Сяргей Шупляк: «У першую чаргу я педагог, а потым ужо гісторык, з дзяцінства ўлюбёны ў свой прадмет»

- 15:09Персона

Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з дэ­канам гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Сяргеем Шупляком, у сям’і якога склалася дынастыя педагогаў і навукоўцаў.

Яго бацька Пётр Аляксеевіч Шупляк — вядомы беларускі гісторык, педагог, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, аўтар шматлікіх навуковых публікацый. Прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта мае розныя ўзнагароды. Нарадзіўшыся ў вёсцы на Міншчыне, ён, дзякуючы свайму таленту, не толькі атрымаў вышэйшую адукацыю, але і некаторы час вучыўся ў аспірантуры Енскага ўніверсітэта імя Ф.Шылера ў Германіі. Потым шмат гадоў працаваў у БДУ, у тым ліку на пасадзе дэкана гістарычнага факультэта.

— Бацька, вядома, аказаў на мяне вялікі ўплыў, — расказ­вае Сяргей Шупляк. — Але ў маёй сям’і былі яшчэ педагогі. Родная сястра таты ў 60-х гадах скончыла фізіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педінстытута імя А.М.Горкага і потым 35 гадоў працавала настаўніцай у Маладзечанскім раёне — спачатку ў роднай вёсцы Брускаўшчыне, потым у іншых сельскіх школах. Мой стрыечны брат таксама некаторы час быў настаўнікам гісторыі ў тым жа раёне, а яшчэ адзін стрыечны брат пайшоў па навуковай гістарычнай сцежцы, абараніў кандыдацкую дысертацыю.

— Сяргей Пятровіч, з такой сямейнай гісторыяй вам, напэўна, наканавана было ­стаць педагогам.

— Можа, і так: у школе мяне вельмі захапляла гісторыя, асабліва Старажытнага свету. І зараз гэта мая асноўная навуковая тэматыка. Але, як ні дзіўна, у старшых класах я больш цікавіўся тэхнікай — наведваў гурткі авіямадэлявання, праграмавання, радыёэлектронікі. У нейкі момант мяне вельмі захапіла фізіка, я нават падумваў звязаць сваё жыццё з дакладнымі навукамі. Да таго ж я кожны дзень бачыў, якая на самай справе складаная праца педагога, на прыкла­дзе баць­кі — часта яму прыхо­дзілася дапазна затрымлівацца на рабоце, пасада ў яго была вельмі адказная. Ён шмат займаўся навуковай дзейнасцю. Асноўнай яго тэмай быў прафсаюзны рух і стачачная барацьба ў Германіі ­20—30-х­ гадоў XX стагоддзя — тэма тады вельмі папулярная. Баць­ка быў цалкам адданы сваёй справе. Але лёс усё ж такі прывёў мяне на гістарычны факультэт БДУ. А падчас навучання ў аспірантуры я прыйшоў працаваць у БДПУ на кафед­ру гісторыі старажытных цывілізацый. У наступным го­дзе будзе ўжо 20 гадоў, як я тут. Можна сказаць, вырас у гэтым універсітэце як педагог і гісторык, а пачынаў некалі з асістэнта выкладчыка, вёў семінарскія заняткі. Потым стаў намеснікам дэкана, зараз ужо трэці год дэкан. Давялося мне працаваць і настаўнікам гісторыі ў школе, такім чынам, ведаю тонкасці выкладання свайго прадмета як студэнтам, так і дзецям.

— Ці думалі ў студэнцтве, што станеце дэканам?

— Ніколі не марыў. Зноў жа, на прыкладзе бацькі ўсвядоміў, якая гэта цяжкая справа, і мяне, шчыра кажучы, гэта пужала. Гістарычны факультэт тады быў даволі вялікі, мноства кафедр, студэнтаў… Было шмат пытанняў і праблем, якія часам патрабавалі экстраннага вырашэння. Тым не менш якраз тое, што мяне цікавіла не толькі сама гісторыя, але і методыка выкладання, прывяло мяне менавіта сюды, у педагагічны ўніверсітэт. Можна сказаць, мае інтарэсы паступова перафармаціраваліся з гістарычных на педагагічныя. Дысертацыю я абараніў па гісторыі рэлігіі Сярэднявечча — гэта была акадэмічная навука. А зараз пішу работы па ўкараненні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у працэс выкладання гісторыі: гэта педагогіка. Галоўныя пытанні на сёння — як падрыхтаваць добрага настаўніка гісторыі, павысіць якасць адукацыі. Наш факультэт вельмі практыка-арыентаваны: практыка ў студэнтаў пачынаецца ўжо з першага курса.

— На выкладанне гісторыі глядзіце праз прызму сучаснасці?

— На мой погляд, педагогіка, як і гісторыя, — навука кансерватыўная. Так, сучасныя тэхналогіі — важная частка маіх навуковых інтарэсаў, і нават мая апошняя публікацыя прысвечана таму, як можна выкарыстоўваць на занятках чат GPT, але на практыцы прагрэсіўныя тэхналогіі трэба выкарыстоўваць акуратна. Далёка не на кожным уроку патрэбны відэафільмы, планшэты ці тэлефоны — мы павінны захаваць у дзяцей навык карыстання звычайным падручнікам, кнігай, бо гэта зусім іншы метад успрымання інфармацыі. Не так даўно я чытаў, напрыклад, што ў Фінляндыі, дзе ў школах у свой час адбыўся пэўны крэн у карыстанне электроннымі дапаможнікамі, зараз ідзе адкат назад: дзяцей зноў прывучаюць да друкаванай літаратуры. Ва ўcім патрэбны баланс:  тэхналогіі, той жа штучны інтэлект павінен дапама­гаць настаўніку, а не замяняць яго.

— Калі ўзначальваць факультэт было больш складана — 30 гадоў назад ці сёння?

— Адназначна ў пачатку 90-х, калі мой бацька быў дэканам: на зломе дзвюх эпох, палітычных сістэм. Гэта быў час разгубленасці, калі было незразумела, куды рухацца, усе падручнікі гісторыі тады перапісваліся з нуля. Зараз таксама няпросты час — век рознабаковай інфармацыі, у якой несфарміраваную яшчэ моладзь трэба вучыць правільна арыентавацца. І на мне як кіраўніку факультэта ляжыць вялікая адказнасць за ідэалагічную, выхаваўчую работу са студэнтамі. Вось чаму галоўнае ў маёй працы, лічу, педагогіка, а потым ужо гісторыя. Вельмі люблю наш універсітэт: у яго слаўная гісторыя, гэтыя сцены памятаюць шмат выдатных выпускаў. Адсюль выйшла мноства прафесіяналаў.

— Ці лёгка вам самому давалася гісторыя ў школе?

— Я скончыў сталічную сярэднюю школу № 157 імя А.С.Бурдзейнага, мне пашчасціла мець выдатных педагогаў, якія сталі для мяне добрым прыкладам на ўсё жыццё. Наш настаўнік гісторыі ўмеў так падаць матэрыял, што яго ўрокі нікога не пакідалі абыякавым. Пры тым што падручнікі тады, у сярэ­дзіне 90-х, былі складзены,
на мой погляд, не вельмі ўдала: было шмат фактычнага матэрыялу, цяжкага для засваення. Але наш настаўнік прыдумаў свой алгарытм работы з гэтым падручнікам, які рабіў для нас запамінанне фактаў лёгкім. Гісторыю я любіў: памятаю, як у 5 класе доўга і старанна размалёўваў контурную карту Старажытнага Егіпта: мая работа мела поспех, трапіла на школьную выставу. І вось гэты момант поспеху, магчыма, стаў для мяне ў пэўным сэнсе праф­арыентацыйным. Любоў да гісторыі Старажытнага свету і Сярэднявечча засталася са мной на ўсё жыццё, і зараз гэта адна з асноўных сфер маіх навуковых інта­рэсаў. Падобны метад выстаў прымяняю і на сваіх лекцыях: у канцы заняткаў даю студэнтам невялікае заданне, потым лепшыя работы дэманструюцца, каб студэнты пагля­дзелі на работы адно аднаго, параўналі, зрабілі высновы.

— Працягваючы тэму дынастыі: ці будзеце рады, калі ваша маленькая дачка ў свой час стане настаўніцай ці гісторыкам?

— Буду рады, калі яна выбера сабе работу па душы. Шчыра кажучы, лічу, што гісторыя як сур’ёзная навуковая дысцыпліна пады­дзе далёка не кожнай жанчыне, бо яна патрабуе жорсткага стратэгічнага і практычнага мыслення. Часцей за ўсё менавіта мужчыны-гісторыкі становяцца выдатнымі кіраўнікамі: дастаткова паглядзець на нашага Прэзідэнта. Да таго ж адзін з галоўных аспектаў гэтай навукі — гісторыя розных войн, дзе трэба добра разбірацца ў тактыцы, стратэгіі. А вось педагогіка сёння прапануе вельмі шырокае кола для самарэалізацыі, у тым ліку ў сумежных прафесіях. Наогул у сучасным свеце педагогіка перасякаецца з такімі навукамі і сферамі дзейнасці, ад якіх яшчэ гадоў 20—30 назад яна была вельмі далёка. Напрыклад, з медыяпедагогікай. Інфармацыйныя тэхналогіі таксама цесна ўвайшлі ў педагогіку. Знайсці сябе ў той ці іншай галіне можа амаль кожны выпускнік. Але галоўнае — тая база, якая закладзена ў будучых спецыялістаў, якасць іх адукацыі. А гэта ўжо наша задача: выхаваць педагога, гісторыка і патрыёта нашай краіны.

 Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА