Свята ўсіх пакаленняў

- 13:21Актуально
У суботу 31 жніўня ў школах краіны прайшлі святочныя лінейкі. Па традыцыі ў свяце першага званка прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы наведаў сярэднюю школу № 51 Мінска, якая ўпершыню сустрэла вучняў у сталічным мікрараёне Лошыца-4.

“Беларуская сістэма адукацыі захавала лепшы савецкі вопыт і традыцыі і ўзбагаціла іх перадавымі дасягненнямі, педагагічнай навукай і практыкай”, — адзначыў прэзідэнт падчас знаходжання ў школе-новабудоўлі.
У віншавальных словах кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Дзень ведаў — гэта свята ўсіх пакаленняў: ад малых, якія ўпершыню пайшлі ў школу, да іх бабуль і дзядуляў, якія адпраўляюць унукаў у паход па веды. “Гэта складаны паход, напэўна, самы цяжкі ў жыцці кожнага чалавека, — сказаў прэзідэнт. — Кожны з нас захоўвае ў сэрцы ўспаміны пра той дзень, калі ўпершыню пераступіў школьны парог. Мы заўсёды будзем удзячны першаму настаўніку, педагогам, разам з якімі спасцігалі асновы навук, маральныя каштоўнасці, жыццёвую мудрасць”.
Звяртаючыся да школьнікаў, педагогаў і бацькоў 51-й школы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: “Дзень ведаў мы сустракаем у выдатнай сучаснай школе ў адным з самых маладых і хутка растучых мікрараёнаў Мінска”. Прэзідэнт падзякаваў будаўнікам за добры падарунак да 1 верасня і выказаў упэўненасць, што дзеці да сваёй школы будуць ставіцца беражліва, каб яна заўсёды заставалася такой жа прыгожай.
Прэзідэнт адзначыў, што да новага навучальнага года добра падрыхтаваліся ўсе навучальныя ўстановы Беларусі. Кіраўнік дзяржавы высока ацаніў узровень беларускай адукацыі і ў сувязі з гэтым падкрэсліў, што ў рэйтынгу нацыянальнага дабрабыту па паказчыках у сферы адукацыі Беларусь уваходзіць у лік лідараў сярод амаль 200 дзяржаў планеты.
У гэтым годзе заняткі пачаліся для практычна 2 млн навучэнцаў і студэнтаў. Гэта прыкладна пятая частка насельніцтва краіны. І ад таго, наколькі паспяхова яны будуць асвойваць веды, залежыць дабрабыт дзяржавы, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт упэўнены, што выпускнікі школы XXI стагоддзя павінны валодаць найноўшымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, свабодна гаварыць на замежных мовах і не проста памятаць правілы і формулы, а ўмець прымяняць іх у жыцці, на практыцы. Школа заклікана забяспечыць кожнаму дзіцяці роўныя ўмовы для жыццёвага старту.
Кіраўнік дзяржавы перакананы, што для паспяховага вырашэння гэтых задач неабходна больш шырока ўкараняць сучасныя сродкі навучання. З гэтага навучальнага года ў Мінску пачнуць рэалізоўваць маштабны інавацыйны праект — “Электронная школа”, дзякуючы якому камп’ютарныя тэхналогіі ахопяць практычна ўсе бакі школьнага жыцця. Сярэдняя школа № 51 стала адным з першапраходцаў у гэтай важнай і цікавай справе.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што школа павінна быць зонай бяспекі і здароўя. “Галоўнае — адказнасць і дысцыпліна дарослых, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — У нашых з вамі сілах засцерагчы дзяцей ад няшчасных выпадкаў, адарваць ад камп’ютарных гульняў дзеля заняткаў спортам, зрабіць здаровы лад жыцця сімвалам поспеху і прыкладам для пераймання”.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ключавой фігурай у школе быў і застаецца настаўнік — падзвіжнік, асветнік, энтузіяст, рамантык, самы галоўны пасля бацькоў чалавек у жыцці дзіцяці, які запальвае ў яго сэрцы агонь пазнання, творчасці і дабра. Звяртаючыся да педагогаў, прэзідэнт падкрэсліў, што яны самыя надзейныя памочнікі ў рабоце з людзьмі. “Захоўвайце вернасць ідэалам беларускага настаўніцтва, падтрымлівайце яго высокі аўтарытэт у народзе, адчуваючы сваю адказнасць за маральны клімат у грамадстве”, — заклікаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт выказаў меркаванне, што ў справе станаўлення асобы трэба абапірацца на багатую спадчыну беларускага народа, яго прынцыпы і ідэалы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на беларускай зямлі ёсць нямала слаўных месцаў і святынь, якія дапамагаюць выхаванню патрыятызму, і гэтыя мясціны павінны абавязкова наведваць дзеці.
Кіраўнік дзяржавы перакананы, што поспех у выхаванні можа быць дасягнуты толькі сумеснымі намаганнямі школы і сям’і. Бацькі павінны выхоўваць дзяцей асабістым прыкладам, з малых гадоў прывучаць іх працаваць, паважаць людзей, быць годнымі грамадзянамі Беларусі.
 У сваім звароце да школьнікаў Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Першага верасня — гэта перш за ўсё ваша свята, якое адчыняе дзверы ў Краіну ведаў, дзе вас чакаюць разгадкі таямніц прыроды і гісторыі, паходы і экскурсіі, спартыўныя старты і працоўныя справы. Я жадаю, каб кожны школьны дзень прыносіў радасць адкрыццяў і хоць на крок набліжаў вас да запаветнай мары”. А потым педагогам і бацькам пажадаў поспехаў у важнай і адказнай справе выхавання дзяцей.
