Год назад у нашай школе быў створаны музей электрычнасці, які хутка становіцца папулярным сярод навучэнцаў горада і раёна.
Экспанаты музея прасочваюць гісторыю развіцця асвятлення ад першабытнага грамадства да сучаснасці, расказваюць аб крыніцах электрычнасці. Напрыклад, экспазіцыя “Эвалюцыя бытавых прыбораў” знаёміць з гісторыяй праса: ад вугалю да электрычнасці. У музеі часта шматлюдна. Адны дзеці прыходзяць упершыню, а некаторыя былі тут неаднаразова, але прыйшлі яшчэ, каб даведацца пра чарговую гісторыю — “Газавая лямпа — “светлячок” з мінулага”.
На раённым тыдні музеяў падчас дабрачыннай акцыі фонды музея папоўніліся фотаапаратам LOMO, радыёпрыёмнікам SELGA-405, тэлевізарам вытворчасці ГДР і інш. На працягу тыдня дзеці ўдзельнічалі ў пазнавальнай віктарыне “Мая Смаргоншчына”, інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?”, здзейснілі віртуальнае падарожжа ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Сваё бачанне сучаснага музея школьнікі прадэманстравалі ў конкурсе малюнкаў “Музей і дзеці”. Пры падвядзенні вынікаў найбольш актыўныя ўдзельнікі ўсіх мерапрыемстваў былі адзначаны граматамі.
Музей называюць чароўнай машынай часу. У ім за лічаныя хвіліны вучань можа здзейсніць падарожжа ў далёкае мінулае і дзень сённяшні.
Вольга ВЫСОЦКАЯ,
кіраўнік музея электрычнасці
сярэдняй школы № 2 Смаргоні.