Перыяд навагодніх і калядных свят — час чакання непаўторных цудаў. Новы каляндарны год у кожнага з нас асацыіруецца з новым пачаткам, калі верыцца ў тое, што наперадзе — толькі самае добрае і светлае. У хрысціянскіх вернікаў гэтае адчуванне яшчэ больш моцнае з-за святкавання Нараджэння Хрыстова.
Такім чынам, на мяжы года свецкае свята новага пачатку цесна пераплятаецца з рэлігійным і ў сэрцы чалавека расцвітае чаканнем незвычайнага і вельмі прыемнага цуду. Мы, дарослыя, быццам дзеці, заміраем у спадзяванні: можа, вось ён, гэты цуд, прама ў паветры, можа, яго можна адчуць, удыхнуць, дакрануцца да яго… Як удыхнуць водар ялінкі і мандарынаў…
Зразумела, можна. Таму што сапраўднае навагодняе шчасце — гэта пабыць разам са сваёй сям’ёй.
Атуліць бацькоўскай пяшчотай любімых малышоў і гарэзлівых падлеткаў.
Убачыцца з дарослымі дзецьмі і іх сем’ямі, пагушкаць унукаў.
Наведаць пажылых бацькоў ці хаця б патэлефанаваць ім у гэты перыяд зімовага чакання цуду. Каб кожны член сям’і адчуў: ён самы важны сын, брат, бацька, дзядуля; сям’я поўная толькі разам з любімай дачушкай, матуляй, бабуляй. І гэта самае галоўнае, што дае нам навагодні і калядны цуд, — адчуванне еднасці, цэласнасці сям’і і яе невымернай каштоўнасці для кожнага з нас.
Традыцыйная для нашага грамадства дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” чарговы раз дэманструе, што чужых дзяцей не бывае. Ёсць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія часова трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. Атуліць іх сямейным цяплом, падарыць кропельку навагодняга і каляднага цуду — гонар для кожнага беларуса. Адзенне і абутак, канцылярскія прылады і спартыўны інвентар, камп’ютарную тэхніку і кнігі, а таксама салодкія падарункі атрымліваюць у перыяд навагодніх і калядных свят маленькія выхаванцы дзіцячых інтэрнатаў і дамоў сямейнага тыпу, апякунскіх і прыёмных сем’яў, цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзеткі-інваліды і пацыенты дзіцячых бальніц.
Навагодні цуд прыходзіць у кожны дом, да кожнага дзіцяці, бо ўсе мы — адна вялікая сям’я з аднолькавымі на ўсіх сямейнымі каштоўнасцямі.
Шчасце не ў колькасці шыкоўных падарункаў, а ў асалодзе быць побач з любімымі людзьмі.
Твой дом там, дзе цябе прымаюць і любяць такім, які ты ёсць.
Сям’я не вымяраецца колькасцю людзей і домам “поўная чаша”. Яна вымяраецца глыбінёй любові, павагі да старэйшага пакалення і клопату пра малодшае.
Гэта і ёсць сапраўдны цуд. І няхай яго ў 2022 годзе будзе пабольш!
Вядучая рубрыкі Наталля КАСТЭНКА.