Таленавітай магілёўскай моладзі ўрачыста ўручылі пашпарты

- 17:06Новости

Уручэнне пашпартоў прайшло ў Магілёве ў рамках Усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!», передае карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Удзельнікамі святочнага мерапрыемства сталі 23 навучэнцы з усіх раёнаў вобласці, якія дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе, спорце і творчасці. Пашпарты маладыя людзі атрымалі з рук старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі.

Дзень Канстытуцыі мы адзначаем не толькі з павагі да асноўнага прававога дакумента краіны, а перш за ўсё з павагі да свайго выбару, да саміх сябе. Вельмі значна, што за літарай Асноўнага Закона стаіць чалавек як вышэйшая каштоўнасць, што яго ключавы змест накіраваны на тое, каб кожны з нас змог рэалізаваць свае правы і свабоды, карыстацца сацыяльнымі гарантыямі, працаваць і дасягаць пастаўленых мэт. Мінуў год пасля рэферэндуму, на якім была прынята абноўленая Канстытуцыя. Сёння можна з упэўненасцю сказаць — гэта ўсенародны дакумент, абмеркаванне якога згуртавала беларусаў, заўважыў кіраўнік рэгіёна.

Ён падкрэсліў, што менавіта маладому пакаленню трэба будаваць будучыню роднай рэспублікі, рабіць яе моцнай і квітнеючай.

Шануйце гісторыю сваёй сям’і, сваёй малой радзімы, усёй нашай краіны. Будзьце дастойнымі сваіх продкаў, з гонарам нясіце званне — грамадзянін Рэспублікі Беларусь, — даў наказ моладзі А. Ісачанка.

Урачыстасць моманту з маладымі людзьмі падзялілі іх бацькі. Своеасаблівую сімвалічнасць мерапрыемству надалі пранікнёныя творчыя выступленні магілёўскіх выканаўцаў. Акрамя таго, для моладзі была арганізавана дыялогавая пляцоўка на тэму «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — аснова грамадзянскасці і патрыятызму беларускага грамадства».

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара