Танцавальная сям’я “Крыжачок”

- 16:29Культура

Спецыяльную прэмію за значны ўклад у захаванне спадчыны харэаграфічнага мастацтва і за актыўны ўдзел у грамадска­культурным жыцці краіны атрымаў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца “Крыжачок” БДУ. Мастацкі кіраўнік калектыву заслужаны дзеяч мастацтваў Ігар Музалеўскі падзяліўся сакрэтамі захавання беларускай танцавальнай культуры.

— Ігар Юр’евіч, вы амаль 15 гадоў узначальваеце ансамбль. У чым галоўная місія “Крыжачка”?

— Захоўваць і прапагандаваць беларускі танец, хоць у нашым рэпертуары дастатковая колькасць танцаў іншых народаў свету. “Крыжачок” няспынна ўдасканальваецца, і кожнае яго выступленне заўсёды на мяжы магчымасцей. Ансамбль заўсёды выступае прафесійна, эфектна, прыгожа і надзейна, а таму мае сапраўдны аўтарытэт у прафесійнай харэаграфічнай супольнасці Беларусі. Спецпрэмія — гэта высокая ўзнагарода, прызнанне прафесіяналізму, майстэрства і адметных здольнасцей удзельнікаў нашага ансамбля. Гэта вынік працы вялікай каманды, прычым не толькі самога калектыву, але і кіраўніцтва ўніверсітэта і непасрэдна ўпраўлення па справах культуры на чале з Уладзімірам Міхайлавічам Макарэвічам, які прымае самы актыўны ўдзел у жыцці ансамб­ля.

— Якім быў ваш шлях у ансамбль?

— Калі я завяршаў сваю кар’еру артыста балета Дзяржаўнага ансамбля танца Рэс­публікі Беларусь, мяне запрасілі ў БДУ стаць ­ адным з рэпетытараў “Крыжачка”. Калі ўзначаліў ансамбль у 2007 годзе, то абнавіў яго рэпертуар, дабавіў аўтарскія і забытыя нацыя­нальныя пастаноўкі. У 2011-м мы атрымалі ганаровае званне “Заслужаны аматарскі калектыў Беларусі”. Ансамбль пачалі больш актыўна запрашаць на шматлікія знакавыя рэспубліканскія мерапрыемствы.

— Напэўна, за гады кіраўніцтва студэнцкім калектывам у вас сфарміраваўся уласны стыль, як творчы, так і педагагічны.

— Так, бо я займаюся не толькі творчасцю, але і выхаваннем. Без выхавання і дысцыпліны ніякай творчасці быць не можа, бо калі ёсць дысцыпліна, тады няма хаосу. Акрамя гэтага, я заўсёды паважліва стаўлюся да кожнага артыста, а гэта значыць, жыву іх жыццём не толькі ў час рэпетыцый, дапамагаю ім, калі трэба, раблю ўсё, што ў маіх сілах, бо толькі так можна стварыць каманду. А калі ёсць каманда, то разам можна зрабіць усё магчымае і нават немагчымае. Пры гэтым не трэба забываць, што ў нас вельмі сур’ёзная фізічная нагрузка, мы працуем па пэўнай методыцы, праўда, гэта наш маленькі сакрэт (усміхаецца). Адзінае, што скажу: да многіх танцавальных і пастановачных момантаў неабходна падыходзіць комплексна, а яшчэ варта ўмець хутка вызначаць, што калектыву паказаць, каб ён прыстойна выглядаў на тым ці іншым канцэрце.

— Сёння ваша каманда — гэта…

— Каля 40 чалавек ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў. Касцяк — людзі, якія са мной амаль 15 гадоў. Менавіта да іх паступова далучаецца моладзь. Новенькія да нас прыхо­дзяць ­штогод. Яны спачатку проста назіраюць, удзель­нічаюць толькі ў рэпетыцыях, а не­дзе праз год пачынаюць уключацца ў канцэртную дзейнасць. І гэта таксама зроблена для таго, каб наш калектыў заўсёды выглядаў аднолькава прафесійна. Увогуле “Крыжачок” — гэта сям’я, якая разам праводзіць нават выхадныя дні, адзначае святы, ладзіць карпаратывы, развіваецца, сталее.

— Як думаеце, чаму да вас прыхо­дзяць студэнты і што яны набываюць у калектыве?

— Да нас прыходзяць па розных прычынах. Не сакрэт, што чалавек у 18 гадоў проста так не пачынае танцаваць. Як правіла, у школьныя гады ён ужо быў удзельнікам якога-небудзь дзіцячага калектыву і звычка засталася. Часам іншагароднія студэнты расказваюць пра нас сваім сябрам з іншых універсітэтаў, якія таксама прыходзяць у ансамбль. Увогуле, я даю магчымасць кожнаму, хто пазваніў, прыйсці да нас на рэпетыцыю, а пасля мы пачынаем размаўляць. Звычайна застаюцца ўсе. Калі ж сыходзяць, то па ўважлівых прычынах, напрыклад, малады спецыяліст едзе працаваць па размеркаванні, або дзяўчына выйшла замуж і нарадзіла дзіця, або з’явіліся сур’ёзныя праблемы са здароўем. Проста так нашу танцавальную сям’ю не пакідае ніхто. Дарэчы, у яе склад увахо­дзяць балетмайстар Ірына Какорына і канцэртмайстар Мікалай Чарнамораў.

— Ваша танцавальная сям’я існуе ўжо амаль 77 гадоў. Давайце прыгадаем асноўныя этапы станаўлення ансамбля.

— “Крыжачок” — адзін са старэйшых харэаграфічных танцавальных калектываў Беларусі. Утвораны ён быў у 1945 годзе. Спачатку гэта быў танцавальны гурток, бо не сакрэт, што ў той час, калі адсутнічалі гаджэты, людзі займаліся або мастацтвам, або спортам. Таму ў склад ансамбля ўваходзілі і студэнты, і выкладчыкі. Затым калектыў пачаў выступаць і гастраляваць, з’явілася назва “Крыжачок” паводле аднайменнай назвы беларускага парнага танца, які лічыцца візітоўкай ансамбля. У 1969 годзе калектыў атрымаў званне народнага.

Першым кіраўніком трупы была артыстка Народнага ансамбля танца Беларусі Ларыса Алексютовіч. У розныя гады “Крыжачок” узначальвалі вядомыя і прызнаныя харэографы Мікалай Лапша, Наталля Янушкевіч і Вячаслаў Ушакоў. Усе яны папаўнялі рэпертуар народнымі танцамі розных рэгіёнаў не толькі нашай краіны, але і свету. Таму нядзіўна, што ансамбль — удзельнік і лаўрэат розных фестываляў і конкурсаў народнай творчасці як у Беларусі, так і за мяжой: у Францыі, Ізраілі, Англіі, Балгарыі, Бельгіі, Германіі, Грэцыі, Венгрыі, Аўстрыі, Аўстраліі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Новай Зеландыі, Турцыі, Эстоніі, Нарвегіі і інш. І ўсюды, дзе калектыў удзельнічаў, як правіла, заваёўваў лідзіруючыя пазіцыі, атрымліваў самыя знакавыя ўзнагароды і граматы.

— А якімі традыцыямі можа пахваліцца ансамбль?

— На знакавых сольных канцэртах мы заўсёды выступаем з жывым гукам, бо ў нас ёсць свой аркестр, у складзе якога 7 выдатных музыкантаў. А яшчэ наша традыцыя — кожны раз выступаць як апошні, на поўную моц і ў добрым настроі, бо глядач заўсёды павінен атрымліваць задавальненне ад нашых нумароў. Ёсць такі выраз: “Народныя танцы — гэта кругаварот лёсаў і душ лю­дзей”. Дык вось “Крыжачок” дае магчымасць раскрыць сябе ў гэтым кругавароце.

— Сёння ў рэпертуары “Крыжачка” танцы розных народаў свету, хоць, канечне, больш увагі вы ўдзяляеце беларускаму народнаму танцу. Як жа ўзнікаюць новыя пастаноўкі?

— Яшчэ адна наша традыцыя: мы ніводнай пастаноўкі не робім проста так, заўсёды стараемся паказаць не толькі добры танцавальны матэрыял, але і прыгожыя касцюмы, цікавы сюжэт, каб гэта быў нумар з сэнсам. А з’яўляюцца новыя пастаноўкі па-рознаму. Так, напрыклад, гісторыя нумара “Флоцкі” такая: неяк былі мы ў Клайпедзе, да мяне падышла бабулька і падарыла пасляваенны альбом з прыгожымі маракамі-балтыйцамі, і я зразумеў, што нам не хапае “Яблычка”. Канечне, яго ўсе танцуюць, але нам усё ж такі ўдалося зрабіць запамінальны нумар. Увогуле, усё танцуем з задавальненнем, усё дастаткова складана і з прыгожымі касцюмамі.

— Якія ў вас творчыя планы?

— Галоўны план — каб калектыў заўсёды існаваў, прычым існаваў на высокім узроўні, таму што ансамбль аматарскі і стымулам нашых артыстаў з’яўляецца проста цікавасць і жаданне быць у ансамблі, выступаць на сцэне. Што ж тычыцца канцэртных планаў, то “Крыжачок” стаў свое­асаблівым брэндам і гарантыяй якасці, а таму амаль ніводнае знакавае мерапрыемства нашай краіны не абыходзіцца без яго ўдзелу. Таксама ў маі традыцыйна плануем правесці сольны канцэрт у зале Белдзяржфілармоніі.

— Застаецца дадаць — сачыце за афішамі!

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва ансамбля.