Напярэдадні Дня касманаўтыкі ўспомнім пра вялікі ўклад, які ўнёс у гэтую сферу заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь Сяргей Абламейка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргея Абламейку размеркавалі ў Інстытут тэхнічнай кібернетыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Так у акадэміка ўзнікла цесная сувязь з касманаўтыкай, якая працягваецца па гэты дзень. У 80-я гады інстытут пачаў займацца апрацоўкай здымкаў зямной паверхні, якія з’яўляюцца складовай часткай прыкладной касманаўтыкі. Стала магчымым атрымліваць здымкі са спадарожніка для вырашэння гаспадарчых задач. Разам з намеснікам дырэктара інстытута Барысам Берагавым акадэмік курыраваў гэтыя работы з 1993 года. Дарэчы, усе праекты ў касмічнай сферы ў Беларусі каардынаваліся Інстытутам тэхнічнай кібернетыкі. Такім вось чынам, у якасці прыкладнога інфарматыка, Сяргей Уладзіміравіч наблізіўся да космасу. А ў 2014 годзе ў выдавецкім цэнтры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пад аўтарствам Сяргея Абламейкі выйшла кніга “Касманаўтыка Беларусі” аб станаўленні касманаўтыкі ў краіне, выдатных людзях і інавацыях у гэтай сферы.
— У нас мноства арганізацый, якія адказваюць за развіццё касманаўтыкі. Работа ідзе актыўна. Напрыклад, у акадэміі навук Беларусі дзейнічае прадпрыемства “Геаінфармацыйныя сістэмы”, якое вызначана Нацыянальным аператарам Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Яно кіруе першым спадарожнікам, запушчаным у краіне, які лятае ўжо больш за 10 гадоў. Дарэчы, цяпер прадпрыемства рыхтуе другі спадарожнік, — расказвае прафесар.
У Беларускім дзяржаўным універсітэце ў 2010 годзе адкрылася спецыяльнасць “Аэракасмічныя радыёэлектронныя і інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”. Яна якраз накіравана на распрацоўку аэракасмічных тэхналогій. Ёсць і сумежныя спецыяльнасці ў гэтым кірунку, такія як геаінфармацыйныя сістэмы, прыборабудаванне, радыётэхніка, мікра- і нанаэлектрамеханічныя сістэмы. Што тычыцца юных касманаўтаў, то для іх праводзяцца экскурсіі, тэматычныя мерапрыемствы ў Мінскім планетарыі. Дзеці прыязджаюць з розных школ краіны.
— Восенню 2018 года адбыўся запуск першага беларускага ўніверсітэцкага нанаспадарожніка BSUSat-1. Зараз гэты спадарожнік — лятаючая вучэбна-навуковая лабараторыя для студэнтаў факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій. Яго галоўная задача — навучыць студэнтаў поўнаму цыклу распрацоўкі і выкарыстання касмічных апаратаў. Кожны жадаючы можа адсочваць перамяшчэнне BSUSat-1, паколькі праект універсітэцкага нанаспадарожніка даступны на сайтах bsusat.com і satellite.by. Пасля запуску першага спадарожніка выкладчыкі разам са студэнтамі адразу ж пачалі работу над другім. Ужо сёлета плануецца яго запуск. Калі казаць пра BSUSat-1, то ён зроблены пры падтрымцы расійскіх калег. А другі — цалкам выкананы нашымі суайчыннікамі, — падзяліўся Сяргей Уладзіміравіч.
Прафесару цікава было б самому ўбачыць космас, але навуковая дзейнасць у гэтым кірунку не менш цікавая.
— Усё, чаго мы дасягнулі ў жыцці, — толькі дзякуючы бацькам і настаўнікам. Мне ў гэтым плане пашанцавала. І школьныя настаўнікі, і выкладчыкі ўніверсітэта аказалі на мяне вялікі ўплыў, — заключыў Сяргей Абламейка.
Настасся ЧАРКАНАВА