Святлана Паўленіна: падарожжа на цягніку Памяці — магчымасць атрымаць унікальны педагагічны вопыт

- 10:00Главная, Новости

Паездка на цягніку Памяці — унікальная магчымасць атрымаць неперадавальныя эмоцыі ад сустрэчы са слаўным мінулым нашай Радзімы, лічыць педагог з Бабруйска Святлана Паўленіна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Каб стаць пасажырам саставу, Святлана Паўленіна, загадчык аддзела па ўзаемадзеянні з дзіцячымі і мала­дзёжнымі грамадскімі арганізацыямі Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі Бабруйска, прайшла сур’ёзны адбор на рэс­публіканскім конкурсе “Перамогу шануем, герояў памятаем”. Яна стала адзіным педагогам ад Магілёўскай вобласці, які паедзе на славутым цягніку. Паслязаўтра ён адпраўляецца з брэсцкага перона ў падарожжа па гістарычных мясцінах Вялікай Перамогі, і Святлана Уладзіміраўна не можа стрымаць эмоцый:

— Гэты тур памяці для мяне не толькі магчымасць разам з дзецьмі больш даведацца пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, але і атрымаць унікальны прафесійный вопыт. Сустрэцца з педагогамі з іншых краін, знайсці новыя формы работы па грама­дзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей. Я шмат размаўляла з пасажырамі цягніка Памяці мінулага года — усе яны ў вялікім захапленні. Вядома, і мне ўжо не церпіцца адправіцца ў падарожжа. Для свайго будучага атрада я распрацавала шмат цікавых праектаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі паўдзельнічаюць у квесце па гісторыі нашай краіны, а таксама ў гульні “Памяці вечны агонь”. Як педагог выяўленчага мастацтва я правяду для юных пасажыраў майстар-клас па стварэнні закладак для кніг з выкарыстаннем нашых нацыянальных узораў. 

Састаў праедзе і па славутых мясцінах Магілёўшчыны, што для Святланы Ула­дзіміраўны асаб­ліва прыемна.

— Падчас паездкі ў нас з дзецьмі бу­дзе час паразмаўляць, абмеркаваць убачанае, — дадае Святлана Паўленіна. — Бу­дзем дзяліцца гісторыямі пра сваіх родных. Для мяне тэма Вялікай Айчыннай вельмі блізкая. Мой дзед Аўгусцін Мац­веевіч Вінарскі шмат расказваў пра вайну, ён застаў яе 14-гадовым падлеткам.

Актыўна дапамагаў партыза­нам, перажыў тры гады цяжкай акупацыі. Асабліва часта ён успамінаў, як аднойчы разам са сваёй чатырохгадовай сястрычкай, ратуючыся ад немцаў, перапраўляўся на лодцы праз Бярэзіну — шырокую раку з бурнай небяспечнай плынню. Агонь застаў іх ужо на другім беразе. Хлопец, не задумваючыся, закрыў малую ад куль сваім целам, а потым яшчэ некалькі кіламетраў нёс яе, напужаную, на руках у партызанскі атрад. Думаю, падобныя аповеды знойдуцца ў кожнага ў нашым атрадзе.

Я чалавек актыўны, можна сказаць, нават рызыкоўны: аднойчы без усякіх ваганняў скокнула з парашутам! Верыць у свае сілы і нічога не баяцца вучу і дзяцей.

 Святлана Уладзіміраўна з’яўляецца старшынёй Бабруйскага гарадскога савета Беларускай рэс­публіканскай піянерскай арганізацыі, разам з дзецьмі яна прымае ўдзел ва ўсіх значных патрыя­тычных праектах і акцыях. Дарэчы, у Бабруйскай гарадской піянерскай арганізацыі сёння 35 дружын — гэта больш за 15 тысяч піянераў і акцябрат!

— Нас шмат і становіцца ўсё больш: не так даўно на Дзень дзяржаўных сцяга, герба і гімна на Цэнтральнай плошчы Бабруйска адбылося пачэснае прыняцце хлопчыкаў і дзяўчынак у піянеры — у арганізацыю ўступілі адразу 600 чалавек, — паведамляе Святлана Паўленіна. — Гэта наша змена, якую трэба правільна выхоўваць. Так, у рамках акцыі “Ветэран жыве побач” мы наведваем жывых сведкаў вайны. На жаль, саміх ветэранаў засталося ўжо мала, таму ў асноўным гэта дзеці вайны. Таксама прыводзім у парадак помнікі героям, мемарыяльныя комплексы, арганізоўваем для дзяцей пазнавальныя экскурсіі. Я расказваю выхаванцам пра мастакоў, якія стваралі шэдэўры на тэму Вялікай Айчыннай. Адзін з яскравых прыкладаў — Міхаіл Савіцкі і яго 16 несмяротных палотнаў “Лічбы на сэрцы”, якія ня­суць у сабе горкую праўду тых часоў.

Святлана Паўленіна называе сябе мультыпедагогам. Яна працуе ў самай крэатыўнай і творчай установе горада, дзе не толькі вучыць дзяцей маляваць, але і праводзіць з імі шмат пазнавальных урокаў, знаёміць з традыцыямі і гісторыяй малой радзімы. Як лідар піянерскай арганізацыі яна курыруе розныя праекты, кіруе школай эфектыўнага лідарства “Піянерскі менеджмент”, запрашае педагогаў на семінары, інтэнсівы па сучасных формах выхаваўчай работы, арганізоўвае гарадскую ваенна-патрыятычную гульню “Зарніца”. Дарэчы, па выніках дзейнасці за мінулы год яе каманда стала лепшай па Магілёўскай вобласці.

Педагог адзначае, што сучасным дзецям важна як мага больш ведаць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны — на свае вочы ўсё пабачыць, адчуць. Для гэтага яна са сваімі вучнямі рэгулярна наведвае музеі — Бабруйскі краязнаўчы музей, Магілёўскі абласны края­знаўчы музей імя Е.Р.Раманава і інш. А паездка на цягніку Памяці — гэта якраз унікальная магчымасць для яго пасажыраў атрымаць неперадавальныя эмоцыі ад сустрэчы са слаўным мінулым нашай Радзімы, якія застануцца з імі на ўсё жыццё.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота Святланы ПАЎЛЕНІНАЙ