Тактыка — настаўніка, тэхніка — вучняў

- 9:35Метадычная скарбонка, Рознае партфолiо

Дзіўная рэч — журналісцкі настрой. Ён мяняецца штодня, нават штогадзіну, але ўсё ж мае свае заканамернасці, на якія ўплываюць героі нашых інтэрв’ю. Такая думка мільганула ў галаве, калі набліжалася да 3-й школы Вілейкі. Баючыся спазніцца, ішла вельмі хутка, а месцамі мая хада пераходзіла ў разрад спартыўнай. Так я спяшалася на ўрок да Таццяны Леанідаўны Жук, настаўніцы фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 3 Вілейкі Мінскай вобласці.

Набліжаючыся да школы, крыху замарудзіла набраны тэмп, каб аддыхацца. Тут дарэчы ўспомніліся парады майго школьнага настаўніка фізкультуры, таму на ганак школы падымалася з ужо роўным дыханнем і прадчуваннем прыемнага знаёмства. Таццяна Леанідаўна сустрэла па-спартыўнаму бадзёра і з усмешкай.
Быў перапынак, школа гудзела. З пакояў для пераапранання перад спартыўнай залай чуўся смех, жарты. Дзесяцікласнікі рыхтаваліся да ўрока. Таццяна Леанідаўна запрасіла прайсці ў залу і выбраць зручнае месца. Прагучаў званок на ўрок. Старшакласнікі зайшлі ў спартыўную залу, сталі ў рад. Усе яшчэ раз павіталіся, і, перад тым як перайсці непасрэдна да тэмы ўрока, настаўніца запыталася пра апошняе гучнае сусветнае першынство. Гэта, вядома, быў хакей.
Урок праходзіў у панядзелак, а ў нядзелю позна ўвечары завяршыўся фінальны матч чэмпіянату свету па хакеі з бездакорнай перамогай каманды Канады. І Таццяна Леанідаўна пацікавілася, што дапамагло камандзе канадцаў стаць лепшай і чаму расіянам удалося забіць толькі адну шайбу. Прадметам абмеркавання стала тактыка гульні.
Шчыра кажучы, вельмі здзівілі разважанні дзяўчат, якія не проста глядзелі гульню, а разумелі прычыны і наступствы кожнага гульнявога моманту. Але праз некаторы час і я зразумела прычыны такой зацікаўленасці. Яе крыніцай была Таццяна Леанідаўна. Настаўнік-тактык, настаўнік-стратэг. Настаўнік, аддадзены свайму прадмету і дзецям. Таццяна Леанідаўна поўнасцю разбурыла мае стэрэатыпныя ўяўленні пра ўрок фізкультуры.
Тэмай урока ў 10 “Б” класе быў “Валейбол”, таму пасля кароткай размовы пра хакей настаўніца агучыла асноўныя задачы на бягучыя 45 хвілін. Яна планавала вучыць тэхніцы верхняй перадачы мяча на месцы, у скачку, у руху, а таксама займацца ўдасканаленнем тэхнікі перадачы мяча знізу на месцы і ў руху.
Акрамя таго, у задачы ўрока ўваходзіла стварэнне ўмоў для развіцця хуткасна-сілавых якасцей і каардынацыйных здольнасцей, а таксама для выхавання маральна-валявых якасцей (смеласці, рашучасці, пачуцця адказнасці за каманду, калектывізму).
Па тыпе ўрок быў камбінаваны. Для рэалізацыі пастаўленых задач настаўніца падрыхтавала неабходнае тэхнічнае абсталяванне і спартыўны інвентар: валейбольныя мячы, лесвіцы хуткасці і каардынацыі, конусы, ноўтбук з калонкамі.
