Свет чакае новай разрадкі

- 10:27Інфармацыйная гадзіна

Для недапушчэння канфліктаў неабходна адкрытая глабальная размова аб новай разрадцы. Аб гэтым заявіў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Андрэй Дапкюнас у сваім выступленні на адкрытых дэбатах Савета Бяспекі ААН па пытаннях канфліктаў у Еўропе.

“У свеце, у тым ліку ў рамках ААН, сёння вельмі неабходна шырокая дыскусія аб прынцыпах будучага суіснавання дзяржаў і народаў. Такая дыскусія, безумоўна, павінна закрануць і тэматыку еўрапейскіх канфліктаў, мер даверу ў ваеннай галіне і сферы бяспекі. Гэтак жа, як і больш за 40 гадоў назад для разрадкі напружанасці і зніжэння градуса варожасці спатрэбіўся Хельсінкскі працэс, сёння зноў востра адчуваецца патрэбнасць у падобных рашучых дзеяннях для пераадолення глабальнага адчужэння. Цяпер неабходна адкрытая глабальная размова аб новай разрадцы”, — заявіў прадстаўнік Беларусі.

Паводле слоў дыпламата, наспела неабходнасць адкрытага нецырыманіяльнага і нацэленага на канкрэтны вынік дыялогу, перш за ўсё ў рамках ААН і АБСЕ, аб прычынах міжнароднага крызісу адказнасці і аб шляхах яго пераадолення. “Нам патрэбны не завочныя абмеркаванні, прапагандысцкія эскапады ў СМІ, абмен рэзалюцыямі, парадныя саміты раз у пяць гадоў. Нам патрэбны рэгулярныя сустрэчы найбольш смелых і адказных сусветных лідараў для асэнсавання новых правіл шматпалярнасці, пошуку шляхоў узаемнай павагі інтарэсаў адно аднаго, для прызнання разнастайнасці і многаварыянтнасці прагрэсіўнага развіцця чалавечай цывілізацыі”, — адзначыў Андрэй Дапкюнас.

Ён падкрэсліў, што Беларусь мае гісторыю непрадузятага ўдзелу ў такіх працэсах. Краіна — у якасці гасціннага месца міжнародных стасункаў, а беларусы — у якасці перакананых прыхільнікаў міжнароднага дыялогу і яго непрадузятых арганізатараў. “Мы гатовы актыўна і сумленна і далей выконваць гэтую ролю”, — запэўніў беларускі дыпламат.

Гаворачы аб канфліктах у Еўропе, ён заўважыў, што, здавалася б, гэтая тэма сёння павінна ўспрымацца як устарэлая недарэчнасць, але, на жаль, з’яўляецца злавеснай рэальнасцю. “Жудасныя ўрокі першых дзвюх сусветных войнаў, што ўспыхнулі менавіта на еўрапейскім кантыненце, засвоены намі дрэнна. Мы шчыра спадзяёмся, што ў ААН няма краін, якія жадаюць вайны, што ўсе мы зацікаўлены ва ўмацаванні міжнароднага дыялогу і лепшым узаемаразуменні паміж народамі. Тады чаму нам не ўдаецца зрабіць дыскусіі ў савеце па пошуку шляхоў да міру нечым большым, чым проста яшчэ адной магчымасцю для публічнага націску і скандальных узаемных абвінавачванняў? — сказаў Андрэй Дапкюнас. — На наш погляд, прычынай таго з’яўляецца страта намі праз сем дзесяцігоддзяў пасля апошняй сусветнай вайны адчування магчымасці новай глабальнай ваеннай катастрофы. На гэты раз ужо сапраўды апошняй у гісторыі чалавецтва”.

“Мы вельмі неразважна спадзяёмся на надзейнасць механізмаў недапушчэння рукатворнага апакаліпсісу, на безумоўнасць дзейнасці здаровага розуму, інстынкту самазахавання. На жаль, гісторыя вучыць нас таму, што гэтыя механізмы не працуюць ва ўмовах узаемнай адчужанасці і адсутнасці нават мінімальнага даверу, негатоўнасці да кампрамісаў і схільнасці да дэманізацыі апанентаў. Гэтыя механізмы не змогуць спыніць нас ад спаўзання да глабальнага канфлікту, пакуль асновай нашай карціны свету будуць заставацца вера ў манаполію на праўду і праведнасць”, — падкрэсліў прадстаўнік Беларусі.

Паводле яго слоў, гэтыя механізмы бяссільныя, пакуль найбуйнейшыя сусветныя дзяржавы і іх лідары не знойдуць у сабе грамадзянскай маральнай смеласці пачаць прамую размову адно з адным аб іх калектыўнай адказнасці за недапушчэнне новага сусветнага процістаяння — халоднага або вогненнага. “Адказнасці калі не за адмену выключнага права моцнага ў сусветнай палітыцы, то хаця б за практычнае апасродкаванне яго меркаваннямі чалавечнасці, салідарнасці, суперажывання і спагады”, — дадаў Андрэй Дапкюнас.