Свой брэнд фітачаёў стварылі слабодкаўскія школьнікі з Браслаўшчыны

- 14:20Школьный участок

Слабодкаўскія школьнікі з Браслаўшчыны разам з настаўніцай абслуговай працы Вольгай Арсоба стварылі свой брэнд фітачаёў. У іх скарбонцы таксама шмат іншых сельскагаспадарчых экcперыментаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Што ні год, то эксперыменты

Маладой настаўніцай прыйшла Вольга Іванаўна ў Слабодкаўскую школу ў 1998 годзе. Пасля заканчэння Чырвона­армейскага педагагічнага вучылішча, што на Украіне, ведала, што будзе дзяліцца са школьніцамі навыкамі шыцця, гатавання ежы, вязання… Аднак нечакана на новым працоўным месцы ёй у спадчыну дастаўся вялікі прышкольны ўчастак у два гектары.

— Прызнаюся, спачатку я была ў разгубленасці. Аднак куды дзявацца? Пачала адпаведна вучэбнай праграме першую і апошнюю чвэрці з дзецьмі займацца сельскагаспадарчымі работамі, другую і трэцюю — праводзіла ўрокі ў кабінеце. І сама не заўважыла, як захапілася пасевамі, праполкай, зборам ураджаю. Каб хто мне сказаў тады, што такая дзейнасць прыйдзецца мне даспадобы і так зацікавіць, не паверыла б, — дзеліцца настаўніца. — Зараз лічу: калі тэатр пачынаецца з вешалкі, то вясковая школа — з участка. Разам з дзецьмі імкнёмся зрабіць яго прыгожым, непаўторным, увесь час добраўпарадкоўваем.

У 2018 годзе грамадскае аб’яднанне “Зялёны крыж” запусціла праект “Школьны сад”. Ён быў скіраваны на развіццё сучаснага сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва, прафесійны і сацыяльны рост моладзі ў сельскіх населеных пунктах. Працягваўся чатыры гады. Вольга Іванаўна вырашыла далучыцца. Разам з настаўніцай біялогіі яны напісалі праект, прысвечаны далейшаму развіццю іх прышкольнага ўчастка. Атрымалі дыплом І ступені і сродкі на набыццё вялікай цяпліцы. А затым настаў час для эксперыментаў.

— Падчас першага нам прыслалі насенне чатырох гатункаў цыбулі. Неабходна было частку пасеяць адразу ў грунт, а з другой вырошчваць расаду, а потым перасаджваць у грунт. Мы лічылі насенне, колькі ўзышло, колькі прынялося. Дзеці былі ў захапленні. А як яны перажывалі, калі ў маі на танюсенькую і кволую расаду цыбулі выпаў снег. Па выніках назіранняў мы зрабілі высновы: нашы кліматычныя ўмовы не падыходзяць для высявання насення цыбулі ў грунт, — адзначае настаўніца.

Даглядалі школьнікі і розныя гатункі капусты. У выніку даспадобы і дзецям, і настаўнікам прыйшлася квяцістая і звычайная, а вось кальрабі — менш за ўсё. Самай смачнай морквай для ўсіх аказалася звычайная, а караняплоды белага і фіялетавага колеру не вельмі спадабаліся. Быў яшчэ эксперымент па вырошчванні стэвіі. Дзеці праводзілі замеры вышыні раслін, даўжыні іх галінак, лічылі колькасць лісточкаў, якія потым сушылі, каб вызначыць, ці саладзейшыя яны за звычайны цукар.

Ураджай з прышкольнага ўчастка забяспечвае на 80—100% школьную сталовую агароднінай, якая вырошчваецца з прымяненнем арганічнага земляробства.

— Кожны эксперымент выконвалі адпаведна з тэхналогіямі, якія прадастаўляў “Зялёны крыж”. Таксама для нас право­дзіліся адукацыйныя вэбінары. Навучыліся мы і арганічнаму земляробству, атрымалі адпаведныя сертыфікаты. Актыўна зараз прымяняем веды на практыцы. Напрыклад, гарачае мульчыраванне ў цяпліцы для памідораў, халоднае — на градках і ў цяпліцах, каб трава не расла, — расказ­вае Вольга Іванаўна.

