Гучным шматгалоссем ліліся прыгожыя беларускія словы на Міншчыне. Так гучала “Жывая класіка”. Адначасова ва ўсіх раёнах вобласці праводзіўся другі этап Рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў.
Дэвіз конкурсу “Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну!” — аб’яднаў хлопчыкаў і дзяўчынак у розных куточках Міншчыны — ад Любані да Мядзела. Усе ўдзельнікі спачатку прайшлі школьны этап конкурсу. Арганізатараў і журы парадавала вялікая колькасць канкурсантаў. Так, у Жодзіне за лідарства змагаліся 40 навучэнцаў, у Чэрвеньскім і Стаўбцоўскім раёнах — па 50, а ў Маладзечанскім — больш за 80 юных чытальнікаў.
Падтрымаць удзельнікаў творчага спаборніцтва прыйшлі іх сябры, бацькі і настаўнікі. Паслухаць чытальнікаў прыходзілі супрацоўнікі бібліятэк і музеяў і проста мясцовыя жыхары. На мерапрыемстве прысутнічалі начальнікі і супрацоўнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму гар- і райвыканкамаў. У кожным раёне на конкурсе прысутнічалі і прадстаўнікі абласных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Так, у Крупках адным з членаў журы была Вольга Уладзіміраўна Савасцюк, у Вілейцы — Віктар Віктаравіч Кажура і Уладзімір Яфімавіч Цанунін, у Любані — Віктар Вацлававіч Сабалеўскі, у Чэрвені — Генадзь Пятровіч Аўласенка і Іван Паўлавіч Ярашэвіч.
Паўсюль конкурсныя мерапрыемствы сталі сапраўдным святам жывога беларускага слова. Гледачы не толькі пазнаёміліся з канкурсантамі, але і ўбачылі творчыя нумары, якія рыхтавалі школьнікі розных устаноў адукацыі.
На Любаншчыне юных чытальнікаў чакалі ў Сароцкай сярэдняй школе. Навучэнцы ўстановы сваімі творчымі выступленнямі віталі гасцей і стваралі добры настрой. У чатырох узроставых катэгорыях выступілі 35 удзельнікаў. Яны чыталі вершы Я.Купалы, М.Багдановіча, Я.Сіпакова, П.Панчанкі, Д.Бічэль-Загнетавай, М.Пазнякова і свайго земляка — паэта І.Муравейкі. Найбольш папулярным на конкурсе творам стала “Кантрабанда” Я.Сіпакова — гэты верш выбралі адразу чатыры юныя чытальнікі.
Было відавочна, што ўдзельнікі старанна рыхтаваліся да конкурсу. На сцэне было прадстаўлена не проста дэкламаванне, а паэтычныя мініяцюры. Дзеці падбіралі музычнае суправаджэнне, рыхтавалі касцюмы, рэквізіт. Але, галоўнае, яны паказалі глыбокае асэнсаванне тэкстаў, неабыякавасць да іх, прадэманстравалі артыстызм і эмацыянальнасць.
Першае месца сярод самых маленькіх удзельнікаў — навучэнцаў пачатковых класаў — заняла Дзіяна Катовіч, вучаніца Кузьміцкай сярэдняй школы. Дзіяна выбрала верш Я.Купалы “Жняя” і цудоўна ўвасобіла на сцэне вобраз руплівай жнейкі, перад якой “каласкі хінуцца”. Сярод навучэнцаў 5—6 класаў лепшай стала Аліна Крайнік, вучаніца Палічынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы з вершам “Родная мова” Пімена Панчанкі. Дзяўчынка прадэманстравала ўменне выбіраць патрэбную інтанацыю, правільна выкарыстоўваць паўзы і жэсты. У наступнай узроставай катэгорыі перамагла Яна Сярчэня, вучаніца Атраднаўскай сярэдняй школы. Дзяўчына выступіла з вершам “Кантрабанда” Я.Сіпакова. Асабліва ўразіла журы Дар’я Раўтовіч, вучаніца сярэдняй школы № 1 Любані. Выступленне Дар’і, якая чытала твор М. Арочкі “Прамаўленні духу Скарыны”, было настолькі шчырым і пранікнёным, што журы без сумненняў прысудзіла ёй перамогу ў старэйшай узроставай катэгорыі.
Напрыканцы мая пераможцы раённага этапу конкурсу збяруцца ў Мінскім абласным ІРА, каб паспаборнічаць за лідарства на абласным этапе.
Дар’я РЭВА.
Фота Галіны ВАРАБЕЙ.