Свята яднання і дружбы

- 15:25Актуально, Рознае

Установы вышэйшай адукацыі з’яўляюцца сёння найважнейшым сацыяльным інстытутам, у якім праходзіць станаўленне сучаснага маладога пакалення. Таму перад вышэйшай школай паўстае складаная задача падрыхтоўкі студэнцкай моладзі да жыцця і працы ва ўмовах полікультурнага асяроддзя. Для стварэння аптымальных умоў арганізацыі міжнацыянальных і міжкультурных зносін замежных і беларускіх студэнтаў пастаянна праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы. Адным з іх стаў першы Рэспубліканскі фестываль самадзейнай мастацкай творчасці замежных студэнтаў “Студэнцтва свету: ініцыятыва, творчасць, пошук”.

Гэты фестываль сабраў разам больш за 200 студэнтаў з 20 ўстаноў вышэйшай адукацыі. Месцам сустрэчы студэнцтва стала найстарэйшая ВНУ краіны — Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія. У акадэміі мэтанакіравана развіваецца экспарт адукацыйных паслуг. Амаль 700 чалавек ад агульнай колькасці студэнтаў — замежныя грамадзяне. З дапамогай арганізацыі вольнага часу студэнцкай моладзі актыўна вырашаецца ў ВНУ праблема іх адаптацыі, узаемадзеяння з беларускімі студэнтамі.
Фестываль быў накіраваны менавіта на тое, каб даць магчымасць моладзі праз зносіны ў нефармальных абставінах пазнаёміцца бліжэй, даведацца пра культуру і традыцыі сяброўскіх краін. Такім чынам, форум быў нацэлены на пашырэнне міжнародных творчых маладзёжных сувязей, узмацненне ў маладзёжным асяроддзі ідэй дружбы, яднання, узаемаразумення і культурна-духоўнага супрацоўніцтва.

Пра гэта было сказана і падчас адкрыцця фестывалю. Намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Якжык у выступленні падкрэсліў, што форум праводзіцца ў асаблівы год. 2014-ты абвешчаны ў Беларусі Годам гасціннасці. Акрамя таго, гэты год адзначаны для нас 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама правядзеннем чэмпіянату свету па хакеі.
— Таму гэты першы фестываль — вельмі значная падзея ў культурным і адукацыйным жыцці нашай краіны, які стане пляцоўкай для зносін і сацыякультурнага развіцця моладзі, — адзначыў Віктар Віктаравіч.
Трэба сказаць, што арганізатары форуму — Міністэрства адукацыі, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, а таксама кіраўніцтва БДСГА — пастараліся, каб магчымасцей для нефармальных зносін ва ўдзельнікаў фестывалю было дастаткова.

Так, у рамках фестывалю была прадстаўлена фотавыстава “СТО АСОБ — моладзь у гісторыі і культуры”. На выставе-прэзентацыі нацыянальных культур “Арнаменты краін — у арнаменце свету” ўдзельнікі дэманстравалі экспазіцыі, якія расказвалі аб культуры і традыцыях іх родных краін, праводзілі дэгустацыю нацыянальнай кухні, знаёмілі з нацыянальнымі рамёствамі і дэкаратыўна-прыкладной творчасцю падчас правядзення майстар-класаў “Прызма творчасці”. Кожны з наведвальнікаў гэтай пляцоўкі мог навучыцца арганізацыі чайнай цырымоніі, асвоіць асноўныя прыёмы каліграфічнага пісьма, уласнаручна зрабіць арыгамі і спазнаць іншыя цікавыя асаблівасці нацыянальных мастацтваў.
У рамках акцыі “Вытокі будучыні” ўдзельнікамі фестывалю была закладзена памятная алея Дружбы. Па праспекце з сімвалічнай назвай “Інтэрнацыянальны” ў Горках моладзь высадзіла больш за 20 саджанцаў. Працягнуўся першы фестывальны дзень экскурсіямі ад гаспадароў свята. Студэнты наведалі батанічны сад сельскагаспадарчай акадэміі, а таксама мемарыяльны комплекс у вёсцы Леніна Горацкага раёна. Заканчэннем насычанага мерапрыемствамі дня стала інтэрактыўная праграма “Творчы дыялог — універсітэт свету”.

Не менш цікавым для ўдзельнікаў стаў і другі дзень форуму, які адкрыўся правядзеннем круглага стала “Развіццё патэнцыялу замежных студэнтаў у кантэксце полікультурнай адукацыі: рэальнасць і перспектывы”. Удзел у пасяджэнні прынялі прадстаўнікі актыву Савета студэнцкага самакіравання з ліку замежных і беларускіх студэнтаў, а таксама нацыянальных зямляцтваў устаноў адукацыі. Ганаровым госцем мерапрыемства стаў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Аляксандравіч Маскевіч.
Тэма для круглага стала была абрана актуальная, таму і маладыя людзі былі асабліва актыўнымі. Падчас абмеркавання было разгледжана нямала надзённых праблем, прагучалі цікавыя ідэі і прапановы. Напрыклад, студэнты з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прадставілі свой метад праектаў. У рамках гэтага метаду замежныя студэнты распрацоўваюць свае праекты па вырашэнні сацыяльных, экалагічных і іншых праблем, працуючы над якімі яны хутчэй праходзяць адаптацыю і сацыялізацыю ў беларускіх ВНУ. Шырокая падтрымка замежным студэнтам аказваецца ў БДУ, дзе распрацаваны шэраг мерапрыемстваў, якія спрыяюць іх паспяховай адаптацыі. Нямала праектаў і метадаў, накіраваных на падтрымку замежных грамадзян, дзейнічаюць таксама ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, Беларуска-Расійскім універсітэце, Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце.

Як заўважыў падчас гутаркі са студэнтамі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч, моладзь — будучыня Беларусі, і замежная моладзь у гэтым выпадку не выключэнне. Вядома, кожны замежны студэнт разлічвае прынесці карысць сваёй краіне, але свет інтэнсіўна развіваецца, развіваюцца тэхналогіі, і часта так атрымліваецца, што прыносіць карысць сваёй дзяржаве трэба ў іншай краіне.
— Менавіта таму мы актыўна прыцягваем моладзь, якая імкнецца да вучобы і працы, у Беларусь, а таксама беларускіх студэнтаў для атрымання адукацыі за мяжой. Такая магчымасць спрыяе фарміраванню з маладых людзей канкурэнтаздольных і рознабакова развітых спецыялістаў. Але эфектыўнасць гэтага фарміравання залежыць ад арганізацыі побыту, вольнага часу, культурна-духоўнага ўзаемадзеяння, падтрымкі ініцыятыў моладзі. Належнае выкананне ўсіх гэтых фактараў — задача асаблівай важнасці, — адзначыў міністр адукацыі.

У беларускіх ВНУ вышэйназваным фактарам увага надаецца дастатковая. Найлепшым пацвярджэннем былі неаднаразовыя падзякі за якасць і даступнасць беларускай адукацыі, якія гучалі ад замежных студэнтаў.
Завяршэннем фестывалю стаў АРТ-марафон “Моладзь планеты: імпульс, ідэя, ініцыятыва”, падчас якога прысутныя акунуліся ў атмасферу творчасці, энергіі і талентаў.
Два фестывальныя дні праляцелі. Форум стаў для студэнтаў сапраўдным святам. Святам узаемаразумення, яднання і дружбы.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.