Кожны дзясяты кілаграм прадуктаў харчавання ў Маскве — беларускі. Аб гэтым заявіў мэр Масквы Сяргей Сабянін на сустрэчы са старшынёй Мінскага гарвыканкама Андрэем Шорцам.
“Падпісанае тры гады назад пагадненне сур’ёзна актывізавала супрацоўніцтва Мінска і Масквы, — сказаў Сяргей Сабянін. — За некалькі апошніх гадоў амаль у два разы павялічыліся пастаўкі беларускіх прадуктаў харчавання ў Маскву. Кожны дзясяты кілаграм прадуктаў харчавання ў Маскве — з Беларусі”.
Мэр Масквы падкрэсліў, што жыхары расійскай сталіцы любяць беларускую прадукцыю, яна якасная і прымальная па цэнах.
Акрамя таго, адзначыў Сяргей Сабянін, мінчане актыўна ўключыліся ў будаўніцтва маскоўскага метрапалітэна, удзельнічаюць як у яго ўзвядзенні, так і ў праектаванні. “Паміж Масквой і Мінскам сапраўды братэрскія адносіны”, — сказаў ён.
Андрэй Шорац таксама выказаў меркаванне, што супрацоўніцтва Мінска і Масквы актыўна ўмацоўваецца. Паводле яго слоў, Дні Мінска ў Маскве прадставілі жыхарам расійскай сталіцы не толькі эканамічную і кірмашовую праграму, але і вялікую культурную частку.
“Упэўнены, што Дні Мінска ў Маскве дадуць штуршок развіццю двухбаковых адносін”, — сказаў старшыня Мінгарвыканкама.
Па выніках сустрэчы Андрэй Шорац і Сяргей Сабянін падпісалі сумесную заяву. Акрамя таго, у прысутнасці мэраў дзвюх сталіц падпісаны наменклатура і аб’ёмы магчымых паставак харчовых тавараў з Беларусі ў Маскву ў 2018 годзе, а таксама мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя насельніцтва.