Ад сучаснага агарода да ўласнага брэнда

Натхніўшыся папярэднім паспяховым вопытам, і настаўніца, і школьнікі рашыліся на ўласны эксперымент і стварылі “сучасны агарод”. Адметнасцю яго стала суседства агародніны, садовых кветак, траў і лекавых раслін. Арыгінальнасць ідэі, падыход да афармлення і старанні юных аграрыяў ацанілі на абласным конкурсе “Упрыгожым Беларусь кветкамі” і ўручылі дыплом ІІ ступені. Сёння сучасны агарод інтэграваны ў вучэбны працэс, школьнікі працуюць на ім, а дашкольнікі наведва­юць з экскурсіямі.

— Мы вырошчваем каля дзесяці розных гатункаў мяты — лімонная, егіпецкая, меліса… Быў выпадак, калі прыйшлося адзін гатунак поўнасцю ліквідаваць і больш не высаджваць, бо нікому не спадабаўся пах расліны. Растуць у нас мацярдушка, садовы чабор, ісоп, зверабой. Таму, думаю, не дзіўна, што нарадзілася ідэя адкрыць у школе фітабар. Доўга думалі над назвай. “Кладоўка гномаў” спадабалася ўсім, — з усмешкай успамінае настаўніца.

Сама ж справа стала асновай бізнес-ідэі “Травяны чай з аптэкарскага агарода”, якая не засталася без увагі арганізатараў праекта “Школьны сад”. Юных прадпрымальнікаў узнагародзілі ноўтбукам і матэрыялам для ўпакоўкі чаю. Так у Слабодкаўскай школы з’явіўся свой брэнд, над якім працуюць і зараз.

— Мы прапануем чаі ў крафт-пакетах, у тканевых мяшэчках. Робім самыя розныя зборы. Найбольшым попытам карыстаецца “Духмяны”. Вырабляем сашэ з лавандай, якая расце таксама на ўчастку, духмяныя шары для прыняцця ванны. Хлопчыкі на ўроках тэхнічнай працы вырабляюць дошкі пад гарачае, якія потым дзяўчынкі ўпрыгожваюць, прымяняючы розныя тэхнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Такім чынам, у нас ёсць не толькі прадукцыя ўласнага брэнда для рэалізацыі на фестывалях, сельскагаспадарчых кірмашах і нават на “Славянскім базары”, але яшчэ і магчымасць сабраць цудоўныя падарункавыя наборы для гасцей і сяброў, — з гордасцю расказвае Вольга Іванаўна.

Рэалізацыя бізнес-ідэй дазволіла школьнікам вывучаць прыроду роднага краю, займацца даследчай, эксперыментальнай і прадпрымальніцкай дзейнасцю — падлеткі вучыліся рэкламаваць прадукцыю, шукаць варыянты збыту.

Звярнулі ўвагу школьнікі і на скрыпень. Самі шукаюць месцы, дзе ён расце, а потым ферментуюць. І пры гэтым таксама смела ідуць на эксперыменты.

— Працэс ферментацыі аказаўся не такім ужо і складаным. Сабранае лісце здрабняем і адпраўляем у ёмістасці, якія хаваем у цёмнае месца, прыкрываем мокрай тканінай. Чым даўжэй працэс ферментацыі, тым мацнейшым у выніку атрымаецца чай. Дапушчальны час ад 12 да 36 гадзін. Пасля ферментацыі высушваем лісце — і скрапень гатовы. Важны момант: мы вырашылі дабаўляць да яго лісты розных садовых дрэў і ягадных кустоў — яблыні, маліны, вішні. Аднак самым смачным аказалася спалучэнне з лісцем грушы, — расказвае настаўніца.

І хоць праект “Школьны сад” скончыўся, але, дзякуючы яму, цяпер у Слабодкаўскай школе дакладна разумеюць, у якім кірунку можна і трэба рухацца наперад.

Што яшчэ можа прывабіць гасцей у Слабодкаўскую школу:

  • Майстар-клас “Слабодкаўская шарлотка”.
  • Турнір па міні-гольфе сярод школьнікаў Браслаўшчыны і суседніх раёнаў.
  • Тур “Слабодкаўскі гасцінец”.
  • “Гарбузнік” — дзень, калі вучні частуюцца атрыманымі з цяпліцы кавунамі.
  • Праект “Сацыяльныя градкі” — дзеці вырошчваюць агародніну, якую потым забіраюць дадому.
  • “Сад надзеі” — два гады назад маладыя дрэўцы пасадзілі побач са старым садам, якому каля 50 гадоў.

Марына ЖДАНАВА
Фота з архіва гераіні