Затым Таццяна Леанідаўна звярнула ўвагу дзесяцікласнікаў на важнасць скаардынаванасці ў дзеяннях і арганізаванасць. Усё гэта ўваходзіць у складнікі паспяховага ўрока. Акрамя таго, настаўніца нагадала і правілы бяспечных паводзін на ўроку. Уменні дакладна выконваць каманды педагога, трымаць дыстанцыю, звычайная ўвага і ўзаемная павага забяспечаць адсутнасць траўматызму.
А далей пачалася асноўная дзейнасць, прычым як настаўніцы, так і яе вучняў. Таццяна Леанідаўна ўвесь час сачыла за часам і тэмпам урока, прычым яна сама не тое што не прысела, нават практычна не стаяла месцы. Усе практыкаванні выконвала сама. Спачатку для дэманстрацыі, а затым, каб надаць упэўненасці кожнаму навучэнцу.
Каб актуалізаваць апорныя веды і ўменні дзесяцікласнікаў, Таццяна Леанідаўна прапанавала ім розныя віды хады. Спачатку яны хадзілі на насках са зменай становішча рук. Затым была хада на кукішках, а пасля — з рознай даўжынёй кроку. Усе практыкаванні выконваліся пад бадзёрую музыку, што спрыяла не толькі добраму настрою, але і дапамагала прытрымлівацца заяўленага тэмпу.
Потым прагучала каманда настаўніцы на бег у калоне з выкарыстаннем лесвіцы хуткасці і каардынацыі, конусаў. Надышоў час практыкаванняў бегавых і скачковых. Таццяна Леанідаўна тым часам нагадвала пра паставу і захаванне дыстанцыі пры руху. Вучні ж былі засяроджаны на тэхніцы выканання практыкаванняў і, адпаведна, на ўмацаванні сваіх мышцаў галёнкаступнёвага суставу і звядзення ступні. А далей яны змаглі перавесці дух, бо было практыкаванне на аднаўленне рытму дыхання. Усе прапанаваныя практыкаванні садзейнічалі падрыхтоўцы арганізма да асноўнай часткі ўрока.
З пачаткам асноўнай часткі ў ход пайшлі валейбольныя мячы. Вучні разбіліся на пары і пачалі выконваць практыкаванне на выкананне верхняй перадачы мяча дзвюма рукамі, затым пераключыліся на чаргаванне верхняй і ніжняй перадачы мяча. Затым тое самае адбывалася ўжо ў тройках.
Гэты від дзейнасці змяніла сустрэчная перадача мяча ў калоне, затым пачалося практыкаванне з выкарыстаннем павадка-амартызатара для развіцця хуткасці рэакцыі. Тут дзесяцікласнікі не толькі папрактыкаваліся, але і пажартавалі. Добры настрой дапамог Таццяне Леанідаўне на ўздыме правесці эстафету. Камбінаваная эстафета была накіравана на развіццё хуткасных і каардынацыйных і інтэлектуальных здольнасцей дзесяцікласнікаў. Ім падчас эстафеты неабходна было скласці алімпійскія кольцы ў неабходную кампазіцыю. Больш за тое, навучэнцы ўспомнілі сімвалы колеру кожнага кальца. Як вядома, пяць пераплеценых алімпійскіх кольцаў з’яўляюцца эмблемай Алімпійскіх гульняў, а колеры адпавядаюць кантынентам.
Таццяна Леанідаўна падчас усіх гэтых практыкаванняў пільна сачыла за пастаноўкай ног, становішчам корпуса і ўзгодненасцю рухаў, за зменай гульцоў падчас перадачы. Фізічныя даныя, якія дыктуюць спартыўныя здольнасці і магчымасці, у кожнага свае. Зразумела, нехта больш моцны і вынослівы, а нехта, наадварот, не такі хуткі і дужы. Але гэтага на ўроку Таццяны Леанідаўны не адчувалася.
