Сяргей Сачко: «Льготы выпускнікам НДТ пры паступленні ва УВА — важны крок у развіцці адукацыі краіны»

- 10:22Интервью, Образование

Як у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку выбудоўваецца адукацыйная і прафесійная траекторыя адоранай моладзі, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася ў дырэктара ўстановы Сяргея Сачко.

Сергей Сачко технопарк

— Сяргей Міхайлавіч, давайце ўзгадаем, як са студзеня 2021 года развіваўся тэхнапарк?

— Мы пачыналі з трох адукацыйных напрамкаў і супрацоўніцтва з БДУ, БДУІР, БДТУ і БНТУ. Паралельна пачалося будаўніцтва трох аб’ектаў: вучэбна-­лабараторнага корпуса, тэхнадома і агульнаадукацыйнай школы.

З лістапада мінулага года, як пачалі функцыянаваць нашы новыя карпусы, мы арганізавалі больш за 160 мерапрыемстваў на іх базе. У нас праводзіцца не толькі вялікая вучэбная, але і пазавучэбная дзейнасць. Нашы навучэнцы рэгулярна наведваюць музеі Мінска і сталічныя машынабудаўнічыя прадпрыемствы-флагманы.

Да таго ж сёння мы не толькі займаемся навучаннем адораных школьнікаў, але і рэалізоўваем дадатковую адукацыю дзяцей і моладзі. Тэхнапарк каардынуе, метадычна і арганізацыйна падтрымлівае работу 12 цэнтраў і 42 аддзелаў тэхнічнай творчасці, 150 шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі краіны.

На мой погляд, тое, што мы павінны былі зрабіць за гэты перыяд, у нас паспяхова атрымалася.

— Колькі адукацыйных напрамкаў у тэхнапарку і якія з іх самыя папулярныя?

— У нас 15 адукацыйных напрамкаў. У сярэднім на адно месца прэтэндуе 3,5 чалавека. Лі­дзіруюць ІТ-напрамкі, дзе конкурс даходзіць да 10—11 чалавек на месца.

Таленавіты падлетак можа прыехаць у тэхнапарк два разы за навучальны год. Мы разумеем, што ён не павінен трапіць на адну і тую ж праграму, таму кожная наша змена адрозніваецца ад папярэдніх. Зараз мы абнавілі змест 20 вучэбных праграм.

Тэхнапарк актыўна ўзаемадзейнічае з БДУ, БНТУ, БДТУ, БДУІР. А яшчэ ў нас ёсць сумесныя вучэбныя праграмы з Ваеннай акадэміяй Рэспублікі Беларусь (“Машыны і рухавікі. Аўтамабілебудаванне”, “Выкарыстанне тэхналогій віртуаль­най і дапоўненай рэальнасці ў вучэбных сістэмах”) і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй авіяцыі (“Авіякасмічныя тэхналогіі”).

— Трапіць на навучанне ў тэхнапарк няпроста, бо конкурс сапраўды вялікі. Тым, хто марыць аб навучанні ў вас, калі пачынаць рыхтавацца і ствараць праекты?

— Як мага раней. Увогуле, каб стаць навучэнцам тэхнапарка, вучням 9—11 класаў неабходна прайсці два этапы. У час першага (завочнага) этапу наша прыёмная камісія разглядае пададзеныя заяўкі і вызначае лепшыя даследчыя праекты. На другім (вочным) этапе старшакласнікі выконваюць тэставыя заданні на вызначэнне ўзроўню тэхнічнага, аналітычнага і прасторавага мыслення, а таксама праходзяць субяседаванні для вызначэння напрамку навучання.

Да таго ж мы ўлічваем вынікі ўдзелу ў міжнародных і рэспуб­ліканскіх мерапрыемствах, конкурсах работ даследчага характару, канферэнцыях, турнірах юных фізікаў і матэматыкаў, конкурсах інавацыйнай, навукова-тэхнічнай творчасці, наяўнасць навукова-даследчага праекта, а таксама высокія паказчыкі ў вучобе.

— Выпускнікі тэхнапарка, пачынаючы з гэтага года, маюць прэферэнцыі пры паступленні ва УВА. Ці многія з іх скарысталіся такой магчымасцю?

— Тэхнапарк сёння — установа, у якой выбудоўваецца адукацыйная і ў будучым прафесійная траекторыя таленавітай мола­дзі. Юныя даследчыкі прыходзяць да нас са сваім праектам, выконва­юць пэўныя крытэрыі, атрымліваюць рэкамендацыі наглядальнага савета і паступаюць ва ўніверсітэты па субяседаванні. У адпаведнасці з навацыямі ўступнай кампаніі — 2023, нашы выпускнікі без экзаменаў паступалі ва УВА на спецыяльнасці профіляў “Тэхніка і тэхналогіі” і “Прыродазнаўчыя навукі”. Па выніках гэтага навучальнага года нашу рэкамендацыю атрымалі 58 навучэнцаў (47 адзі­наццацікласнікаў і 11 дзевяцікласнікаў) для залічэння ва УВА і ліцэі без уступных экзаменаў. 23 нашы выпускнікі паступілі ва ўніверсітэты па рэкамендацыі наглядальнага савета тэхнапарка.

