«Таленты XXI стагоддзя»: што паспрыяла поспеху вучняў на конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці — меркаванні педагогаў

- 15:17Образование

Прадстаўнікі Віцебшчыны вынікова выступілі на конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы «Таленты XXI стагоддзя»: у скарбонцы каманды вобласці 6 медалёў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Конкурс, дзяржаўнымі заказчыкамі якога з’яўляюцца Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства асветы Расійскай Федэрацыі, адбыўся з 23 па 27 кастрычніка на базе аздараўленчага комплексу «Ліцвінава» ў Маскоўскай вобласці. Удзел прынялі юныя інжынеры, даследчыкі і вынаходнікі з Беларусі і Расіі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў (акрамя студэнтаў УВА) у складзе 17 каманд. Падчас спаборніцтва яны абаранілі 213 праектаў. Як паведаміў дырэктар Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Дзмітрый Андрэеў, каманда паўночнага рэгіёна вярнулася дадому з поўным камплектам узнагарод: дыплом І ступені, 4 дыпломы ІІ ступені і дыплом ІІІ ступені. Сярод пераможцаў і прызёраў — навучэнцы з Полацка, Наваполацка, а таксама па двое прадстаўнікоў абласнога цэнтра і Віцебскага раёна.  

— У каманду Віцебшчыны ўвайшлі пераможцы і прызёры мерапрыемстваў па навукова-тэхнічнай творчасці абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, хто паказаў высокія даследчыя і канструктарскія ўменні, — адзначыў Д. Андрэеў. — У верасні на базе аддзела тэхнічнай творчасці мы арганізавалі для іх папярэднюю абарону праектаў і трэнінгі, дзе навучэнцы атрымалі кансультацыі і рэкамендацыі вядучых выкладчыкаў універсітэтаў і каледжаў. Узначальвала каманду загадчык сектара навукова-тэхнічнай творчасці і інфармацыйных тэхналогій Таццяна Нарубіна. Варта нагадаць, што ў нас ёсць даволі сур’ёзны вопыт падрыхтоўкі і ўдзелу ў конкурсе. Так, на мінулых «Талентах XXI стагоддзя» абсалютным пераможцам стаў Максім Бабіцкі з гімназіі № 2 Віцебска, плюс каманда рэгіёна ўзяла яшчэ два дыпломы І ступені, тры — ІІ ступені і заахвочвальны дыплом.

Сёлета абсалютнымі пераможцамі конкурсу прызнаны Ганна Сідарэнка (Гомельская вобласць) і Мікалай Вазнюк (Белгарадская вобласць). Асобна на «Талентах XXI стагоддзя» прадугледжаны спецыяльныя дыпломы за індывідуальныя і камандныя спаборніцтвы. У дыскусійнай сесіі разам з расіянінам Канстанцінам Міханіным адзначаны беларусы Глеб Волкаў з Магілёўскай вобласці і Яўген Філатаў — з Гродзенскай. Інтэлектуальны квіз «Тэхналогіі XXI стагоддзя» выйгралі каманды Разанскай вобласці і Масквы. Дыпломы за «Лепшы інфармацыйны канал дэлегацыі» атрымалі каманды Уладзімірскай і Віцебскай абласцей.

Мерапрыемства праходзіла ў сямі навуковых секцыях. У адпаведнасці з іх тэматыкай удзельнікі абаранялі творчыя работы, праекты, мадэлі або ўзоры з выкарыстаннем чарцяжоў і схем, тлумачылі будову і прынцып функцыянавання распрацоўкі. Цікавы факт: па падліку арганізатараў, вочныя прэзентацыі на «Талентах XXI стагоддзя» сёлета працягваліся 4260 мінут. У рамках конкурсу адбылася выстава работ навучэнцаў «Навукова-тэхнічная творчасць моладзі Саюзнай дзяржавы — 2025».

Дзмітрый Калбанаў з Віцебска — уладальнік дыплома І ступені ў секцыі «Тэхналогіі праграмавання, апрацоўкі і абароны даных». У Лізаветы Магучай з Віцебскага раёна (секцыя «Біятэхналогіі, хімічныя тэхналогіі і інжынерыя навакольнага асяроддзя») і Ігара Мацюша з Наваполацка (секцыя «Тэхнічнае канструяванне») — дыпломы ІІ ступені. Якімі ідэямі і распрацоўкамі яны ўразілі журы, што найбольш плённа паспрыяла выяўленню інжынерна-тэхнічных і навуковых здольнасцей вучняў, дапамагло ім паспяхова выступіць на конкурсе — запыталіся ў педагогаў.

