Сярод лепшых — педагогі і кіраўнікі ўстаноў адукацыі

- 12:10Інфармацыйная гадзіна

Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў уручыў дзяржаўныя ўзнагароды лепшым прадстаўнікам працоўных калектываў. Урачыстая цырымонія прайшла ў Палацы Рэспублікі ў Мінску.

Узнагароды з рук прэм’ер-міністра атрымала амаль 130 чалавек.

“У зале прысутнічаюць урачы, сацыяльныя работнікі, выкладчыкі, вучоныя, работнікі прамысловасці, будаўнікі, супрацоўнікі падатковых органаў, пракуратуры, чыгуначнікі, творчая інтэлігенцыя, дзяржаўныя служачыя. Кожны з вас унёс свой уклад у развіццё незалежнай і квітнеючай Беларусі”, — адзначыў Ан дрэй Кабякоў.

Ён канстатаваў, што ўзнагароджваецца вялікая група чыгуначных рабочых. “Я шчыра рады сустрэчы з вамі напярэдадні дня ўтварэння Беларускай чыгункі, якой у снежні спаўняецца 155 гадоў. Многія з вас аддалі роднай магістралі не ад зін дзясятак гадоў і не ўяўляюць свайго жыцця без чыгункі. Вы аснова працоўнага калектыву і прыклад адданасці сваёй справе. Дзякуючы вашай працы, забяспечваецца перавозачны працэс пры безумоўным гарантаванні бяспекі руху і эксплуатацыі чыгуначнага транспарту”, — сказаў прэм’ер-міністр.

Высокімі ўзнагародамі адзначана і праца дарожных рабочых, пры непасрэдным удзеле якіх пабудавана другая кальцавая аўтамабільная дарога вакол Мінска.

Паводле слоў Андрэя Кабякова, паспяхова выконвае пастаўленыя задачы і флагман айчыннага аўтамабілебудавання — Беларускі аўтамабільны завод, прадстаўнікі якога таксама ў ліку ўзнагароджаных. “Прадпрыемства ўпэўнена справілася з перыядам спаду попыту на прадукцыю, правяло сур’ёзную мадэрнізацыю тэхналагічных працэсаў, пашырыла лінейку тэхнікі, што выпускае. І як вынік — расце вытворчасць як у грашовым, так і ў колькасным выражэнні. БелАЗ адваяваў трэць сусветнага рынку, займае другое месца ў свеце, і ёсць усе перадумовы для таго, што гэтыя тэмпы будуць захаваны”, — падкрэсліў кіраўнік урада.

Высокімі ўзнагародамі адзначаны важны асабісты ўклад у развіццё аптычнага прыборабудавання работнікаў холдынга “БелОМА”. “Тут распрацоўваюцца і выпускаюцца высакаякасныя оптыка-электронныя, лазерныя і оптыка-механічныя вырабы, якія адпавядаюць сусветным стандартам і патрабаванням. Упэўнены, што і ў далейшым холдынг зможа працаваць, пашыраючы асартымент выпускаемай прадукцыі і актыўна прасоўваючы яго на сусветны рынак”, — заявіў прэм’ер-міністр.

Падзякі прэзідэнта ўручаны і работнікам лясной галіны, многія з якіх прынялі актыўны ўдзел у ліквідацыі наступстваў урагану ў Мінскай вобласці, калі з-за разгулу стыхіі загінула каля 3,5 млн м2 лесу.

Сярод узнагароджаных — прадстаўнікі будаўнічай галіны. “Для захавання тэмпаў жыллёвага будаўніцтва, у тым ліку і з дзяржпадтрымкай, урад прадаўжае работу над вырашэннем шэрага пытанняў. Сярод іх — уключэнне ў жыллёвае будаўніцтва крэдытных рэсурсаў усіх камерцыйных банкаў, а таксама паступовае зніжэнне ўзроўню працэнтных ставак па банкаўскіх крэдытах, што прадастаўляюцца на агульных умовах. Нядаўна прынята пастанова ўрада, якая прадугледжвае накіраванне на крэдытаванне жылля па праграме адраснага субсідзіравання больш як Br425 млн”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Прэм’ер-міністр таксама ўручыў узнагароды педагогам і кіраўнікам устаноў адукацыі розных узроўняў. “Яны ўнеслі значны ўклад у развіццё нацыянальнай сістэмы адукацыі, падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў і выхаванне моладзі, павышэнне якасці працэсу навучання за кошт укаранення ў практыку сучаснага метадычнага забеспячэння і выкарыстання новых адукацыйных тэхналогій. Даступная і якасная адукацыя — гэта інвестыцыі ў будучыню краіны, ключавы механізм забеспячэння ўстойлівага развіцця”, — падкрэсліў ён.
У зале прысутнічалі пракурорскія работнікі, а таксама супрацоўнікі падатковай службы. Андрэй Кабякоў заявіў: “Гэта людзі, якія штодзень знаходзяцца на варце эканамічнай бяспекі краіны. Высока адзначаны іх значныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці”.

Таксама сярод узнагароджаных — дзяржаўныя служачыя. Заслужаныя ўзнагароды Андрэй Кабякоў уручыў прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі. “Дзяржава і ў далейшым будзе падтрымліваць таленавітых і адораных творчых асоб”, — запэўніў прэм’ер-міністр.

“У Год навукі, якім абвешчаны 2017-ы, асабліва прыемна ўручыць заслужаныя ўзнагароды нашым вучоным. Вашы дасягненні запатрабаваны не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Цяпер распрацоўваецца Стратэгія развіцця навукі і тэхнікі на 2030—2040 гады. Гэта найважнейшы дакумент, які вызначыць перспектывы развіцця навукі і эканомікі краіны на дзесяцігоддзі. Гэтую стратэгію дэталёва разгледзяць дэлегаты II з’езда вучоных, які пройдзе ў хуткім часе. Упэўнены, прынятыя на з’ездзе рашэнні дадуць магчымасць надаць дынамізм развіццю навукі”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Прэм’ер-міністр завяршыў выступленне словамі Уінстана Чэрчыля: “Песіміст бачыць цяжкасць у кожнай магчымасці, аптыміст бачыць магчымасць у кожнай цяжкасці”. Ён пажадаў прысутным аптымізму, веры ў лепшае, новых здзяйсненняў і адкрыццяў, развіцця і поспехаў ва ўсіх пачынаннях.