Таленавітыя, разумныя, прыгожыя

- 11:37Актуально, Апошнія запісы

“Матэматыка — царыца навук”, — сказаў некалі Карл Гаўс, а на гэтым тыдні Мінск ператварыўся ў сталіцу матэматычных прынцэс. З 14 па 20 красавіка мы прымаем IV Еўрапейскую матэматычную алімпіяду для дзяўчат (EGMO), удзел у якой прымаюць прадстаўніцы з 29 краін.

Учора ў актавай зале Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, якая з’яўляецца галоўнай пляцоўкай міжнароднай алімпіяды, горача віталі матэматычных прынцэс з Балгарыі, Беларусі, Бельгіі, Венгрыі, Вялікабрытаніі, ЗША, Індыі, Ірландыі, Італіі, Латвіі, Літвы, Люксембурга, Македоніі, Малдовы, Мексікі, Нарвегіі, Нідэрландаў, Польшчы, Румыніі, Сербіі, Сірыі, Славеніі, Туніса, Турцыі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Швецыі, Японіі.
Як адзначыў у сваім прывітальным слове міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, прымаць такую прадстаўнічую міжнародную алімпіяду — для Беларусі вялікі гонар. “У нашай краіне алімпіяднаму руху ўдзяляецца вялікая ўвага. Алімпіяды — гэта найвышэйшы ўзровень у адукацыі, які дэманструе таленты і здольнасці школьнікаў. Алімпіяды па матэматыцы — асаблівыя, бо без матэматыкі не можа абысціся ні адна навука.
Я таксама некалі быў удзельнікам матэматычных алімпіяд, таму па-добраму зайздрошчу вам. Сённяшняя матэматычная алімпіяда вызначаецца тым, што яна дзявочая. Удзельніцы алімпіяды не толькі прыгожыя, яны таленавітыя і разумныя. Усім жадаю перамог, знайсці новых сяброў і добра правесці час”, — звярнуўся да прысутных міністр.
А сёння і заўтра дзяўчаты будуць змагацца за перамогу. Алімпіядныя туры праходзяць на базе сталічнай сярэдняй школы № 53. Цырымонія закрыцця IV Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды для дзяўчат прызначана на 19 красавіка.
Права прымаць алімпіяду такога ўзроўню заваявалі нашы дзяўчаты ў 2013 годзе на II алімпіядзе. Па выніках выступлення на алімпіядзе ў 2013 годзе ў Люксембургу каманда Рэспублікі Беларусь заняла першае агульнакаманднае месца. Беларускім дзяўчатам быў уручаны пераходны прыз — талерка, на якой выгравіравана назва краіны-пераможцы (Belarus-2013). У індывідуальным першынстве дзяўчаты заваявалі тады тры залатыя і адзін бронзавы медалі. Як вынік — Рэспубліка Беларусь атрымала ганаровае права арганізаваць і правесці алімпіяду.
III Еўрапейская матэматычная алімпіяда для дзяўчат праходзіла ў Анталіі (Турцыя) у красавіку 2014 года. Па выніках выступлення на гэтай алімпіядзе каманда нашай краіны трапіла ў дзясятку лідараў, заняўшы восьмае месца сярод еўрапейскіх краін. У асабістым першынстве навучэнкі заваявалі адзін сярэбраны і два бронзавыя медалі.
Еўрапейская матэматычная алімпіяда для дзяўчат (EGMO) праводзіцца з 2012 года адзін раз у год у адной з еўрапейскіх краін. Час правядзення алімпіяды — сакавік — красавік. Мэтай алімпіяды з’яўляецца прадастаўленне магчымасці большай колькасці дзяўчат прыняць удзел у матэматычных спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню і тым самым выявіць, падтрымаць і звярнуць увагу на матэматычна адораных навучэнцаў ва ўсіх еўрапейскіх краінах.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.