Свята з любімай газетай

- 12:56Актуально, Апошнія запісы

На працягу дзвюх гадзін у зале Сенненскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці панавалі пазітыў, музыка і творчасць. Свае талент і майстэрства шчодра дарылі педагогам артысты з розных куткоў нашай краіны, а ўзнагародай ім былі шчырае захапленне і авацыі — найвышэйшы бал ад самага строгага і патрабавальнага журы, настаўнікаў.

“Настаўніцкая газета” запрасіла ў Сянно і зорных гасцей, і тых, чыя зорка яшчэ толькі ўзыходзіць на эстрадным небасхіле. Яркія творчыя нумары самадзейных калектываў і выканаўцаў Віцебшчыны; не проста выступленні (хаця з’яўленне і спевы любімых артыстаў і само па сабе стала прыемным сюрпрызам для гледачоў), але і прэзентацыя новай песні Пятра Ялфімава, і творчы анонс сумеснага праекта заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Іны Афанасьевай і праекта “Звонкая раніца” — усё гэта стварала непаўторную прыўзнятую атмасферу. Трэба сказаць, што любы дзень, калі наша газета збірае сваіх сяброў, — гэта заўсёды свята. Такія святы мы ладзілі ў Хойніках і Рэчыцы, Оршы, Магілёве, Пінску, Лідзе, Жодзіне. Цяпер нашых лепшых артыстаў прымала Сянно. Урачыста і ўзнёсла гучалі са сцэны словы ўдзячнасці і прызнання настаўнікам Віцебшчыны за высокія працоўныя вынікі, прафесійныя і творчыя дасягненні. Асобна былі адзначаны калектывы ўстаноў адукацыі рэгіёна і іх прадстаўнікі, якія найбольш актыўна і плённа супрацоўніцалі з газетай па выніках 2014 года.
— У руках настаўніцтва — будучыня краіны, — звяртаючыся да педагогаў, адзначыў галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Кнышаў. — Мы ў газеце як ніхто гэта адчуваем. Дзякуй вам за сяброўства з нашым выданнем. Мы робім яго супольна: журналісты, педагогі разам рыхтуюць матэрыялы ў “Настаўніцкую газету”, настаўнікі і вучні з’яўляюцца героямі большасці нашых публікацый. Разам з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі і членамі клуба “Крыштальны журавель” мы праводзім конкурс метадычных распрацовак педагогаў нашай краіны “Адкрыты ўрок”. Сумесна мы падрыхтавалі і сённяшні канцэрт, які праходзіць у рамках інфармацыйна-рэкламнай акцыі “Будзем разам!”. Дзякуй за тое, што ўважліва чытаеце газету, актыўна прапаноўваеце да публікацыі свае артыкулы і метадычныя распрацоўкі, рэалізоўваеце праект па інфармацыйным узаемадзеянні з рэгіёнамі “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”. У рэгіёне адкрыты і паспяхова дзейнічае карэспандэнцкі пункт, і мы заўсёды рады вітаць на старонках газеты вашы новыя матэрыялы і адрасы перадавога педагагічнага вопыту. Пакажыце сябе свету, сваім калегам — на Віцебшчыне многа ёсць такога, чаму варта павучыцца.
За выдатную арганізацыю работы па сумесным праекце калектыву ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама ў асобе яго начальніка Івана Шчурка ўручаны дыплом і каштоўны падарунак. Дыпломамі і каштоўнымі падарункамі адзначаны таксама аддзелы адукацыі, спорту і турызму Верхнядзвінскага, Сенненскага і Чашніцкага райвыканкамаў.
— Мяне, як і, напэўна, усіх у гэтай зале, зараз перапаўняе пачуццё гонару за наша настаўніцтва. Тое, што робяць педагогі — тут, у Сенненскім раёне, у Віцебскай вобласці, па ўсёй рэспубліцы, — заслугоўвае самага шырокага прызнання і вялікай пашаны, — падкрэсліў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. — Я другі раз прысутнічаю на ўрачыстым мерапрыемстве, якое праводзіць для настаўнікаў Віцебшчыны “Настаўніцкая газета”. Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць шчырую падзяку галоўнаму рэдактару, калектыву выдання за цікавы і творчы падыход да арганізацыі свята, за магчымасць яшчэ раз сказаць педагогам словы ўдзячнасці за іх нялёгкую і пачэсную працу. “Настаўніцкая газета” з’яўляецца нашай любімай газетай, і я ўпэўнены, што наша супрацоўніцтва будзе паспяхова і плённа развівацца.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.