Такі шчаслівы выпадак

- 13:49Культура

Яна стаяла ля вытокаў легендарнага ВІА “Верасы”, іх дуэт з мужам стаў творчым тандэмам, які ведала і любіла ўся краіна. Народная артыстка Беларусі Ядвіга Паплаўская расказала пра свой творчы шлях, настаўнікаў, блізкіх людзей і сямейныя каштоўнасці.

Сямейнае трыа

— Ядвіга, бацька быў вашым першым музычным настаўнікам?

— Усё ў жыцці пачынаецца з сям’і: адчуванне бацькоўскіх рук, цяпла, дабраты і спакою захавалася і грэе мяне і сёння. Бацькі выхоўвалі нас у любові, той самай, надзвычайнай, якая ўмяшчае ў сабе прыгажосць прыроды, чалавечых адносін, музычных гукаў, прывівалі нам паняцці гонару, сумлення і справядлівасці. І, вядома, бацька хацеў, каб дзеці, якія мелі абсалютны слых, — мая старэйшая сястра Хрысціна, я і наш малодшы брат Часлаў — таксама сталі музыкантамі.

— Ён жа яшчэ і марыў стварыць з вас сямейнае трыа?

— Марыў. Наша кватэра нагадвала музей музычных інструментаў: фартэпіяна, кларнет, скрыпка, акардэон, нават піянола і фісгармонія… Так што музыка ўвесь час гучала ў нашым доме. А ў нашым двары па вуліцы Куйбышава, што складаўся з пяці двухпавярховых дамоў, жылі сем’і артыстаў Рускага, Опернага, Купалаўскага тэатраў і іншыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, зносіны з якімі пакінулі яркі след у маёй памяці. Яшчэ прыгадваю, як кожнае лета да нашага пад’езда пад’язджаў грузавік, куды ў першую чаргу загружалася піяніна, а затым увесь неабходны бытавы скарб, і мы ехалі да бабулі на хутар, дзе праводзілі цудоўныя летнія месяцы.

— Бегалі, лазілі па дрэвах, купаліся, загаралі?

— Вядома, як усе дзеці. І ў дадатак старанна займаліся музыкай. Што тычыцца нашага трыа, Хрысціна ў свае 5 гадоў ужо была маленькай піяністкай, сапраўдным вундэркіндам, аб яе таленце пісалі ў газетах і часопісах, здымалі дакументальныя фільмы. Па татавай задуме, я павінна была іграць на скрыпцы, а Чэсік на віяланчэлі. Але ідэя не ажыццявілася, і мне прыйшлося перасесці за фартэпіяна.

— Затое класным скрыпачом стаў Часлаў, яго добра памятаюць паклоннікі “Песняроў”.

— Так. Ён быў яркім, тэхнічным скрыпачом, да таго ж валодаў нізкім, прыемным барытонам і ўнёс у агульны песняроўскі каларыт сваю індывідуальную ноту.

— У школе ў вас былі добрыя педагогі?

— Усе трое, сястра, брат і я, паступілі ў сярэднюю спецыяльную музычную школу пры Белдзяржкансерваторыі, дзе дырэктарстваваў выдатны настаўнік і музыкант Ізраіль Рыгоравіч Герман. А педагогі былі проста неверагоднымі! Назаўсёды запомніўся дзень 1 верасня і наша першая настаўніца па агульнаадукацыйных прадметах Аляксандра Антонаўна Бабчынская. Яна была падобная да казачнай бабулі — добрай, з ласкавымі вачыма, павучальнай… Па класе фартэпіяна я займалася ў Віргініі Міхайлаўны Валодзінай, цудоўнага чалавека, выдатнага педагога і выхавальніка. Вучні любілі, любяць і ўспамінаюць яе з удзячнасцю да гэтага часу. На выкладчыкаў мне ўвогуле шанцавала. Пазней, у кансерваторыі, урокі Ліліі Завенаўны Тэр-Мінасян былі проста захапляючыя.

Зорачкі ў “Артэку”

— Вы вучыліся ў кансерваторыі па класе фартэпіяна, атрымлівалі класічную адукацыю, здавалася б, з будучай прафесіяй усё зразумела. Аднак на 4 курсе кардынальна памянялі курс і пераключыліся на эстраду…

— Гэта не было выпадковасцю. Яшчэ ў раннія школьныя гады мы з сястрой захапіліся так званай лёгкай музыкай, хоць яна лічылася для нашай кансерватыўнай навучальнай установы як бы забароненым плодам. А ён, як вядома, салодкі. Пачалося з пласцінкі “Вакол свету” з песнямі Элвіса Прэслі, Дзіна Рыда, Карэла Гота, якую мы з сястрой Хрысцінай тайна купілі на сэканомленыя ад снеданняў грошы. У той час па радыё гучала музыка Цфасмана, Дунаеўскага і іншых папулярных аўтараў. Лёгкія для ўспрымання мелодыі з фільмаў “Вясёлыя хлопцы”, “Волга-Волга” ды многія іншыя вельмі падабаліся нам.

Худзенькая, мініяцюрная, мілавідная, у модных красоўках, рознакаляровых штанах, маечцы і бейсболцы, яна падобна да студэнткі, не адразу пазнаеш у ёй легенду айчыннай эстрады.

І вось у школе паміж заняткамі мы з Хрысцінкай на фартэпіяна ў чатыры рукі ігралі іх нашым аднакласнікам. Гэта была такая ціхая радасць… Але абавязкова нехта стаяў ля дзвярэй і, убачыўшы дырэктара, папярэджваў: “Стоп, Герман ідзе!” Мы адразу пераключаліся на класіку, Ізраіль Рыгоравіч паслухае, ну, маўляў, малайцы дзеці, і ідзе далей. А далей ужо, у старшых класах, прыйшло захапленне джазам і іншымі стылямі.

— А следам ці паралельна, верагодна, “бітламі” і іншымі зоркамі рок-н-рола?..

— Ну вядома. З “Бітлз”, дарэчы, была звязана наступная гісторыя. Так атрымалася, што мы прынялі ўдзел у прэм’ерным выкананні ў Мінскай філармоніі “Рэквіема” Дзмітрыя Кабалеўскага. Кампазітар быў літаральна зачараваны намі, і пры яго садзейнічанні нас усіх адправілі на адпачынак ва Усесаюзны піянерлагер “Артэк”. Прытым не толькі хор, але і скрыпічны ансамбль, дзе іграў мой брат Часлаў. “Артэк” у той час быў элітным дзіцячым лагерам, у якім адпачывалі, напрыклад, і маленькія дочкі Юрыя Гагарына, і Анастас Мікаян са сваімі ўнукамі…

— Сярод унукаў Мікаяна не было выпадкова Стаса Наміна?

— Хутчэй за ўсё, і маленькі Стас таксама там быў. А нямецкія дзяўчынкі, з якімі я пазнаёмілася, падарылі мне некалькі фатаграфій “Бітлз”. У Мінску здымкаў такой якасці ў маіх знаёмых не было, і паколькі “бітламанія” ў нас ужо пачынала квітнець, многія мне ўпотай зайздросцілі. Пазней я падарыла гэтыя фатаграфіі аднаму заўзятаму фанату “Бітлз”, калекцыянеру. Ён быў шчаслівы!

“Верасы” і Ціхановіч

— У канцы 1960-х — пачатку 1970-х мы ўжо на ўсю моц захапляліся заходняй рок-музыкай і джазам, — працягвае Ядвіга. — Памятаю, у мяне сабралася невялікая бібліятэка інструментальных п’ес і песень, якія я на слых перапісвала з пласцінак і бабін, прывезеных знаёмымі музыкантамі з-за мяжы. На маё радаснае здзіўленне, некаторыя ноты, напісаныя простым алоўкам, захаваліся да сённяшняга дня.

Да гэтага мы маглі бачыць і чуць замежныя гурты “ўжывую” толькі, скажам, на канцэртах у Палацы спорту, дзе выступалі замежныя артысты з сацкраін, балгары, югаславы, палякі.

— Ці праўда, што Аляксандр Ціхановіч, ужо калі стаў басістам і салістам “Верасоў”, заляцаўся да  вас гады два ці больш, перш чым вы далі згоду стаць яго жонкай?

— Ідэя стварыць гэты ансамбль у 1971 годзе належала студэнтцы 4 курса харавога аддзялення Белдзяржкансерваторыі Таісіі Тлехуч. Менавіта яна заразіла сваіх сябровак і мяне прапановай стварыць гурт, падобны да “Песняроў”, але толькі жаночы. Кіраўніцтву філармоніі гэтая ідэя спадабалася, так і з’явіліся “Верасы”.

Таісія Міронава-Тлехуч зараз дацэнт, выкладчык рэгенцка-пеўчага аддзялення Мінскага духоўнага вучылішча, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне”.

А Саша да “Верасоў” працаваў у іншых калектывах. І калі ў 1973 годзе мы зрабілі наш ВІА змешаным, што давала большыя магчымасці ў разнастайнасці рэпертуару і дыяпазону гучання, тады ў нас і з’явіўся Аляксандр Ціхановіч — бас-гітарыст і вакаліст. А што да яго заляцанняў, то да мяне ён “падбіраўся” паступова, спачатку праводзячы дадому… нашу Таісію.

Саша падабаўся многім дзяўчатам — імпазантны, усмешлівы, камунікабельны хлопец і выдатны музыкант. Але ў адзін цудоўны дзень ён пачаў далікатна і прыгожа заляцацца да мяне, у нас былі душэўныя зносіны, мы адно аднаму спадабаліся і ў выніку потым ажаніліся.

Гэтае лета для Ядвігі Паплаўскай — асаблівае, напоўненае сумнымі і светлымі ўспамінамі. 20 чэрвеня споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння яе бацькі Канстанціна Іосіфавіча, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, вядомага хормайстра, дырыжора, педагога, фалькларыста, кампазітара. А 13 ліпеня мог бы адсвяткаваць 70-годдзе Аляксандр Ціхановіч, які заўчасна пайшоў з жыцця.

Мы пражылі дзіўнае, складанае, прыгожае, насычанае жыццё, у якім навучыліся з дапамогай песень дарыць людзям сваю любоў! І самае вялікае шчасце, што гэтая любоў аказалася ўзаемнай!

Саша быў цудоўным чалавекам, добрым, цёплым, душэўным, які адгукаўся на любую бяду, з кім бы яна ні здарылася. Мне яго вельмі не хапае…

“Славянскі базар” — свята для ўсіх

— Калі за вамі зачыняюцца адны дзверы, адчыняюцца іншыя, сказаў класік. Пасля вымушанага расставання з “Верасамі”, якім аддалі 15 гадоў, мне здаецца, вы сталі яшчэ больш папулярнай. Ці не стаў гэты адыход адным са шчаслівых выпадкаў, што пераклікаецца з назвай аднайменнай песні ў вашым выкананні?

— Што тычыцца песні “Шчаслівы выпадак”, то, паводле сюжэту Ларысы Рубальскай, героі песні пазнаёміліся ў аўтобусе. Атрымалася так, што гэта пераклікаецца і з нашай з Сашам гісторыяй кахання, якая таксама пачалася падобна. Мы ехалі ў аўтобусе з нейкага канцэрта, я сядзела ля акна. Ноч, бездарожжа, мяне ўкалыхвала туды-сюды… Саша падсеў да мяне, калі я ўжо засынала, і на світанні я прачнулася ў яго на плячы з адчуваннем цяпла, надзейнасці і абароненасці, нечага прыемнага, роднага. З таго часу ўсё і пачалося.

— Днямі ў Віцебску завяршыўся “Славянскі базар”. Вы з мужам на гэтым музычным фестывалі заўсёды былі жаданымі гасцямі.

— Так! І ўсё гэта ў памяці, выдатных уражанняў засталося безліч. “Славянскі базар” стаў брэндам нашай рэспублікі. Гэта заўсёды свята і для гаспадароў, і для гасцей, на ім можна ўбачыць і абняць сваіх калег, з якімі ты даўно сябруеш. А мы з Сашам з усімі былі ў выдатных адносінах.

Фестываль запомніўся мне зносінамі не толькі з артыстамі, але і са звычайнымі людзьмі, прагулкамі па горадзе днём і ноччу, “Горадам майстроў” з яго дзівоснымі вырабамі… Ну і вядома, на ўсіх канцэртных пляцоўках можна было атрымаць велізарную колькасць задавальнення на розны густ. Тыдзень фестывалю заўсёды быў насычаным, напоўненым творчасцю і прыгажосцю.

— А выступленне разам з “Чырвонымі гітарамі” ў 2009-м памятаеце?

— Канечне! Так, воляй лёсу мы з Сашам на адным са “Славянскіх базараў” выйшлі з імі на сцэну і разам праспявалі легендарную “Не спочнемы”. Уся зала спявала разам з намі гэты знакаміты на ўвесь свет славянскі хіт!

— Добрай, яркай спявачкай стала ваша дачка Настасся.

— Насця вельмі творчы чалавек, з ранняга дзяцінства займалася на фартэпіяна, а калі вучылася ў школе, яе педагогі прадвызначалі ёй кар’еру акадэмічнай спявачкі. Разам з гэтым, яна вельмі захаплялася папулярнай музыкай і пачала працаваць у гэтым напрамку. Памятаю, у пачатку 2000-х, на адным з “Залатых шлягераў” праходзіў канцэрт “Тата, мама, я — музычная сям’я”, дзе былі нашы калегі — музычныя сем’і Малежыкаў, Прасняковых, Эдзіта П’еха і Ілона Бранявіцкая са Стасам і інш. Насця спела некалькі сольных песень, і на наступны дзень у газеце з’явіўся артыкул пра гэтае выступленне, у якім была фраза “Нарэшце прырода адпачыла на бацьках”. (Смяецца.) Нам было вельмі прыемна!

Ядвіга двойчы скончыла кансерваторыю — па класе фартэпіяна, а пазней кампазітарскае аддзяленне.

А яшчэ ў яе тыя ж арганізатарскія здольнасці, што і ў Сашы. Мабыць, таму наша дачка з’яўляецца прадзюсарам самых розных канцэртных і тэлевізійных праграм. У нашым прадзюсарскім цэнтры “Прафіартвідэон”, дзе я з’яўляюся мастацкім кіраўніком, Настасся дапамагае вырашаць цэлы шэраг і арганізацыйных, і творчых пытанняў.

Урокі Глебава і Алоўнікава

— Выйшла так, што ў кансерваторыі вы вучыліся двойчы, прычым другі раз у беларускага кампазітара-класіка Яўгена Глебава. А чым вас, выбачайце, не задавальняла першая вышэйшая адукацыя?

— Мяне  заўсёды цягнула да напісання музыкі. Я яшчэ ў дзяцінстве, памятаю, хадзіла ў дзіцячы гурток Ігара Лучанка пры Саюзе кампазітараў. Мелодый у маёй галаве нараджалася вялікае мноства!

З першых дзён работы ў “Верасах” і дагэтуль я займаюся напісаннем песень, іх аранжыроўкай, аркестроўкай і, па сутнасці, з’яўляюся музычным прадзюсарам, які стварае гучанне і працуе над музычным матэрыялам у студыі.

У пэўны момант я зразумела, што хачу займацца любімай справай прафесійна, і таму прыняла рашэнне атрымаць другую вышэйшую музычную адукацыю на факультэце кампазіцыі ў нашай кансерваторыі. Маім педагогам стаў народны артыст СССР, прафесар, кампазітар Яўген Аляксандравіч Глебаў. Гэта быў чалавек з яркай індывідуальнасцю, адкрыты і сумленны, з тонкім, незвычайным пачуццём гумару. А яго групавыя ўрокі для ўсіх курсаў, ад першага да пятага, аказаліся проста бясцэннымі. Настаўнікам ён лічыўся даволі строгім, але, калі яму нешта падабалася, вы не ўяўляеце, як загараліся яго вочы. Калі Яўген Аляксандравіч казаў “добра”, гэта значыла “класна”. Я яму вельмі ўдзячна за ўсё. Увесь час успамінаю ў сваіх малітвах і Яўгена Аляксандравіча, і другога майго любімага педагога, народнага артыста БССР, прафесара і кампазітара Уладзіміра Уладзіміравіча Алоўнікава. Апошні выкладаў нам і аналіз форм, і паліфанію, і гармонію, прадметы глабальныя, тэарэтычныя, важныя. І даваў заданні такога аб’ёму — вы не ўяўляеце! Іх практычна ніхто не адольваў, акрамя нас з Ігарам Паліводам, выдатным піяністам, аранжыроўшчыкам і кампазітарам.

Памятаю, неяк ідзём мы з ім да мэтра дадому з выкананымі “кіламетровымі” заданнямі, пераходзім па мосце праз Свіслач непадалёк Стэлы, і я кажу: “Ведаеш, Ігар, я фізічна адчуваю, як мой мозг пачаў рухацца па гарызанталі!”. А Ігар паглядзеў на мяне з разуменнем і адказаў: “І я таксама адчуваю нейкія хістанні…”.

Мы абое ўжо шмат выступалі, гастралявалі, аднак ад вучобы не адвільвалі. Сумяшчэнне давалася нялёгка, затое якой радасцю было бачыць усмешку на твары Уладзіміра Уладзіміравіча, калі мы прыносілі яму свае талмуды, усе гэтыя фугі, квартэты і іншыя творы.

— Вы і сёння працягваеце пісаць музыку?

— Так. Акрамя таго, як і заўсёды, займаюся аранжыроўкамі, дапамагаю маладым выканаўцам. Працую шмат, бо з музыкай і сцэнай я не расстануся ніколі!

Уладзімір ПІСАРАЎ.