Свята садружнасці і прафесійнага гонару

- 9:00Актуально, Апошнія запісы

Урачыстым, творчым, тэхналагічным, надзвычай яркім і музычным стала адкрыццё фіналу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2020”, якое ўчора адбылося ў актавай зале Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.

“Рэспубліканскі конкурс “Настаўнік года” — гэта сапраўднае свята прафесійнага майстэрства педагогаў, свята прафесійнага гонару і прафесійнай садружнасці. Значэнне адукацыі для развіцця любой дзяржавы агульнавядома. Адукацыя непасрэдна фарміруе маладое пакаленне краіны. Настаўнік — прафесія ад Бога, усе астатнія — ад настаўніка. Менавіта з прычыны асаблівай значнасці педагагічнай працы для развіцця грамадства конкурс “Настаўнік года” заўсёды мае шырокі грамадскі рэзананс.

56 удзельнікаў чацвёртага этапу — настаўнікі ўсіх вучэбных прадметаў і выхавальнікі дашкольных устаноў, якія прадстаўляюць розныя гарады, раёны і вобласці — ад маленькай сельскай школы да буйной сталічнай гімназіі. Вас аб’ядноўвае адно: вы — лепшыя з лепшых, самаахвярна адданыя сваёй прафесіі, сваім вучням і выхаванцам. Менавіта вы з поспехам прайшлі тры першыя этапы самага маштабнага ў адукацыі конкурсу. І менавіта вам трэба бу­дзе прадэманстравац­ь у найбліжэй­шыя дні “найвышэйшы пілатаж” змястоўнага, цікавага, творчага, выхоўваючага навучання”, — звярнуўся да канкурсантаў Аляксандр Ула­дзіміравіч.

Каманда Магілёўскай вобласці.

Ён адзначыў, што акцэнт на прадметную кампетэнтнасць у­дзельнікаў конкурсу не азначае зніжэння ўвагі да выхаваўчай функ­цыі настаўніка, выхаваўчай ролі ўрока. “Думаю, вы пагодзіцеся, што адукацыя з’яўляецца вызначальнай у станаўленні інтэлектуальнага, культурнага і духоўна-маральнага патэнцыялу маладога пакалення. На сённяшні дзень недастаткова проста даць якасную адукацыю, вельмі важна навучыць прымяняць атрыманыя веды на практыцы. Вы таленавітыя, высокапрафесійныя. Тысячы настаўнікаў, дзясяткі тысяч вучняў і іх бацькоў вераць у вас. Не можа не выклікаць гонар, што ў адукацыі ёсць такія творчыя, мэтанакіраваныя, неабыякавыя да сваёй справы людзі.

Конкурс “Настаўнік года — 2020” — дванаццаты па ліку. Няхай ён стане шчаслівым для кожнага з удзельнікаў, для адукацыі ў цэлым”, — пажадаў намеснік міністра.

Выхавацель яслей-сада № 522 Мінска А. Быкава.

Са словамі віншавання і наказу звярнуўся да канкурсантаў рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, доктар педагагічных навук, старшыня журы суперфіналу конкурсу, прафесар Аляксандр Іванавіч Жук: “Наш конкурс мае даўнія традыцыі. Разам з тым імклівае жыццё патрабуе ад педагогаў імгненнага ўключэння ва ўсё новае. Новае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе патрабуе новых ведаў і ўменняў. Настаўнік сродкамі свайго прадмета павінен і выхоўваць, і развіваць сваіх вучняў — такіх розных. Сёння гаворка ідзе пра новы прафесіяналізм педагога. І я перакананы, што канкурсанты валодаюць такім прафесіяналізмам, таму мы ўбачым лепшыя педагагічныя практыкі лепшых педагогаў краіны.

Паважаныя канкурсанты! Вы, пераадолеўшы раённыя і абласныя этапы конкурсу, ужо з’яўляецеся пераможцамі. Тым не менш наперадзе вас чакаюць напружаныя конкурсныя дні. Я жадаю вам сабранасці, крэатыўнасці і ўдачы. І памятайце, сябры, словы Роберта Раждзественскага: “Настаўнік — гэта прафесія далёкага дзеяння, лепшая і галоўная на зямлі”. Поспехаў вам!”.

Каманда Брэсцкай вобласці.

Сваімі матывацыйнымі ўражаннямі ад удзелу ў конкурсе па­дзялілася пераможца мінулага конкурсу (“Настаўнік года — 2017”) настаўніца беларускай мовы і літаратуры Баравухскай сярэдняй школы № 15 Наваполацка Святлана Румянцава: “Дарагія ўдзельнікі конкурсу! З радасцю і хваляваннем вітаю вас і віншую з такой значнай падзеяй у вашым жыцці — фіналам конкурсу! Я ўзгадваю свой фінал і хачу адзначыць, што агонь, запалены ім у маёй душы, не згасае. Як і не прытупляюцца пачуцці, перажытыя падчас конкурсных мера­прыемстваў, зносін з іншымі канкурсантамі-фіналістамі. Безумоўна, гэта было складанае выпрабаванне, якое патрабавала душэўных і разумовых сіл, самааддачы, але гэта і выдатная пляцоўка для абмену вопытам, месца асобаснага і прафесійнага росту, сапраўдная педагагічная майстэрня.

Дарагія канкурсанты, я жадаю вам годна прайсці конкурсныя выпрабаванні, паспяхова прадэманстра­ваць свае таленты і ўменні! Жадаю атры­маць толькі станоўчыя эмоцыі, ра­дасць ад зносін з калегамі. Знайсці новыя і самыя нечаканыя ідэі, раскрыць творчы патэнцыял сваёй душы, павысіць педагагічнае майстэрства. Няхай кожнаму ўдзельніку спадарожнічае поспех, а атмасфера конкурсу стане сапраўдным святам прафесійных зносін!

Выхавацель ясляў-сада № 7 Круглага Магілёўскай вобласці А.Чудакова.

Навукоўцы кажуць, што не існуе “вечнага рухавіка”. Не верце гэтаму. Наш з вамі “вечны рухавік” — гэта дзеці! Як бы ні склаліся балы ў пратаколах членаў журы, памятайце, што самыя галоўныя суддзі нашай працы — вучні і іх бацькі. А для іх, не сумняваюся, вы пераможцы. У гэтым конкурсе не бывае пераможаных! Бо перамагае ўсё лепшае, што ёсць у настаўніка! Смела распроствайце свае крылы, сябры. Набірайце разгон і ўзлятайце. Няхай ваш палёт будзе высокім!”

Трэба адзначыць, што старт палёту — самапрадстаўленне каманд, якое пачалося адразу пасля ўрачыстага адкрыцця, — быў даволі моцным. Музыкальнасць, яркасць і тэхналагіч­насць на адкрыцці былі ад самага пачатку і да канца. Спачатку танцамі і спевамі ганаравалі канкурсантаў і гасцей, а затым ужо самі канкурсанты дэманстравалі свае бязмежныя творчыя здольнасці.

Але конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” — гэта ў першую чаргу парад педагагічных дасягненняў, якія канкурсанты пачалі дэманстраваць падчас самапрадстаўлення. Сёлета, як і мінулы раз, задача была няпростая, бо трэба было паказаць дасягненні кожнага канкурсанта асобна і ў камандзе адначасова. Да таго ж усе імкнуліся прадэманстраваць сістэму адукацыі свайго рэгіёна.

Адразу хочацца адзначыць, што ўсе каманды справіліся. Усё было зроблена на самым высокім узроўні. Усе канкурсанты і каманды стараліся быць адметнымі, сучаснымі і арыгінальнымі. Многія разрывалі шаблоны пра сваю прафесію, што насамрэч гэта выдатна, бо адкрывае ўсё новыя і новыя грані педагагічнай прафесіі, каб мы чарговы раз пераканаліся, што яна самая лепшая на зямлі.

Прысутных у глядзельнай зале перапаўняла адчуванне гордасці. Было шмат музыкі, крэатыву і роздумаў аб прафесіі педагога. Зноў уразіў падыход каманд да касцюмаў, якія таксама сімвалізавалі іх еднасць. Было не проста цікава — было эмацыянальна і захапляюча. Хацелася сядзець і глядзець. На настаўнікаў, на іх вучняў, якія прыйшлі не толькі падтрымаць, але і з поўнай адказнасцю заявіць, што іх настаўнік самы лепшы ў свеце. Думаю, журы ў гэтым годзе працаваць будзе няпроста. Сярод канкурсантаў шмат харызматычных і вельмі яркіх асоб.

Праграма конкурсу традыцыйна насычаная: самапрадстаўленне ўдзельнікаў, урокі ў незнаёмым класе, тэсціраванне і майстар-класы. Асноўныя конкурсныя выпрабаванні стартуюць з сённяшняга дня. 30 верасня вызначацца 8 суперфіналістаў. Імя пераможцы стане вядома 2 кастрычніка.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

P.S. Больш падрабязна пра ход конкурсу і яго адметнасці чытайце ў наступным нумары газеты.