У ходзе звароту да вучнёўска-педагагічнай і бацькоўскай грамадскасці прэзідэнт падзяліўся сваімі разважаннямі аб працэсе станаўлення незалежнай беларускай дзяржавы, які павінен стаць незваротным. “Так склалася, што я другі дзень, учора і сёння (30 і 31 жніўня. — Заўв. аўт.), — у школе. Стоячы перад дзецьмі, я ўглядаўся ў іх вочы, назіраў за бацькамі, і мяне не пакідала вельмі важная думка, якой я хачу з вамі падзяліцца, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Кожнае пакаленне ў сваім жыцці здзяйсняла знакавыя ўчынкі, і адбываліся падзеі, якімі ганарыліся і гэтае, і наступныя пакаленні. Пакаленне да нас здзейсніла вялікі подзвіг: абараніла нашу краіну ад карычневай чумы, перамогшы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пакаленне да таго ганарылася тым, што звергла ненавісны рэжым царызму і ўсталявала ў гісторыі новую грамадскую фармацыю”. Праўда, зараз, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, некаторыя пераглядаюць тыя падзеі. “Не выключана, што і нас з вамі будуць пераглядаць і пераварочваць, — такі ўжо лад жыцця”, — выказаў меркаванне прэзідэнт.
Разважаючы пра тое, што такога зрабіла цяперашняе пакаленне, чым можна было б ганарыцца, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: “Мы стварылі першую дзяржаву ў гісторыі нашай краіны, нашага народа, мы стварылі падмурак гэтай дзяржавы. І я думаю, што мы зрабілі яшчэ не ўсё”.
Па меркаванні прэзідэнта, “трэба, можа быць, адмаўляючы ў чымсьці сабе, працэс станаўлення незалежнай беларускай дзяржавы абавязкова зрабіць незваротным”. “Мы не можам больш дазволіць, каб не толькі мы, але і нашы дзеці жылі не на сваёй зямлі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Мы павінны зрабіць усё, каб на гэтым кавалку беларускай зямлі назаўсёды ўсталявалася і ўмацоўвалася наша беларуская дзяржава. Чаго б гэта ні каштавала, мы павінны гэта зрабіць. Мы не павінны больш дазволіць, каб нашы дзеці былі “парабкамі” або наёмнымі. Мы павінны зрабіць усё, каб нашы дзеці ганарыліся намі, нашым подзвігам, які прывёў да таго, што мы стварылі дзяржаву на сваёй зямлі”. “Я як Прэзідэнт зраблю ўсё, каб мабілізаваць грамадства на выкананне гэтай святой задачы — зрабіць працэс будаўніцтва нашай дзяржаўнасці, нашай дзяржавы незваротным” , — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
Падчас наведвання новай сталічнай школы кіраўніку дзяржавы паведамілі, што ўся сталічная сістэма адукацыі да навучальнага года гатова. Акрамя таго, мэр Мінска Мікалай Ладуцька звярнуў увагу на тое, што колькасць першакласнікаў у сталіцы паступова павялічваецца. Сёлета іх больш за 20 тысяч, што на 2336 чалавек больш, чым у мінулым годзе.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся пытаннямі ўдасканалення сістэмы аплаты працы педагогаў. “Галоўнае, каб мы далі магчымасць маладым настаўнікам зарабіць. Гэта важны момант”, — лічыць прэзідэнт.
Кіраўніку дзяржавы паведамілі, што з гэтага навучальнага года на базе 11 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска будзе ажыццяўляцца рэгіянальны праект для фарміравання і стымулявання самаадукацыйнай дзейнасці сродкамі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій “Электронная школа”.
У межах ажыццяўлення праекта праход кожнага вучня і супрацоўніка ў будынак школы магчымы з выкарыстаннем індывідуальных смарт-карт. Такія смарт-карты дазволяць весці ўлік спазненняў і пропускаў, працягласць працоўнага часу, а таксама дадуць доступ да электронных сэрвісаў і рэсурсаў установы адукацыі. Праектам прадугледжана вядзенне электроннага класнага журнала і дзённіка. Такія новаўвядзенні забяспечваюць аператыўнае прадастаўленне інфармацыі аб бягучай паспяховасці вучняў.
Падчас прэзентацыі праекта “Электронная школа” прэзідэнту паказалі, як будуць выкарыстоўвацца гэтыя навінкі ў сярэдняй школе № 51. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы пазнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай новабудоўлі, умовамі для навучання і выхавання школьнікаў. Дырэктар новай школы Галіна Чэрнік расказала Аляксандру Лукашэнку, як будзе арганізавана развівіццё творчых, спартыўных здольнасцей дзяцей. Кіраўнік дзяржавы наведаў школьныя кабінеты, а таксама спартыўную і трэнажорную залы, дзе пагутарыў з юнымі баскетбалістамі і сфатаграфаваўся з імі. Ад прэзідэнта ў падарунак школе былі перададзены камплекты спартыўнай формы і баскетбольныя мячы.
У канцы наведвання школы Аляксандр Лукашэнка пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей, дзе адзначыў, што новым вучням і іх настаўнікам давядзецца ствараць гісторыю школы з чыстага ліста. “Не сумняваюся, што вы запоўніце яе старонкі поспехамі ў вучобе, добрымі справамі, перамогамі на алімпіядах, у конкурсах і спартыўных спаборніцтвах”, — напісаў прэзідэнт.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота БелТА.