Пра знакамітую беларускую лёгкаатлетку Настассю МірончыкІванову чулі ўсе. Але нямногія ведаюць, што яе сям’я ўяўляе сабой сапраўдную дынастыю педагогаў фізічнай культуры.
Выхаваў чэмпіёнку
Бацька спартсменкі Сяргей Аляксеевіч Мірончык выкладае фізічную культуру і здароўе ў сярэдняй школе № 13 Слуцка. Ён захапіўся спортам яшчэ ў дзяцінстве і дапамог пасябраваць з ім сваёй дачцэ.
— Насця нарадзілася ў сям’і педагогаў, — расказаў Сяргей Аляксеевіч. — Мама — настаўніца пачатковых класаў, я — фізічнай культуры і здароўя з 35-гадовым працоўным стажам. У 5 класе мы аддалі Насцю на лёгкую атлетыку. Спачатку яна сумяшчала трэніроўкі з заняткамі ў мастацкай школе, але, калі пачала перамагаць на раённых і абласных спаборніцтвах, вырашыла засяродзіцца на спорце. Затым змагла паказаць добры вынік на рэспубліканскім першынстве і працягнула навучанне ў Рэспубліканскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву. Якраз тады адбыўся пераломны момант: Насця правяла там тыдзень-другі і вярнулася дадому. Але мы яе пераканалі, і, мяркуючы па выніках, усё было не дарма. Неўзабаве прыйшоў і міжнародны поспех: дачка заваявала сярэбраны медаль на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы сярод моладзі.
З дзяцінства фізкультура была маім любімым прадметам. Памятаю, у 9 класе выканаў нарматыў на першы разрад па зімовым мнагаборстве. Туды ўваходзілі стральба, лыжная эстафета і падцягванне. Асабліва добра атрымалася праявіць сябе ў апошнім элеменце праграмы: падцягнуўся 30 разоў. Пасля школы паступіў у Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры. Там маім класным кіраўніком была алімпійская чэмпіёнка 1964 года гімнастка Алена Уладзіміраўна Ваўчэцкая, таму стараўся пераймаць каштоўны спаборніцкі вопыт, заняткаў не прапускаў.
Любоў да спорту ў нас — гэта сямейнае. У школьныя гады мы з братам пастаянна ўдзельнічалі ў гарадскіх і абласных спаборніцтвах. Затым мая дачка стала спартсменкай з сусветным імем, а пляменніца выкладае фізкультуру ў сярэдняй школе № 11 Слуцка.
Па слядах бацькі
Брат Сяргея Леанід Аляксеевіч Мірончык выкладае фізічную культуру і здароўе ў сярэдняй школе № 11 Слуцка. Ён не толькі прывіў сваёй дачцэ любоў да спорту, але і дапамог вызначыцца з прафесіяй.
Цяпер падрастае ўнук. Моцны, высокі — даныя выдатныя. Хто ведае, можа, і ён у будучыні звяжа сваё жыццё са спортам і фізічным выхаваннем.
— У школьныя гады фізкультура мне давалася лёгка, — адзначыў Леанід Аляксеевіч. — Да таго ж я адчуваў рэальную карысць ад заняткаў, станавіўся ўсё мацнейшым. Гэты прадмет дапамагае арганізму развівацца фізічна, падтрымлівае цела ў тонусе. Дзякуючы фізкультуры, менш хварэеш і ў цэлым адчуваеш сябе лепш. Яшчэ я часта падарожнічаю па краіне, люблю турызм. Калі дачка крыху падрасла, пастаянна браў яе з сабой. Лене так усё гэта падабалася, што яна вырашыла пайсці па маіх слядах, хоць першапачаткова мы з жонкай хацелі, каб яна стала ўрачом. Аддалі ў ліцэй на падрыхтоўчыя курсы, ужо рыхтавалі дакументы для паступлення ў медыцынскі ўніверсітэт. Але ў апошні момант яна адмовілася. У кампаніі будучых медыкаў ёй аказалася нецікава, таму вырашыла паступаць у педагагічны. Цяпер ужо можна сказаць, што гэтае рашэнне было лёсавызначальным, бо яна стала сапраўдным прафесіяналам і знайшла сваё месца ў жыцці.
Сініца ў руках
Дачка Леаніда Аляксеевіча дасягнула не толькі поспеху ў кар’еры, але і сямейнага шчасця. Падчас навучання ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка Алена пазнаёмілася з будучым мужам.
За 10 гадоў работы ў якасці настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя і Дзяніс Віктаравіч, і Алена Леанідаўна атрымалі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Яны бачаць сябе ў гэтай прафесіі і максімальна рэалізуюць уласны патэнцыял.
— Мы з Дзянісам вучыліся ў адной групе, а цяпер выкладаем у школе № 11 разам з татам, — расказала Алена Леанідаўна. — Падчас першага года работы мы асвойваліся і імкнуліся пераймаць вопыт у старэйшых калег. Затым я пайшла ў дэкрэтны водпуск, а адразу пасля яго заканчэння мне прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Першапачаткова планавала годна выступіць на раённым этапе, але ў выніку выйшла ў рэспубліканскі фінал. “Крыштальнага жураўля” заваяваць не ўдалося, але “Сінічка” за перамогу сярод педагогаў Мінскай вобласці — таксама дастойны вынік. Вельмі дапамаглі бацька і муж: мы разам складалі майстар-класы і рыхтаваліся да ўсіх этапаў праекта.
Пасля ўдзелу ў гэтым конкурсе з’явілася ўпэўненасць ва ўласных сілах. Я атрымала статус маладога спецыяліста ў сваёй галіне. У 2017 годзе рыхтавала да ўдзелу ў раённым этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі двух навучэнцаў нашай школы. Яны прайшлі ў фінал і занялі там
3-е месца. Высокія вынікі надаюць стымул, запальваюць агонь у вачах. Зараз алімпіяда ўжо мае рэспубліканскі статус, а яе прызёры атрымліваюць ільготы пры паступленні ў профільныя навучальныя ўстановы. Гэта матывуе і выкладчыкаў, і навучэнцаў, дапамагае ўсвядоміць, што фізкультура можа адкрыць перспектывы для выбару жыццёвага шляху.
У нашай школе дзеці гэты прадмет вельмі любяць. Важна паказаць вучню, што тут ён можа дасягнуць поспеху. Калі ў яго загараюцца вочы, ён сам пачынае імкнуцца да большага і расці як фізічна, так і ментальна. Таксама не трэба саромецца хваліць дзяцей. Яны павінны адчуваць падтрымку, а таксама мець правільны прыклад перад вачамі.
Змена падрастае
Дзяніс Віктаравіч Сасноўскі працуе разам з жонкай і спецыялізуецца на настольным тэнісе і валейболе. Акрамя педагагічнай дзейнасці, выкладчык не забывае аб уласным фізічным развіцці: гуляе ў аматарскай лізе па футболе. А летась, выступаючы за каманду педагогаў Слуцкага раёна, Дзяніс Віктаравіч стаў чэмпіёнам Мінскай вобласці па валейболе.
— Многія пытаюцца, ці не ўзнікае паміж намі рознагалоссяў на тэму таго, як выбудоўваць сістэму работы. Наадварот, мы ідэальна дапаўняем адно аднаго ў адукацыйным працэсе за кошт правільнага размеркавання сфер дзейнасці. Напрыклад, я разам з Леанідам Аляксеевічам больш займаюся падрыхтоўкай да спартакіяды, а алімпіяда па фізічнай культуры і здароўі — ніва Алены, — заўважыў Дзяніс Віктаравіч.
Не абавязкова дасягаць вяршынь ва ўсіх відах спорту. Можна засяродзіцца на адной дысцыпліне ці нават на асобным практыкаванні, якое атрымліваецца ў падапечнага.
Другі год запар нашы навучэнцы ўдзельнічаюць у праекце “Лепшы спартыўны клас”. У мінулым годзе яны сталі чэмпіёнамі вобласці, а ў гэтым пастараюцца паўтарыць поспех. Галоўнае, што наладжана сістэмная работа, калі старэйшыя дзеці падаюць прыклад і падцягваюць малодшае пакаленне. Нядаўна пяцёра нашых падапечных прайшлі ў другі тур міжнароднай алімпіяды Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, выйграўшы канкурэнцыю ў трохсот удзельнікаў. Таксама рэгулярна праводзіцца дыстанцыйная алімпіяда для педагагічных работнікаў. Мы ўдзельнічалі ў ёй у 2019 і 2022 гадах. Атрымалася, што са Слуцкага раёна ў нас тры дыпломы — у мяне, у жонкі і ў Леаніда Аляксеевіча. Увогуле, усёй сям’ёй працуем зладжана і вынікова, стараемся ахапіць як мага больш спаборніцтваў.
Дачка падрастае. Пытаецца, кім ёй быць. Наконт працягу дынастыі пакуль не загадваем, але ў алімпіядзе будзе ўдзельнічаць адназначна.
Дзмітрый АРХІПЕНКА.