Святлана Якубоўская расказала, як у Ляхавіцкім раёне правядуць летнюю аздараўленчую кампанію

- 17:30Планерка

Заканчваецца навучальны год, наперадзе доўгачаканыя канікулы. Як правядуць іх навучэнцы і якія рамонтныя работы запланаваны ў летні перыяд, карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» даведалася ў начальніка аддзела па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама Святланы Якубоўскай.

Святлана Канстанцінаўна, як прайшлі ў раёне цэнтралізаваныя экзамены?

— Цэнтралізаваныя экзамены прайшлі арганізавана і зладжана на базе гімназіі Ляхавіч з улікам таго, што ў нас быў маленькі пункт — усяго 152 навучэнцы праходзілі выпрабаванні. На другім ЦЭ вучні размеркаваліся па 9 прадметах. З сельскіх населеных пунктаў, а таксама з сярэдніх школ №№ 1 і 2 Ляхавіч вучні падвозіліся аўтобусамі. Усяго было задзейнічана 6 аўтобусаў (2 рэзервовыя). Працаваў буфет, дзяжурылі медыкі. Настаўнікаў было дастаткова — у аўдыторыях працавалі па тры педагогі і адзін дырэктар. З боку Камітэта дзяржкантролю ніякіх заўваг не было. З нецярпеннем чакаем вынікаў. У раёне 6 медалістаў, і мы спадзяёмся, што яны пацвердзяць свае медалі. Перажываем, безумоўна.

Лічу, што практыцы ЦЭ быць. Па-першае, паменшылася нагрузка на вучняў. На лінейцы ім не трэба думаць пра выпускныя экзамены. Па-другое, ёсць права выбару. Яшчэ летась усе пісалі матэматыку, а сёлета тыя, каму яна не патрэбна пры паступленні, не здавалі яе, а выбралі той прадмет, які неабходны.

— Як будуць аздараўлівацца вучні раёна?

— 40 % школьнікаў плануецца аздаравіць гэтым летам. 360 школьнікаў будуць адпачываць у кругласутачным лагеры «Чайка» (4 змены), які карыстаецца вялікай папулярнасцю ў дзяцей і іх бацькоў і ў які пуцёўкі былі заказаны яшчэ ў красавіку, і 440 — наведваць дзённыя лагеры. У раёне плануецца адкрыць 33 лагеры дзённага знаходжання. Іх работа будзе арганізавана на працягу трох месяцаў. У чэрвені дзяцей прыме сярэдняя школа № 1 Ляхавіч, у ліпені — гімназія, а ў жніўні навучэнцы адпачнуць на базе спартыўнай школы. Месцы ў лагерах мы прадугледзелі для дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў. У другую змену будуць праходзіць аздараўленне дзеці з цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

Профільны абаронча-выратавальны лагер расчыніць свае дзверы на базе Падлескай базавай школы і будзе працаваць у цесным супрацоўніцтве з РАНС.

Другасная занятасць таксама будзе арганізавана для дзяцей, якія апынуліся ў сацыяльна-небяспечных умовах. Свае працоўныя атрады, дзе будуць задзейнічаны дзеці з нашых школ, арганізоўвае і БРСМ. Яго прадстаўнікі ў асноўным падпісваюць дамоўленасці з мясцовымі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі. Работа ў працоўных атрадах карыстаецца папулярнасцю. Для дзяцей гэта і занятасць, і магчымасць зарабіць грошы. У гімназіі, дарэчы, будзе створана група другаснай занятасці — навучэнцы будуць працаваць на мясцовым кансервавым заводзе.

Калі пачнецца падрыхтоўка школ да новага навучальнага года?

— Ужо з 1 чэрвеня ў тых установах, дзе не будуць працаваць аздараўленчыя лагеры, пачынаецца актыўная падрыхтоўка да пачатку новага навучальнага года. Адзін з самых маштабных праектаў плануецца рэалізаваць у СШ № 1 Ляхавіч: правесці капітальны рамонт харчаблока. На гэтыя мэты з раённага бюджэту выдзелена 661 тыс. рублёў. Плануецца, што на базе гэтай школы, а таксама на базе гімназіі і Востраўскай сярэдняй школы будзе праходзіць эксперымент па апрабацыі новага меню.

Ва ўстановах адукацыі раёна пройдуць і бягучыя рамонты, запланавана замена напольнага пакрыцця, рамонтныя работы дахаў, закупка халадзільнага тэхналагічнага абсталявання. У падрыхтоўку ўключацца і падшэфныя прадпрыемствы і арганізацыі.

Сёлета мы аптымізуем адну ўстанову адукацыі — закрываецца Задворскі дзіцячы сад. Такое рашэнне было прынята з улікам таго, што там заставалася 6 дзетак. Былі праведзены растлумачальныя гутаркі з бацькамі, педагогамі. Працаўладкаваны ўсе педагогі і тэхперсанал. А дзяцей будзем падвозіць у Ляхавічы.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара