Сярод асноўных прыярытэтаў — супрацоўніцтва ў адукацыйнай і навуковай сферах

- 10:58Інфармацыйная гадзіна

У ходзе візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Туркменістан былі падпісаны 11 дакументаў па развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах.

Так, быў падпісаны шэраг дакументаў аб развіцці ўзаемадзеяння ў сферы адукацыі. Дагаворы аб супрацоўніцтве заключылі Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі і Туркменскі дзяржаўны інстытут эканомікі і кіравання, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна і Туркменскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С.Сейдзі, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт і Туркменскі дзяржаўны інстытут эканомікі і кіравання, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт і Дзяржаўны энергетычны інстытут Туркменістана.

Паміж Полацкім дзяржаўным універсітэтам і Міжнародным універсітэтам нафты і газу быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве. Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і акадэмія навук Туркменістана падпісалі Пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, адукацыі і падрыхтоўкі кадраў.

Важнымі дакументамі сталі Пагадненне паміж урадамі Беларусі і Туркменістана аб супрацоўніцтве ў галіне барацьбы са злачыннасцю і Праграма супрацоўніцтва ў галіне турызму паміж Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і Дзяржаўным камітэтам Туркменістана па турызме на 2017—2018 гады.

Бакі таксама падпісалі два пратаколы: аб зацвярджэнні пералікаў тавараў, якія будуць вызваляцца ад ПДВ пры пастаўках для гандлёвых дамоў; аб зацвярджэнні Плана мерапрыемстваў па рэалізацыі праграмы міжурадавага супрацоўніцтва ў культуры і мастацтве на 2017—2020 гады.

Як патлумачыў міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка, дагаворы, якія былі падпісаны ў час афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Туркменістан паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі дзвюх дзяржаў, прадугледжваюць не толькі падрыхтоўку туркменскіх студэнтаў у Беларусі, але і ўзаемадзеянне паміж ВНУ ў навукова-тэхнічнай сферы, павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы.

На гэты час паміж ВНУ абедзвюх краін падпісана 18 дакументаў аб супрацоўніцтве. “Думаю, гэтае супрацоўніцтва будзе пашырацца”, — сказаў Ігар Карпенка.

Таксама Беларусь прапануе туркменскаму боку развіваць узаемадзеянне ў галіне прафесійна-тэхнічнай адукацыі. “Тут мы можам аказаць садзейнічанне, разгледзець магчымасць стварэння сумесных навучальных устаноў на тэрыторыі Туркменістана”, — растлумачыў міністр.

Цяпер каля 9 тысяч студэнтаў з Туркменістана атрымліваюць у Беларусі вышэйшую адукацыю па розных спецыяльнасцях, у тым ліку медыцынскіх, тэхнічных, тэхналагічных, гуманітарных і педагагічных.