № 2 Маларыты (Л.В.Куц), сярэдняй школы № 8 імя Героя Беларусі Уладзіміра Карвата Брэста (Л.М.Пячко), ясляў-сада — пачатковай школы № 6 Брэста (В.І.Кныш), сярэдняй школы № 1 Жабінкі (М.П.Савянкоў), ліцэя Івацэвіцкага раёна (Я.Я.Пішчаў) і сярэдняй школы № 4 Івацэвіч (Т.М.Касавец) атрымалі ганаровыя граматы абласнога ўпраўлення адукацыі за забеспячэнне высокага арганізацыйнага ўзроўню конкурсных мерапрыемстваў і праяўленую асабістую адказнасць. Гэтыя ўстановы, заўважыў М.А.Ціханчук, былі выбраны месцам правядзення педагагічных спаборніцтваў невыпадкова, бо валодаюць добрым матэрыяльна-тэхнічным і кадравым патэнцыялам. Значны ўклад у належнае правядзенне абласнога конкурсу ўнеслі таксама кіраўнікі раённых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, іх намеснікі і загадчыкі вучэбна-метадычных кабінетаў.
Па словах С.Р.Рачэўскага, журы пры ацэньванні канкурсантаў імкнулася адзначыць кожны творчы крок і арыгінальны ход, удалае метадычнае рашэнне. Таму пры падвядзенні вынікаў вызначаліся лепшыя ўдзельнікі ў асобных аспектах педагагічных спаборніцтваў. Так, 16 настаўнікаў і выхавальнікаў былі адзначаны ў розных намінацыях: “Педагагічны пошук і надзея”, “Ініцыятыва і творчасць”, “Вернасць прафесіі”, “Яскравая грамадзянская пазіцыя”, “Аўтарская індывідуальнасць”, “Сучаснасць і класіка”, “Урок у сучасным фармаце”, “Умелае выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу і сваіх аўтарскіх работ”, “Ад эксперымента — да творчасці” і інш. Акрамя таго, шэраг лаўрэатаў конкурсу атрымалі з рук М.А.Ціханчука дыпломы І і ІІ ступені.
Пераможцамі ж абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу ў адной з 7 намінацый сталі настаўніца пачатковых класаў Наталля Мікалаеўна Гапанюк з сярэдняй школы № 9 Кобрына, выхавальніца Вікторыя Зіноўеўна Драбышэўская з ясляў-сада № 10 Пінска, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Георгіеўна Швед з сярэдняй школы № 16 Баранавіч, настаўнік англійскай мовы Яўген Анатольевіч Грыгор’еў з Дамачаўскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна, настаўнік фізікі Дзмітрый Станіслававіч Бондар з Хатыніцкай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Алена Уладзіміраўна Ярашук з сярэдняй школы № 16 Пінска і настаўніца выяўленчага мастацтва Святлана Мікалаеўна Шкурко з сярэдняй школы № 17 Баранавіч. Гэтыя педагогі складуць каманду, якая прадставіць Брэстчыну на заключным этапе рэспубліканскага конкурсу ў Мінску.
Пасля таго як пераможцы атрымалі з рук начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчука, старшыні абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі В.А.Харытановіча і старшынь журы па 7 намінацыях заслужаныя граматы, каштоўныя падарункі і чырвоныя стужкі, было праведзена невялікае бліцінтэрв’ю.

— Каму вы асабліва абавязаны сваёй перамогай?
Я.А.Грыгор’еў:
— Адміністрацыі школы і калегам, якія заўважылі мяне і дапамаглі, а таксама раённаму аддзелу адукацыі, спорту і турызму за якаснае метадычнае суправаджэнне.

— У любой перамогі ёсць свая цана — пераадоленне. Што ўдалося пераадолець вам?
Н.Г.Швед:
— Удзел у конкурсе — гэта пераадоленне асабістых страхаў і няўпэўненасці ў сабе. Галоўнае — сфарміраваць мэту, тады ўсё атрымаецца.

— Які від конкурсных іспытаў даваўся вам найбольш цяжка і чаму?
Н.М.Гапанюк:
— Кожнае конкурснае выпрабаванне з’яўлялася цяжкім і цікавым адначасова. Але самае галоўнае выпрабаванне, безумоўна, — урок у незнаёмым класе. Радуе, што ўсе страхі аказаліся дарэмнымі. Пачынаючы любую справу, вельмі важна рашыцца і паверыць ва ўласныя сілы.

— Ці ёсць фізічныя і маральныя сілы, каб удзельнічаць у падобных прафесійных конкурсах і далей?
Д.С.Бондар:
— Калі бачыш, гаворачы фізічнай мовай, вялікі каэфіцыент карыснага дзеяння ад сваёй работы, хочацца пастаянна рухацца наперад і не спыняцца на дасягнутых поспехах.

— Дзе ўдалося рэалізаваць сябе як прафесійную асобу больш: на занятках з групай дашкольнікаў ці ў майстар-класе з калегамі-педагогамі?
В.З.Драбышэўская:
— Усе мерапрыемствы былі значныя. Кожнае з іх садзейнічала самаразвіццю і самаўдасканаленню.

— Што ўдалося змяніць у сабе падчас падрыхтоўкі да абласнога этапу конкурсу і непасрэдна ў час яго?
С.М.Шкурко:
— Пашырыць рамкі пазнання.

— Чым каштоўны для вас вопыт паспяховага ўдзелу ў абласным этапе прафесійнага конкурсу? Ці дапаможа вам гэты вопыт гэтак жа паспяхова выступіць у фінале рэспубліканскага конкурсу?
А.У.Ярашук:
— Каштоўнасць вопыту заключаецца ў атрыманні прызнання свайго майстэрства сярод калег.

 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Брэсцкім абласным цэнтрам маладзёжнай творчасці.