Пакуль не так шмат рэкамендацый, бо гэта толькі пачатак работы. Зараз нашы навучэнцы добра разумеюць, што, каб атрымаць такую льготу для паступлення, ім неабходна наведаць вочную змену, прайсці завочнае дыстанцыйнае навучанне, выканаць паказчык па сярэднім бале паспяховасці.

Ільготы для паступлення ва ўніверсітэты тэхнічнага профілю матывуюць адораную моладзь паступаць у нацыянальныя УВА, дзе маладыя людзі будуць працягваць займацца навуковай і даследчай дзейнасцю, а ў далейшым папоўняць склад маладых вучоных.

Наша задача — не стра­ціць ніводнага адоранага навучэнца, усяляк яго падтрымліваць і дапамагаць рухацца па дадзенай траек­торыі. Я ўпэўнены: яны — гэта будучыя кадры для розных інавацыйных галін нашай экано-
мікі.

— Якімі распрацоўкамі навучэнцаў і выпускнікоў тэхнапарка вы асабліва ганарыцеся?

— Безумоўна, ёсць праекты, якія заслугоўваюць асаблівай увагі. Так, навучэнец Андрэй Мамаеў распрацаваў новую тэхналогію атрымання актываванага вугалю з вельмі высокай удзельнай паверхняй 1200—1600 м2/г і ўтрыманнем мезапор 90—95%. Новая тэхналогія ажыццяўляецца па метадзе тэрмахімічнай актывацыі, не патрабуе інертнай атмасферы і высокіх тэмператур і паспяхова рэалізавана на прадпрыемстве “БумТара”.

Не менш важны даследчы праект Даміра Уласевіча “Экаўпакоўка “БелБіяПак”. Кампазіцыйны матэрыял для пакавання малочнай прадукцыі складаецца з 5 біяраскладальных пластоў. Яшчэ адзін яго перспектыўны праект “Тэхналогія вырабу пакавальнага біяраскладальнага матэрыялу (плёнкі)” для пакавання круп, цукерак, пірожных, рыбы, мясных прадуктаў, арэхаў, мёду і інш. Трывалая бяс­колерная ці афарбаваная плёнка вырабляецца з прыродных харчовых палімераў на аснове крухмалу з рознымі смакавымі ўласцівасцямі, не таксічная і біясумяшчальная. Прызначана для захавання якасці харчовых прадуктаў і падаўжэння іх тэрміну годнасці.

Аляксандр Вінакураў стварыў праект “Абарона канфідэнцыяльнай інфармацыі ад несанкцыянаванага доступу з дапамогай прылад відэаназірання”. У ліпені ён атрымаў пасведчанне Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці на распрацаваную камп’ютарную праграму Alvina, якая прызначана для ананімізацыі твараў на фота- і відэавыявах у анлайн-рэжымах работы вэб-камеры.

У сваю чаргу Сяргей Орсік у рамках даследчага праекта “Сістэма распазнання эмацыянальнага стану персаналу EmotionIQ” стварыў сістэму для распазнання і адсочвання эмацыянальнага стану супрацоўнікаў. Сістэма прызначана для павышэння іх прадукцыйнасці.

Навучэнцы Ягор Валіеў і Кацярына Макарэня распрацавалі праграмны модуль сінтэзу моваподобных сігналаў і атрымалі патэнт на карысную мадэль “Прылада абароны інфармацыі ад уцечкі па акустычных і вібрацыйных каналах”.

Навучэнцы тэхнапарка ствараюць па-сапраўднаму годныя праекты, якія можна не проста прадстаўляць на канферэнцыях і конкурсах, але і ў далейшым паспяхова ўкараняць у рэальны сектар эканомікі.

— Сяргей Міхайлавіч, а як далей будзе развівацца тэхнапарк?

— Сёння юным даследчыкам мы даём магчымасць удасканальваць веды на павышаным узроўні. Калі яго праект варты ўвагі, то мы дапамагаем у яго прасоўванні. Безумоўна, мы таксама арыентуемся на рэальны сектар эканомікі. Прычым калі ў канцы кожнай адукацыйнай змены ў нас праходзіць публічная абарона праектаў, то мы запрашаем на яе не толькі прадстаўнікоў УВА, але і прадпрыемстваў. Думаем, што такая адукацыйная траекторыя спрацуе і перарасце ўжо ў прафесійную, бо пэўнае прадпрыемства заўважыць патэнцыял нашага адоранага навучэнца. Спа­дзяюся, што такіх зацікаўленых прадпрыемстваў стане больш.

Асноўная мэта нашай установы, каб адоранае дзіця стала не толькі грамадзянінам нашай дзяржавы, але і высакакласным і кваліфікаваным спецыялістам. Над гэтай задачай мы і будзем далей працаваць.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА