Свята ў гарадку дзяцінства

- 11:12Актуально, Апошнія запісы

Першы пускавы блок самага буйнога ў краіне ясляў-сада — пачатковай школы адкрыты 3 красавіка па вуліцы Першабудаўнікоў у Наваполацку. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Леанід Сцяпанаў, старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў, прадстаўнікі будаўнічых арганізацый і грамадскіх структур.

Першы блок ясляў-сада — пачатковай школы разлічаны на 294 месцы: 6 ясельных груп, 9 груп дзяцей дашкольнага ўзросту, спецыяльная група для дзяцей з парушэннямі маўлення і санаторная група. Для забеспячэння якаснага адукацыйнага працэсу абсталяваны спецыяльныя памяшканні для музычных, спартыўных, гімнастычных заняткаў, зала лячэбнай фізкультуры з трэнажорамі, актавая зала, басейн і зала для сухога плавання, кабінеты для спецыялістаў, харчовы, гаспадарча-бытавы, медыцынскі блокі. Добраўпарадкавана тэрыторыя, абсталяваны пляцоўкі для гульні. Усяго на будаўніцтва дашкольнага блока было накіравана 91,5 млрд рублёў, у тым ліку 80,8 млрд — сродкі гарадскога бюджэту, 10,7 млрд — абласнога. На чарзе — пачатковая школа, работы па якой яшчэ вядуцца.
— Такія комплексы звычайныя для сельскай мясцовасці. І, трэба сказаць, не ад добрага жыцця: скарачаецца колькасць дзяцей, школы і дзіцячыя сады даводзіцца аб’ядноўваць, — адзначыў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў. — У Наваполацку зусім іншыя перадумовы. Ініцыятарам будоўлі стала тагачасны старшыня гарвыканкама, а цяпер намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава. Яна здолела пераканаць, што дзіцячы комплекс жыццёва неабходны ў новым густанаселеным гарадскім мікрараёне. Камфортна, утульна і бяспечна для выхаванцаў і навучэнцаў, зручна для бацькоў. Віцебская вобласць з-за аб’ектыўных прычын найбольш праблематычная ў плане дэмаграфічнай сітуацыі. Але ў апошнія гады тут намеціліся і замацаваліся станоўчыя тэндэнцыі: зніжаецца смяротнасць, павялічваецца працягласць жыцця, расце колькасць нованароджаных. Па прэзідэнцкай праграме мы здалі ў эксплуатацыю тры дзіцячыя сады ў Віцебску, адзін — у Полацку. На Віцебшчыне працягваецца будаўніцтва дзіцячых садоў у Оршы і Аршанскім раёне, пачалося ўзвядзенне дзіцячага садка ў віцебскім мікрараёне Білева-2, гатовы праект на будаўніцтва дзіцячага садка ў Глыбокім, вядуцца пошукавыя работы. Так што наваселле не апошняе.
Выступаючы перад журналістамі, Наталля Качанава назвала адкрыццё знакавай падзеяй для Наваполацка і рэгіёна, а таксама выказала меркаванне, што комплексная ўстанова “яслі-сад — пачатковая школа” дазволіць дзецям хутчэй адаптавацца да школы. Віцэ-прэм’ер не выключыла магчымасці з’яўлення аналагічных устаноў у іншых абласцях рэспублікі.
— Гэта правільны падыход. У такой комплекснай установе дзеці найбольш хутка будуць праходзіць адаптацыю, таму што з ясляў дзіця пераходзіць у дзіцячы сад, а з яго — у пачатковую школу. Самае галоўнае, тут усё прадумана. Выдатная атрымалася ўстанова, адна з самых вялікіх у краіне. Праект не мае аналагаў, і ён можа быць ужыты паўторна.
— Мы сталі павялічвацца колькасна — гэта вельмі важна, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Нараджаецца больш дзетак, і падобныя адкрыцці заўсёды знакавыя мерапрыемствы. У найбліжэйшы час у Беларусі будзе пабудавана каля 40 дзіцячых дашкольных устаноў. Трэба ўлічваць, што ў цэлым па краіне забяспечанасць месцамі адпавядае сацыяльным стандартам: у нас 411 тысяч дзяцей дашкольнага ўзросту, а месцаў у дзіцячых садках 435 тысяч. Ёсць праблемы ў новых мікрараёнах, там, дзе актыўна вядзецца забудова, у некаторых рэгіёнах. Такая ж праблема была і ў Наваполацку: у новым мікрараёне не было ўстановы дашкольнай адукацыі. Зараз яна з’явілася, і гэта добры падарунак маладым сем’ям. Знамянальна, што новапалачане атрымалі яго менавіта ў Год моладзі.
Па словах Наталлі Качанавай, установы дашкольнай адукацыі будуць узводзіцца па ўсёй краіне. Разам з тым развіццё атрымаюць і альтэрнатыўныя формы. Плануецца, што ў найбліжэйшы час у краіне будзе адкрыта яшчэ 6 прыватных дзіцячых садоў. Выступаючы перад журналістамі, віцэ-прэм’ер пракаменціравала падпісаны напярэдадні прэзідэнтам Дэкрэт № 3 і выказала думку, што найперш ён прымушае задумацца аб адказнасці перад дзяржавай.
— Гэты выдатны яслі-сад — пачатковая школа пабудаваны за кошт сродкаў бюджэту, а яго, у сваю чаргу, фарміруюць занятыя працоўнай дзейнасцю людзі, якія робяць адпаведныя адлічэнні на ўтрыманне і падтрымку сацыяльнай сферы. Па Канстытуцыі, кампенсаваць гэтыя дзяржаўныя выдаткі абавязаны ўсе ў роўным памеры. З прыняццем дэкрэта грамадзяне, не занятыя працай, сур’ёзна аб гэтым задумаюцца. Яшчэ на стадыі абмеркавання дакумента мы ўбачылі рэальныя зрухі.
Якое ж наваселле без падарункаў? Іх было багата, як і цёплых слоў, віншаванняў і добрых пажаданняў. Ад імя Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава ўручыла героям свята сертыфікат на 50 млн рублёў на набыццё спартыўнага інвентару. Сертыфікат на такую ж суму — на набыццё камп’ютарнай тэхнікі — урачыста перадаў ад імя Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў. А ў адказ маленькія гаспадары парадавалі гасцей кранальнымі канцэртнымі нумарамі і сваімі першымі спартыўнымі выступленнямі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.