Светлакосыя салдаты

- 15:34Настаўнік назаўжды, Суразмоўца, Суразмоўца

У гады Вялікай Айчыннай вайны тысячы жанчын сталі салдатамі. Сярод іх — і нашы былыя калегі.

Тэма даследавання гераічнага подзвігу жанчын-партызанак, пасля­ваенны лёс якіх звязаны з вёскай Пескі, стала адной з цэнтральных у рабоце пошукавай групы народнага гісторыка-краязнаўчага музея ўстановы адукацыі.

Ніна Іванаўна Кузняцова нарадзілася ў вёсцы Осаў Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў 1923 годзе. Там прайшло яе даваеннае дзяцінства. Але ў шчас­лівае і спакойнае жыццё ўварвалася вайна. З 5 чэрвеня 1942 года па 1 кастрычніка 1943 года Ніна Іванаўна — партызанская сувязная атрада “За Ра­дзіму”. Узнагароджана медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “Партызану Айчыннай вайны ІІ ступені”, “30 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”. Пасля вайны скончыла Мсціслаў­скае педвучылішча і па накіраванні прыехала праца­ваць настаўніцай пачатковых класаў у Мастоўскі раён Гродзенскай вобласці. Пяць гадоў працавала ў Зарудаўскай школе, а ўсё астатняе жыццё — у Струбніцкай пачатковай, а затым васьмігадовай школе.

Вольга Сцяпанаўна Герасіменка нарадзілася ў 1924 годзе ў вёсцы Мышанка былога Капаткевіцкага раёна Палескай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1939 годзе скончыла 10 класаў Пцічскай сярэдняй школы і паступіла на шасцімесячныя курсы настаўнікаў пачатковых класаў. У снежні таго ж 1939 года пасля паспяховага заканчэння курсаў была накіравана настаўніцай у Колкаўскую сямігадовую школу, а ў 1940 годзе здала заліковыя экзамены Мазырскага педтэхнікума. За баявыя дзеянні ў гады вайны атрымала восем урадавых узнагарод, сярод іх медаль “Партызану Айчыннай вайны І ступені”, медаль “30 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне” і інш.

Пасля акупацыі працавала ў ваеннай часці ваеннаслужачай. Шмат гадоў — настаўніцай пачатко­вых класаў Пескаўскай сярэдняй школы. Заслужаны настаўнік БССР. Пяць гадоў запар выбіралася дэпутатам Пескаўскага сельскага Савета і адзін раз — дэпутатам Мастоўскага раённага Савета дэпутатаў. Часта выступала перад вучнямі, успамінала ваенныя гады.

Прааналізаваўшы сабраныя і запісаныя раней успаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, даследаваўшы іх жыццёвы і гераічны шлях праз пошук звестак у літаратурных і інтэрнэт-крыніцах, мы склалі даведнік “Светлакосыя салдаты “пятага” фронту”, які актыўна выкарыстоўваецца ва ўрочным і пазаўрочным выхаваўчым працэсе.

Рэгіна ВЯЛІЧКА,
кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея Пескаўскага
дзіцячага сада — сярэдняй школы
Мастоўскага раёна.