Свята ПТА — гэта свята ўсёй краіны

- 11:16Актуально, Апошнія запісы

Павіншаваць прафтэхаўцаў прыйшлі прадстаўнікі ўсіх галін эканомікі

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшоў урачысты сход, прысвечаны 75-годдзю айчыннай прафесійна-тэхнічнай адукацыі, на якім прысутнічалі яе ветэраны, выкладчыкі і майстры вытворчага навучання, кіраўнікі навучальных устаноў, прадстаўнікі органаў кіравання адукацыяй усіх рэгіёнаў. Павіншаваць прафтэхаўцаў з юбілеем прыйшлі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь І.І.Бузоўскі, віцэ-прэм’ер краіны Н.І.Качанава, міністр адукацыі М.А.Жураўкоў, дэпутаты, кіраўнікі галіновых міністэрстваў і ведамстваў.

Мерапрыемства вылілася ў маштабнае свята, якое перайшло межы сістэмы адукацыі і стала знамянальнай падзеяй для ўсіх галін нашай эканомікі і сацыяльнай сферы. А як жа інакш?! Сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі рыхтуе кадры па самых розных спецыяльнасцях і забяспечвае імі арганізацыі і прадпрыемствы самага рознага профілю.
Сёння сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі паспяхова развіваецца, запатрабавана нашымі работадаўцамі і сустракае свой юбілей з новымі дасягненнямі. За гэты доўгі час ПТА перажывала складаныя часы, цяжкасці і нягоды, але пры падтрымцы дзяржавы і ўрада, дзякуючы самаадданай працы педагогаў, кіраўніцтва ПТА, іх мэтанакіраванасці і стваральніцтву, энергіі і творчаму пошуку, высокаму прафесіяналізму і ўменню беражліва захоўваць закладзеныя традыцыі, айчынная прафесійна-тэхнічная адукацыя дасягнула высокіх вынікаў і імкнецца далей паспяхова развівацца.У прывітальным слове прэзідэнта краіны А.Р.Лукашэнкі, якое абвясціў удзельнікам урачыстага сходу Ігар Бузоўскі, гаворыцца, што пры захаванні сваіх лепшых традыцый сёння для развіцця прафесійна-тэхнічнай адукацыі характэрны новы імпульс з улікам сучасных патрабаванняў. Ад якасці падрыхтоўкі кадраў у многім залежыць рост прамысловага патэнцыялу нашай краіны і дабрабыт грамадзян. Сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі адыгрывае значную ролю ў прафесійным станаўленні моладзі, уносіць свой уклад у фарміраванне яе актыўнай грамадзянскай пазіцыі, культуры працы і адказнага стаўлення да справы.
У працяг віншаванняў віцэ-прэм’ер Н.І.Качанава адзначыла, што сёння прафтэхадукацыя — гэта шматфункцыянальная шматпрофільная падрыхтоўка высокакваліфікаваных рабочых кадраў і спецыялістаў, якія сёння вельмі запатрабаваны на рынку працы. Без іх немагчыма развіваць інавацыйную эканоміку, будаваць моцную дзяржаву, таму вельмі важна ўдасканальваць методыкі навучання і выхавання ў сістэме ПТА, уздымаць на новы ўзровень якасць падрыхтоўкі кадраў, папулярызаваць рабочыя прафесіі сярод моладзі.
— Сапраўды, аснову жыццядзейнасці кожнага грамадства складаюць працоўныя рэзервы, якія прызвана напаўняць сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі, — сказаў у сваім віншаванні Міхаіл Жураўкоў. — З кожным годам яна прымнажае свае дасягненні, і сёння нашымі прафтэхаўцамі ганарацца не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Гэтаму паспрыяла паспяховае выступленне нацыянальнай каманды з ліку навучэнцаў і маладых рабочых на сусветным чэмпіянаце прафесійнага майстэрства WorldSkills.
Як адзначыў М.А.Жураўкоў, сёння прафесія рабочага — гэта высокакваліфікаваная інжынерная праца, якая патрабуе аб’ёмных ведаў, дасканалых прафесійных навыкаў, таму ўсе свае здабыткі, новыя памкненні ПТА павінна накіраваць на падрыхтоўку менавіта такіх кадраў і тым самым задаволіць патрэбы ўсіх галін эканомікі.
Прадстаўнікі гэтых галін на ганаровым сходзе выказалі словы ўдзячнасці работнікам прафтэхадукацыі за іх плённую працу ў падрыхтоўцы кадраў. Самыя лепшыя з іх атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды, ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі і іншых галіновых міністэрстваў і ведамстваў. Удзельнікам святочнага мерапрыемства “Настаўніцкая газета” падарыла свой спецыяльны выпуск, прысвечаны гісторыі і сённяшняму дню айчыннай прафесійна-тэхнічнай адукацыі, тым людзям, якія аддаюць сваё прафесійнае майстэрства навучанню і выхаванню нашай моладзі.
Завяршылася свята выступленнем самадзейных артыстаў з ліку выхаванцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі ўсіх рэгіёнаў.
На адкрытай пляцоўцы ля Нацыянальнай бібліятэкі разгарнулася выстаўка-кірмаш “Горад майстроў”, дзе можна было набыць вырабы навучэнцаў і педагогаў прафтэхустаноў сталіцы і ўсіх абласцей краіны.

Ала КЛЮЙКО.