Сяргей Шамінскі — пра кнігу «Настаўнік года 2023»: «Асабіста для мяне яна дарагая і памятная»

- 12:00Новости

У музеі сістэмы адукацыі Рагачоўскага раёна адбылася прэзентацыя кнігі “Настаўнік года 2023”, выпушчаная Выдавецкім домам “Педагагічная прэса”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У зале музея за круглым сталом дырэктар Выдавецкага дома Кацярына Дубінская, намеснік старшыні Рагачоўскага райвыканкама Кацярына Раждаева, начальнік аддзела адукацыі Рагачоўскага райвыканкама Алена Клачкова і прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці абмеркавалі шэраг пытанняў — новыя напрамкі развіцця адукацыі, механізмы папулярызацыі педагагічных прафесій, рэалізацыю інавацыйных ідэй, захаванне традыцый творчасці і стварэння ў Год якасці.

— Сістэма адукацыі — гэта ў першую чаргу людзі, а на старонках “Настаўніцкай газеты” і ўсіх выданняў, якія ўваходзяць у склад “Педагагічнай прэсы”, педагог — галоўны чалавек і заўсёды ў цэнтры ўвагі, — адзначыла Кацярына Эдуардаўна. — Крылы растуць за спінай, калі ў гарадах і сёлах нашай славутай Беларусі, а цяпер на Рагачоўшчыне ўдаецца пазнаёміцца з неверагодна таленавітымі прадстаўнікамі адукацыйнай галіны.

Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года” трыумфальна прайшоў у мінулым годзе. Пасля яго завяршэння было вырашана сабраць усе матэрыялы пра фіналістаў, якія друкаваліся ў “Настаўніцкай”, пад кніжную вокладку. У аснову цыкла матэрыялаў ляглі журналісцкія інтэрв’ю, эсэ, нарысы пра самых таленавітых педагогаў краіны, іх жыццёвы вопыт і прафесійнае станаўленне. У выніку кніга “Настаўнік года 2023” атрымалася змястоўнай і непаўторнай.

Дарэчы, першае выданне было ўручана міністру адукацыі Беларусі Андрэю Іванцу. Паступова кнігі атрымаюць усе 56 герояў.

У музеі сістэмы адукацыі Рагачоўскага раёна дырэктар Выдавецкага дома Кацярына Дубінская ўручыла кнігі пераможцу конкурсу настаўніку выяўленчага мастацтва (а таксама чарчэння, працоўнага навучання, айчыннай і сусветнай мастацкай культуры) Доўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна Сяргею Шамінскаму, з якога і пачынаецца кніга.

Таксама глянцавыя экзэмпляры атрымалі настаўніца хіміі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 4 Рагачова імя В.С.Вялічкі Таццяна Лашакова і настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 5 Іна Беразюк.

— Упэўнены, што многія калегі — героі матэрыялаў будуць неверагодна шчаслівыя трымаць такое выданне ў руках. Асабіста для мяне яно дарагое і памятнае, — адзначыў Сяргей Шамінскі.

— Кніга “Настаўнік года 2023” стане адной з самых чытальных у бібліятэцы метадычнай службы сістэмы адукацыі Рагачоўшчыны. Упэўнена, тыя педагагічныя і метадычныя ідэі, якія прагучалі ў кнізе, знойдуць сваё ўвасабленне ва ўстановах адукацыі раёна, што ў сваю чаргу дасць магчымасць і ў далейшым трымаць высокі вынік у галіне адукацыі, — сказала Алена Клачкова.

Напрыканцы сустрэчы Алена Вітальеўна адрасавала словы падзякі ад аддзела адукацыі Рагачоўскага райвыканкама калектыву Выдавецкага дома і яе дырэктару Кацярыне Дубінскай.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара