Унікальнаму сямейнаму экіпажу, у складзе якога поплеч працуюць муж і жонка, непасрэдна ў полі ўручылі пуцёўку ў прафсаюзны санаторый.
Для мужа і жонкі Паўла і Таццяны Богдан з ААТ “Граніт-Агра” Дзятлаўскага раёна гэта ўжо чацвёртая сумесная ўборачная кампанія. Прычым на работу на камбайне Таццяна выходзіла нават у час дэкрэтнага водпуску. Працуе пара на беларускім камбайне КЗС 1218 “Палессе GS12”: шэсць гадоў назад машыну з завода за якасную работу ўручылі механізатару Паўлу Богдану. “За гэты час сур’ёзных праблем не было. Камбайн надзейны, камфортны. Але тое, як ён працуе, залежыць перш за ўсё ад чалавека. Калі добра падрыхтуеш, то непрыемных сюрпрызаў у полі не будзе”, — адзначае ён. З жонкай, кажа Павел Богдан, поўнае ўзаемаразуменне як у быце, так і ў рабоце. Камбайн яна ведае не горш за механіка. Разам яны намалацілі ўжо каля 500 т збожжа.
Унікальны экіпаж, а ў Гродзенскай вобласці ён адзіны ў такім складзе, непасрэдна ў полі ўшанавалі прадстаўнікі прафсаюзаў. Старшыня абласной арганізацыі прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў Аксана Дзесятнічэнка ўручыла маладому сямейнаму экіпажу пуцёўку на 12 дзён у санаторый з поўным комплексам медыцынскіх паслуг. “Прафсаюзы заўсёды вялікую ўвагу ўдзялялі аздараўленню працоўных. Такім чынам мы вырашылі заахвоціць унікальны сямейны экіпаж. Іх вопыт — выдатны прыклад таго, што моладзь можа сябе рэалізаваць і ў вёсцы”, — адзначыла яна. Уручыў каштоўны падарунак камбайнерам і старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Іван Алізаровіч, які адзначыў, што сёння ў вобласці працуюць 104 сямейныя экіпажы. Часцей за ўсё на камбайнах сумесна працуюць бацькі з сынамі і браты, а вось жанчын на ўборцы няшмат, заўважыў ён.
Уборачная кампанія ў Гродзенскай вобласці набірае тэмпы. Збожжавыя ўбраны амаль на 50% плошчаў. Намалочана больш за 690 тысяч т збожжа. Сярэдняя ўраджайнасць — больш за 44 ц/га. У лідарах уборкі Гродзенскі раён: тут у некалькіх гаспадарках ураджайнасць перасягнула 90 ц/га.
У цэлым па краіне, па данных БелТА на 11 жніўня, збожжавыя і зернебабовыя культуры ўбраны з 1108,7 тысячы га, што складае 51,1% ад агульнай плошчы.
У Беларусі намалочана больш за 3,979 млн т збожжа, з якіх больш за 1,014 млн т — аграрыямі Брэсцкай вобласці, 893,5 тысячы т — Мінскай. У Гомельскай і Гродзенскай абласцях намалочана 647,9 тысячы т і 695,7 тысячы т адпаведна, у Магілёўскай — 464,6 тысячы т, у Віцебскай, якая апошняй уключылася ў жніво, — 263,1 тысячы т.
Лідарам уборкі па-ранейшаму з’яўляецца Брэсцкая вобласць, дзе ўбрана 81,8% плошчаў.
У сярэднім з аднаго гектара ў бягучым годзе аграрыі ўбіраюць 35,9 ц збожжа.