Сярэдні памер пенсіі павінен павялічвацца

- 10:20Інфармацыйная гадзіна

Зніжаць узровень пенсіённых выплат недапушчальна, заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Марыяна Шчоткіна ў час круглага стала па пенсіённай рэформе.

“Задача сёння для ўсіх адна: сярэдні памер пенсіі павінен павялічвацца, — заявіла міністр. — Нехта прапануе для гэтага павысіць працэнт адлічэнняў у фонд сацыяльнай абароны: замест аднаго працэнта, які выплачвае работнік цяпер, прапануюць адлічваць два. Наша меркаванне наконт гэтага — няхай лепш гэты працэнт работнік накіруе на добраахвотнае пенсіённае страхаванне”.
Тэма добраахвотнага пенсіённага страхавання шырока абмяркоўвалася на круглым стале. На думку многіх удзельнікаў, яно дасць магчымасць, не ламаючы цяперашнюю салідарную сістэму, дыферэнцыраваць пенсіённыя выплаты і палепшыць матэрыяльнае становішча будучых пенсіянераў. Цяпер заканадаўства прадугледжвае магчымасць страхавання дадатковай пенсіі як з боку работнікаў, так і з боку наймальнікаў. Прафсаюзныя камітэты пэўных прамысловых прадпрыемстваў дабіліся ўключэння ў калектыўныя дагаворы нормы аб дадатковым пенсіённым страхаванні. Удзельнікі круглага стала сышліся на думцы, што такая практыка павінна атрымаць больш шырокае распаўсюджванне.
Акрамя таго, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) Міхаіл Орда заявіў, што ў пенсіённым фондзе ёсць дэфіцыт сродкаў. Калі не прымаць меры, то з кожным годам дэфіцыт будзе ўсё больш адчувальны. “У такой сітуацыі дзяржава, па сутнасці, стаіць перад выбарам: або павышаць пенсіённы ўзрост, або змяншаць пенсіённыя выплаты. З апошнім прафсаюзы, безумоўна, не могуць пагадзіцца. Наадварот, мы гаворым, што трэба індэксаваць пенсіённыя выплаты”, — заявіў кіраўнік ФПБ.