Ларыса Мацвеева, намеснік дырэктара гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І. Алфёрава:

— Павінна быць выбудавана эфектыўная сістэма падтрымкі даследчыцкай дзейнасці навучэнцаў ва ўстанове адукацыі, каб узаемадзеянне пры гэтым ахоплівала як мага больш зацікаўленых партнёраў ад універсітэтаў да вытворчасці. Сярод асноўных напрамкаў тут, несумненна, супрацоўніцтва з вышэйшай школай і Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам. Выразны акцэнт абавязкова трэба рабіць на прафарыентацыі.

У нас ёсць навуковае таварыства гімназістаў, якому больш за 30 гадоў. Штогод дзеці паспяхова выступаюць на конкурсах, канферэнцыях розных ўзроўняў. Мы ў ліку лідараў па выніках Рэспубліканскага конкурсу работ навучэнцаў даследчага характару, на рахунку гімназістаў перамогі на такіх рэйтынгавых рэспубліканскіх конкурсах, як «Інжынеры будучыні» і «ТэхнаІнтэлект». Летась на «Інжынерах» наша Лізавета Падапрыга атрымала дыплом І ступені і як выпускніца Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка паступіла ў БНТУ без уступных іспытаў. Пераможца «ТэхнаІнтэлекту» Ігар Бандарэнка стаў студэнтам ВДТУ зноў жа без уступных экзаменаў, па выніках універсітэцкай алімпіяды.

Сістэмную работу з навучэнцамі ў азначаным напрамку мы пачынаем з 2-га класа, калі дзеці знаёмяцца з праектнай дзейнасцю. Праз год яны спрабуюць пісаць невялікія даследчыя работы. Штогод традыцыйна праходзіць свая канферэнцыя юных даследчыкаў на ўзроўні пачатковага звяна. Ключавы момант: тут у склад журы ўваходзяць старшакласнікі, якія маюць паспяховы даследчыцкі вопыт, былі на зменах у тэхнапарку: яны зацікаўлена вучаць малодшых, трымаюць над імі шэфства. Пра тэхнапарк навучэнцы ахвотна расказваюць і ў сярэдніх, старшых класах, што мае значны эфект. Напрыклад, неўзабаве пасля арганізаванай сустрэчы з Дзмітрыем Калбанавым чацвёра дзевяцікласнікаў падалі заяўкі і, спадзяёмся, стануць удзельнікамі новых змен у тэхнапарку. За ўвесь час навучанне ў ім прайшлі больш за 40 гімназістаў, за апошнія два гады пяцёра атрымалі рэкамендацыі для паступлення на профільныя спецыяльнасці.

Наступнай пасля гімназічнай канферэнцыі прыступкай ідзе абласны конкурс работ даследчага характару і творчых праектаў навучэнцаў 2—4-х класаў «Вернісаж», дзе мы штогод сярод пераможцаў. Далей з кожным годам шырэй адкрываюцца магчымасці для ўдзелу ў розных канферэнцыях і конкурсах даследчых работ, чым навучэнцы пад кіраўніцтвам педагогаў актыўна карыстаюцца. На сустрэчы з гімназістамі мы рэгулярна запрашаем вядомых вучоных. Нярэдка такія знаёмствы натхняюць дзяцей на даследаванні і працягваюцца ва ўніверсітэцкіх лабараторыях, кіраўнікамі работ становяцца нашы педагогі і выкладчыкі вышэйшай школы. Акрамя таго, у калектыве гімназіі працуе кандыдат фізіка-матэматычных навук Аляксандр Гелясін, яго вучні штогод сярод пераможцаў на канферэнцыях і конкурсах юных даследчыкаў.

Дзмітрыя Калбанава на Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, як ён сам сцвярджае, нацэліў прыклад старшых гімназістаў: адзінаццацікласнікі, якія там пабылі, расказалі на сустрэчы з паралеллю 9-х класаў пра перавагі навучання і тое, як яно адбываецца. Дзмітрый падаў заяўку. З першай спробы не паступіў, а вось другая ў яго выдатна атрымалася. У тэхнапарку ён працаваў пад кіраўніцтвам Алены Белавусавай з БДУІР. Напрамак вельмі актуальны: камп’ютарная бяспека. Хлопец вучыцца ў групе інжынернай накіраванасці і плануе паступаць у БНТУ менавіта па гэтым профілі. На конкурсе «Таленты XXI стагоддзя» ён прадставіў распрацоўку аперацыйнай сістэмы Secux Linux з павышанай бяспекай.

Мінулай вясной яго праграма для стварэння ўстановачных файлаў Secux Linux з сістэмай біяметрычнай аўтэнтыфікацыі KIRTapp была запатэнтавана і атрымала пасведчанне Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці як аб’ект аўтарскага права.

Гэта не адзіная вялікая тэма, па якой працуе Дзмітрый. Пад кіраўніцтвам нашай настаўніцы Ганны Жукавай ён займаецца даследаваннямі ў напрамку сацыяльнай інжынерыі. Распрацаваную імі шматплатформенную адукацыйную экасістэму «Асцярожна: маніпулятар» мы ўкаранілі ў адукацыйны працэс, выкарыстоўваем таксама ў рабоце з педагогамі і бацькамі навучэнцаў.

Галіна Пархімовіч, настаўніца Ноўкінскай сярэдняй школай імя двойчы Героя Савецкага Саюза П.І. Клімука:

— Неабходнымі складнікамі паспяховасці, на якіх у нашай школе грунтуецца даследчыцкая дзейнасць навучэнцаў, з’яўляюцца мэтанакіраваная зацікаўленасць педагога і вучня, сучаснае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. Калі браць мой прадмет, то вельмі важнае значэнне мае ўзаемадзеянне з Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства. Я ў школе адзіны настаўнік-біёлаг і вяду заняткі з 6-га па 11-ы клас. Калі мы пачынаем вывучаць прадмет, хутка выяўляюцца дзеці (і іх даволі многа), якім падабаецца біялогія. З імі займаюся на ўроках і індывідуальна, плюс мы праводзім тэматычныя экскурсіі, дадатковыя лабараторныя доследы. Вучні паглыбляюцца ў свет навукі, і матывацыя да гэтай дзейнасці замацоўваецца. У 7—8-м класе работа становіцца яшчэ больш інтэнсіўнай. А пачынаючы з 9-га класа наладжана супрацоўніцтва з Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства. Ужо чацвёрты навучальны год практычна штотыдзень ездзім на заняткі, якія праводзіць у цэнтры Іван Рускіх: у прыватнасці, па мікрабіялогіі, генетыцы і селекцыі. З Іванам Анатольевічам як кіраўнікі даследаванняў вядзём сумесную работу. Калі ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк мы пакуль толькі пракладваем трывалую сцежку, то ўзаемадзеянне з цэнтрам экалогіі і краязнаўства выбудавана сістэмнае і прыносіць плён. У прыватнасці, навучэнцы штогод сярод пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу эколага-біялагічных работ.

Хаця даследчыцкай дзейнасцю са школьнікамі я займаюся не выключна разам з цэнтрам экалогіі і краязнаўства. Напрыклад, з Арынай Лёўкінай мы зараз актыўна працуем, удзельнічалі з ёй у «Кроку ў навуку» пад эгідай Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Галіна нашага пошуку тут — феналогія раслін і іх сезоннае ўздзеянне на чалавечы арганізм.

Даследаванне Лізаветы Магучай, якое прывяло яе на конкурс «Таленты XXI стагоддзя», мае выразную практычную накіраванасць. Усім вядома пра карысць ёгуртаў, але ж, зразумела, хочацца, каб яны былі яшчэ і смачнымі. Між тым новых смакаў не вельмі многа. Ідэя Лізаветы была ў тым, каб атрымаць прадукт са смакам кавы. Аднак звычайныя бактэрыі, якія прымяняюцца пры вытворчасці ёгуртаў, такое суседства не вытрымліваюць. За амаль год эксперыментаў мы ў супрацоўніцтве з Іванам Рускіх знайшлі бактэрыю, якая змагла жыць у прысутнасці кавы — такое вось вынаходніцтва. Лізавета вучыцца ў 10-м класе, біялогія для яе профільны прадмет. Дзяўчына нацэлена на паступленне ў ВДМУ, марыць стаць урачом. Многія мае выпускнікі вучацца ў гэтым універсітэце або скончылі яго і ўжо працуюць.  

Святлана Кубачова, педагог дадатковай адукацыі Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка:

— Паспрыялі зацікаўленасць навучэнца, яго гатоўнасць працаваць, падтрымка сям’і і школы, прыродныя схільнасці. Безумоўна, магчымасць іх сістэмна развіваць пад кіраўніцтвам кампетэнтных спецыялістаў на належнай матэрыяльна-тэхнічнай базе. І ўдзел у конкурсах, для дзяцей такі вопыт важны. Ігар Мацюш прыйшоў у аб’яднанне па інтарэсах, дзе мы займаліся пачатковым тэхнічным мадэляваннем, у першым класе. Потым мяне мацней захапіла робататэхніка, я ўзяла аб’яднанне па гэтым напрамку, у якое, што прадказальна, услед за мной перайшлі мае навучэнцы і сярод іх Ігар. А калі ён вучыўся ў 6-м класе, я стварыла новае аб’яднанне па інтарэсах, «STEM-парк»: мы з робататэхнікі пераключыліся на праектную дзейнасць.

Актыўна далучыліся да профільных конкурсаў, дзе практычна штогод уваходзім у лік пераможцаў на рэспубліканскіх этапах. Аналагічна вынікова выступаем на Рэспубліканскім аглядзе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. Напрыклад, на «ТэхнаЁлцы» летась Ігар прэзентаваў надрукаваны на 3D-прынтары трактар МТЗ, у прычэпе якога размясціў ёлачку, складзеную з «бярвенцаў». Навучэнец у дасканаласці асвоіў работу на 3D-прынтары, у яго і дома ёсць гэтая тэхніка. Таксама мы з ім удзельнічалі ў рэспубліканскім фінале «Інжынераў будучыні». Ігар быў адзначаны дыпломам І ступені і намініраваны на стыпендыю спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, цяпер чакаем рашэння.

Праект, прадстаўлены на «Талентах XXI стагоддзя», Ігар пачынаў рабіць у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку (яго кіраўніком быў Андрэй Куц з БНТУ) і працягнуў ім займацца ў дыстанцыйным фармаце. Першы варыянт распрацоўкі застаўся ў тэхнапарку, далей ён сабраў другі варыянт. Калі коратка, гэта прылада для халоднага газадынамічнага напылення з функцыяй ачысткі металу. Іншымі словамі, кампактнае тэхнічнае прыстасаванне дазваляе спалучыць пескаструменную апрацоўку і напыленне на металічныя паверхні. Звычайна падобныя прылады дарагія і вялікія па памеры. Наваполацкая таннейшая і па аб’ёме прыкладна як сістэмны блок камп’ютара. Поспех на гэтым конкурсе — неадзінкавы выпадак: напрыклад, два гады назад мой навучэнец Дзмітрый Пазняк быў узнагароджаны дыпломам І ступені. Таксама ў секцыі «Тэхнічнае канструяванне».

Супрацоўніцтва з дзіцячым тэхнапаркам — вельмі істотны фактар. Мы яго наладзілі практычна з адкрыцця, яшчэ калі там усяго тры напрамкі было і дзеці жылі ў інтэрнаце БНТУ. З удзельнікаў першых змен хтосьці ўжо працуе па спецыяльнасці, хтосьці вучыцца на 3—4-м курсе на профільных спецыяльнасцях універсітэтаў. Між тым працэс бесперапынны: нядаўна мы ўдзельнічалі ў кастрычніцкай змене па адукацыйным напрамку «Машыны і рухавікі. Аўтамабілебудаванне» (якраз ездзіў Ігар Мацюш), а зараз рыхтуемся да лістападаўскай (на «Авіякасмічныя тэхналогіі» паедзе Мацвей Кубачоў).

Напэўна, не меншае значэнне мае сяброўства з ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай. Прычым тэхнапарк і рэгіянальны ўніверсітэт — гэта не паралельныя напрамкі супрацоўніцтва, бо ўсё ўзаемазвязана. Прывяду ў прыклад толькі адну гісторыю свайго маладога калегі Дзмітрыя Мітта. Ён займаўся ў мяне, праходзіў навучанне ў тэхнапарку, удзельнічаў у конкурсах на базе ПДУ, паступіў туды, вучыцца — і адначасова вядзе заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах нашага аддзела тэхнічнай творчасці.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлены гімназіяй № 1 Віцебска імя Ж.І. Алфёрава,
Ноўкінскай сярэдняй школай імя двойчы Героя Савецкага Саюза П.І. Клімука,
Палацам дзяцей і моладзі Наваполацка