Яна проста мільгацела паміж сваімі дзесяцікласнікамі, конусамі і мячамі, давала парады, паказвала, як трэба, дапамагала. Толькі навяду на яе фотааб’ектыў — як яна імгненна мяняе сваё месцазнаходжанне. Давялося ўвесь час быць напагатове, трэніруючы волю і хуткасць рэакцыі і каардынацыі. Замінаць дзецям, якія бегаюць, скачуць, было, зразумела, нельга. Правілы паводзін на ўроку фізкультуры аднолькавыя для ўсіх.
У заключнай частцы ўрока дзесяцікласнікі выканалі практыкаванне на аднаўленне рытму дыхання і частаты пульсу. Трэба адзначыць, што пульс сваіх навучэнцаў Таццяна Леанідаўна кантралявала некалькі разоў за ўрок. Гэта неабходна, каб сачыць за станам дзяцей і правільным размеркаваннем фізічнай нагрузкі. У нейкі час клас быў падзелены на дзяўчат і хлопцаў. І пакуль юнакі выконвалі сілавыя практыкаванні, дзяўчаты качалі прэс, прычым па распрацаванай Таццянай Леанідаўнай методыцы.
Дзесяцікласніцы лажыліся на дыванок прама перад каляровай схемай. На белым ватмане былі наклеены рознакаляровыя кружочкі (парамі аднаго колеру, але размешчанымі ўразнабой). Пры кожным пад’ёме рук ці ног трэба было па камандзе педагога знайсці неабходную колеравую пару рукамі ці нагамі. Такім чынам трэніруецца не толькі прэс, але і каардынацыя. Дарэчы, лесвіцы хуткасці і каардынацыі — таксама новаўвядзенне Таццяны Леанідаўны. Ідэю яна падгледзела ў футбалістаў, якія скачуць праз такія лесвіцы на трэніроўках, і адаптавала да сваіх умоў і навучэнцаў.
Тым часам урок падыходзіў да свайго лагічнага завяршэння. Настаўніца разам з вучнямі падвяла вынікі. Пастаўленыя задачы былі выкананы, адзнакі пастаўлены, а задаволеныя і прыемна стомленыя дзесяцікласнікі пайшлі пераапранацца.
Падчас перапынку абмеркаваць урок не ўдалося. Таццяне Леанідаўне трэба было падрыхтавацца да наступнага — апошняга — урока. У раздзявалку прыйшоў 10 “А”, перад якім таксама стаялі задачы сваіх папярэднікаў. Шчыра кажучы, я ніколі не была на ўроку па адной і той жа тэме, але ў двух класах. Таму, калі Таццяна Леанідаўна прапанавала паглядзець на іншых дзесяцікласнікаў, я адразу пагадзілася.
Шмат разоў у сваіх матэрыялах (са слоў педагогаў) пісала, што аднолькавых урокаў не бывае, нават калі яны праводзяцца па адной тэме і схеме. У праўдзівасці гэтых сцвярджэнняў пераканалася падчас другога ўрока па валейболе. Здавалася б, і тэма адна і тая ж, і ход урока быццам той жа, але ўсё па-іншаму. Дзеці зусім розныя. Зусім розныя класныя калектывы па сваім тэмпе, успрыманні. І Таццяна Леанідаўна мяне зноў здзівіла. Яна так лоўка перабудавала ўрок, тонка ўлавіўшы настрой і магчымасці гэтага класа. Рытм урока быў іншым. Ён крыху запаволіўся, але для гэтага 10 класа яго хапіла, каб адчуць кожную мышцу і з урока пайсці з адчуваннем выкананага абавязку.
Мне ж хацелася пагаварыць з Таццянай Леанідаўнай. Нарэшце, настаў час нашай сумеснай рэфлексіі.
— Я заўсёды гавару сваім калегам, што ўрок фізічнай культуры і здароўя самы галоўны. Найперш таму, што нясе здароўе. Па якасці адукацыі наша школа моцная. І, каб дасягнуць інтэлектуальных поспехаў, дзецям неабходна прыкладаць шмат намаганняў. Я ж на сваіх уроках дапамагаю ім аднавіцца і ўмацаваць сябе фізічна. Не сакрэт, што фізічна загартаваны чалавек здольны да пакарэння самых высокіх інтэлектуальных вяршынь. І мая педагагічная місія — прывіць любоў да сістэматычных фізічных практыкаванняў. Найбольшы эфект прыносіць уласны прыклад, таму штодзень стараюся паказваць сваім вучням, што рух — гэта жыццё.
Дагэтуль гуляю ў баскетбол, езджу на спаборніцтвы. Магу са сваімі вучнямі згуляць адна супраць пяці, і яшчэ ні разу ніхто ў мяне не выйграваў. На жаль, сёння дзеці не вызначаюцца вялікай фізічнай актыўнасцю і жаданнем яе развіваць. Тым не менш сярод моладзі здаровы лад жыцця становіцца модным, што, канечне, вельмі радуе. Ёсць спадзяванне на ўкараненне такой моды.
Калі гаварыць пра арганізацыю ўрокаў, то і тут вялікае значэнне маюць фізічныя даныя і магчымасці дзяцей. Паколькі сваіх вучняў ведаю добра, то магу спрагназаваць і спланаваць пасільную для іх нагрузку. Разам з тым заўсёды шукаю нешта новае, шмат практыкаванняў прыдумваю. Некаторыя ідэі ўзнікаюць прама падчас урока: глядзіш, як навучэнец выконвае нейкае практыкаванне, і раптам з’яўляецца думка па яго ўдасканаленні.
Паглядваю і ў інтэрнэт. Напрыклад, магу паглядзець, як трэніруюцца хакеісты. Калі бываю на семінарах, то абавязкова гляджу, як рыхтуюцца прафесіяналы. І ўсё ўвесь час прымерваю на сябе і сваіх вучняў. Нават калі памяняеш адну дэталь, вучні адразу рэагуюць.
Вось вы звярнулі ўвагу на лесвіцы на падлозе. Калі я іх убачыла, то адразу вырашыла прымяняць на сваіх уроках. Спачатку іх шыла сама, але даводзілася шмат часу траціць на замацаванне. Потым з’явіўся варыянт, які бачылі вы. Купілі конусы, узнікла ідэя з эстафетай і алімпійскімі кольцамі, якая дае магчымасць праверыць тэорыю і практыку адначасова.
Вы былі на двух уроках па адной і той жа тэме і, напэўна, заўважылі, што яны былі розныя, але ў цэлым і ў першым, і ў другім выпадку пастаўленыя задачы былі выкананы. Дзеці ў класах розныя, і маёй задачай было знайсці падыход да кожнага. Праца ў цесным кантакце з вучнямі заўсёды дае плён. Тут у ход ідзе гульня адчуванняў. Крыкамі, кпінамі нічога не вырашыш. Падлеткі ранімыя і вельмі балюча рэагуюць на публічныя заўвагі. Калі дзіця нешта не можа выканаць, трэба для яго знайсці практыкаванне па сілах. У рэшце рэшт стаць побач і рабіць яго разам з ім. Тут ніякія мультымедыя не дапамогуць.
Увогуле я не прыхільніца мультымедыя, бо лічу, што яны ствараюць на ўроку прастой. Усё, што дзеці павінны ўмець выконваць па праграме, я магу ім паказаць сама. Я працую з музыкай, якая стварае настрой і натхняе на перамогі, — адзначыла Таццяна Леанідаўна Жук.
Таццяна Леанідаўна змяніла не толькі мае ўяўленні пра свой прадмет. Дзякуючы яе намаганням, свае адносіны памянялі калегі і, натуральна, вучні. Такі пералом адбыўся дзякуючы самапавазе настаўніцы, яе мэтанакіраванасці і здольнасці да творчасці і крэатыву. Як адначыла сама настаўніца, яна працуе на сваім месцы. Фізічнае выхаванне прыносіць ёй радасць, задавальненне, азарт, барацьбу і жаданне рухацца наперад, бо жыццё — гэта рух.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.