Святлана Бядуля расказала, чаму выпускнікі Нясвіжскай гімназіі аддаюць перавагу медыцыне

- 9:00Главная, Образование

Хімічныя злучэнні, формулы, задачы — у захапляльную мову свайго прадмета настаўніца хіміі Нясвіжскай гімназіі Святлана Бядуля ўлюбіла многіх вучняў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сёння большасць выпускнікоў Святланы Антонаўны — урачы. Толькі ў мінулым годзе ва ўстановы аховы здароўя Нясвіжскага раёна прыйшлі працаваць восем яе былых навучэнцаў.

— Прыемна, што мае выхаванцы падтрымліваюць зносіны паміж сабой, — прызнаецца настаўніца хіміі. — Вельмі радуюся і таму, што ўсе яны прыхо­дзяць да нас на вечар сустрэчы выпускнікоў. Стараюся згурта­ваць вучняў, каб яны ішлі па жыцці разам, падтрымлівалі адно аднаго. Мне вельмі падабаецца працаваць са школьнікамі, адчу­ваць іх непасрэд­насць, цікаў­насць. А яшчэ прыемна, што дзякуючы любові да майго прадмета яны змаглі вызначыцца з будучай прафесіяй.

Сярод тых, хто паглыблена вывучаў хімію для паступлення ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, — былыя аднакласнікі, а сёння сямейная пара — урач-хірург і ўрач-афтальмолаг Нясвіжскай цэнтральнай раённай бальніцы Павел і Кацярына Слепчанка.

— Павел і Каця вучыліся ў адным класе па хіміка-біялагічным профілі і сядзелі адно за адным, — успамінае настаўніца хіміі. — Паша — навучэнец нашай гімназіі з 1 класа, а Каця прыйшла да нас вучыцца ў 10 класе з Гара­дзейскай сярэдняй школы, каб паглыблена вывучаць хімію.

Турніры хімікаў, алімпіяды, дадатковыя заняткі па прадмеце — што б ні праводзілася ў школе, раёне ці вобласці, Кацярына і Павел заўсёды былі ў ліку першых удзельнікаў.

— Аб тым, што стане ўрачом, Паша Слепчанка сказаў мне, калі вучыўся ў 7 класе, — працягвае дзяліцца ўспамінамі С.Бядуля. — Нягледзячы на тое, што яго мама працуе настаўніцай у нашай гімназіі, ён цвёрда ведаў, з чым звяжа свой далейшы лёс. Хімія Паўлу давалася лёгка, таму ён мэтанакіравана ішоў па вызначаным шляху. Дарэчы, з класа, у якім вучыліся Каця і Паша, боль­шасць дзяцей паступіла ў медыцынскі ўніверсітэт. Калі прыходжу ў паліклініку, паўсюль сустракаю сваіх былых вучняў.

Хіміка-біялагічны профіль самы складаны, таму выпадковыя вучні ў яго не прыхо­дзяць — вучацца толькі тыя, хто дакладна ведае, што звяжа жыццё з медыцынай. Да таго ж менавіта ў хіміка-біялагічным профілі больш за ўсё медалістаў.

— Гледзячы на Пашу і Кацю, радуюся, што ў нас такія добрыя вучні, — прызнаецца Святлана Антонаўна. — Паша вельмі адказны, яго ў бальніцы вельмі хваляць. Ён нічога не пакідае без увагі, заўсёды падрабязна распытвае пацыента пра тое, што яго непакоіць. Каця таксама цудоўны спецыяліст, урач-афтальмолаг, якога ўсе любяць за адказнасць і ўвагу. Яна заўсёды праводзіць поўны спектр абследаванняў, каб дасканала разабрацца ў праблеме.

Слухаючы, як іх хваліць настаўніца, маладыя людзі сціпла ўсміхаюцца і гавораць, што вельмі ўдзячныя свайму педагогу за ўсё, што яна зрабіла для іх, што паказала, якая цікавая хімія. Успамінаючы школьныя гады, Павел Слепчанка дапаўняе Святлану Антонаўну і расказвае, што не толькі любоў да хіміі адыграла ключавую ролю ў выбары прафесіі.

— Тое, што стану ўрачом, я ведаў, яшчэ калі вучыўся ў 7 класе, — адзначае ўрач-хірург. — А яшчэ сваю ролю адыгралі словы мамы, якая сказала, што было б цудоўна, каб у сям’і быў урач. Такія довады на многіх не дзейнічаюць, але мне вельмі падабаліся біялогія і хімія, таму я пагадзіўся з мамай. Я прымаў удзел у алімпіядах па гэтых прадметах, падрабязна іх вывучаў.

На пытанне, чаму выбраў менавіта хірургію, П.Слепчанка адказаў, што гэта самы цікавы кірунак. Пасля таго як скончыў БДМУ, малады чалавек прайшоў інтэрнатуру ў Мінскай абласной клінічнай бальніцы, а пасля вярнуўся ў родны Нясвіж.

— Мне падабаецца ставіць дакладныя дыягназы, — прызнаецца ўрач-хірург. — Як спецыяліста мяне больш за ўсё радуе, калі стаўлю пацыенту папярэдні дыягназ, які потым пацвярджаецца. Зусім іншыя эмоцыі перажываю, калі праводзіцца аперацыя: трэба максімальна сканцэнтраваць увагу на пацыенце і зрабіць усё правільна і дакладна, каб дапамагчы яму.

Услед за ўрачом-хірургам прыехала ў Нясвіж і маладая ўрач-афтальмолаг Кацярына Слепчанка. Інтэрнатуру дзяўчына праходзіла ў Бараўлянах — у Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы.

— Калі выбірала прафесію, дакладна ведала, што стану ўрачом, але не магла вызначыцца, якой спецыялізацыі аддаць перавагу, — расказвае пра сябе дзяўчына. — На 6 курсе вырашыла, што стану афтальмолагам — мяне вельмі прыцягвае і заварожвае гэты кірунак медыцыны.

На пытанне, што больш за ўсё падабаецца ў медыцыне і што ў ёй самае цяжкае, К.Слепчанка адказала, што вельмі лю­біць бачыць станоўчую дынаміку ў лячэнні пацыентаў, выводзіць іх у рэмісію.

— Радуе, калі пацыенты слухаюць і выконваюць назначэнні ўрача, калі бачу, што выпісаныя прэпараты дапамагаюць пазбавіцца паталогіі, — тлумачыць урач. — А самае цяжкае — знайсці падыход да тых, хто звяртаецца па дапамогу. Усе людзі вельмі розныя, таму з кожным даводзіцца размаўляць, падбіраючы пэўныя словы. Нехта разумее ўсё адразу, іншым трэба патлума­чыць не адзін раз. Наша прафесія — гэта яшчэ і псіхалогія. Людзей трэба супакоіць, калі яны перажываюць, умела падабраць словы, каб данесці склада­насць дыягназу. Закранаючы тэму дыягназаў, магу сказаць, што не люб­лю, калі людзі іх самі сабе ста­вяць, чытаючы інтэрнэт, а пасля пачынаюць лячыцца, што ў сваю чаргу ўскладняе дыягностыку. Кожны раз нагадваю: не трэба зай­мацца самалячэннем, звярніцеся да ўрача — і вам дапамо­гуць!

Калі ў школьныя гады Павел і Каця абмяркоўвалі хімічныя задачы, то сёння іх асноўная тэма размоў — медыцына. Пара прызналася: яны не стамляюцца дзяліцца адно з адным вопытам, абмяркоўваць дыягназы і рэдкія выпадкі, з якімі сутыкаюцца на рабоце.

— Медыцына — гэта асноўная тэма нашых размоў дома, — у адзін голас гавораць муж і жонка. — Мы раімся адно з адным, дзелімся, з чым давялося сутыкнуцца, асабліва калі гэта адбываецца ўпершыню.

А яшчэ і Каця, і Паша любяць прыходзіць у гімназію, захо­дзіць у клас, дзе яны вучыліся, пася­дзець за сваімі партамі. Для іх гэта прыемная настальгія.

— Вяртацца ў гімназію заўсёды радасна, бо тут нас рады бачыць у любы час, — падагульняе Павел Слепчака. — Мы любім пасядзець за сваімі партамі, паўспамінаць са Святланай Антонаўнай школьныя часы і нават пагаратаць падручнікі. Здаецца, што новага там можна ўбачыць? Але ўсё роўна цікава. Мы вельмі ўдзячныя нашым педагогам за тое, што матывавалі і вучылі, верылі ў нас. Сёння мы дакладна ведаем, што поспех вучня зале­жыць і ад яго самога, а не толькі ад настаўніка. Калі хочаш нечага дасягнуць — трэба старацца, імкнуцца да гэтага. Педагогі абавязкова дапамогуць, калі ўбачаць мэтанакіраванасць і жаданне вучня стаць лепшым.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА