Сярэдняя школа № 16 Оршы і Наньчанская школа замежных моў КНР падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве

- 11:34Образование

Цырымонія анлайн-падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве прайшла паміж сярэдняй школай № 16 Оршы і Наньчанскай школай замежных моў Кітайскай Народнай Рэспублікі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Подпісы ў дакументах паставілі дырэктары ўстаноў Галіна Кабешава і спадарыня Вань Ін.

Ад Аршанскага райвыканкама з прывітальным словам выступіў намеснік старшыні Віктар Калачоў.

У анлайн-рэжыме адбыўся дыялог паміж навучэнцамі і педагогамі Наньчанскай школы і аршанскімі школьнікамі. Кожны бок расказаў пра сваю краіну, установу, а таксама прадставіў жывёлу – сімвал сваёй Радзімы. У Кітаі гэта журавель, а ў Беларусі – бусел. Школьнікі паабяцалі абмяняцца гэтымі сімваламі ў знак моцнага сяброўства.

***

 

Ва ўстановах адукацыі Аршанскага раёна з 2014 г. праводзіцца вялікая работа па вывучэнні кітайскай мовы і культуры. Сёння больш за 450 навучэнцаў у чатырох школах спасцігаюць мову Паднябеснай, у тым ліку 200 дзяцей у трох школах вывучаюць кітайскую як асноўную замежную мову.

Навучэнцы раёна – актыўныя ўдзельнікі і пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд па кітайскай мове, міжнародных конкурсаў, уладальнікі розных прэмій.

На базе сярэдняй школы № 16 Оршы адкрыты кабінет Канфуцыя, які стаў унікальным культурным і адукацыйным цэнтрам не толькі раёна, але і Віцебскай вобласці.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы