Танцы — гэта дысцыпліна

- 11:31Дашкольная адукацыя

3-е месца на мінскім гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” стала чарговым доказам таго, што Раман Лобараў ідзе правільным шляхам. Наколькі гэты шлях быў лёгкі і ці хацелася трэнеру калі-небудзь збочыць на іншую сцежку, даведаемся ніжэй.

Спорт і творчасць

У спартыўныя танцы Раман Васільевіч трапіў у 9 гадоў. Прывяла сястра, якая сама тады імі займалася. Хлопчык адразу сказаў: “Балетам я займацца не буду”, але ўсё ж паспрабаваў, зразумеў, што гэта за напрамак, і застаўся. На 9 гадоў магілёўскі ўзорны харэаграфічны ансамбль “Калейдаскоп” стаў для Рамана творчым домам. Дарэчы, яго сястра хутка са спартыўных танцаў сышла. Можна сказаць, выступіла ў ролі правадніка і вырашыла пайсці іншым шляхам. “У Магілёве я займаўся да 18 гадоў. Ужо ў 14 пачаў і сам стаў набываць педагагічныя навыкі. Калі я пачаў трэніравацца, быў не самым здольным і таленавітым, але вельмі працавітым. Дзякуючы намаганням і пастаяннай рабоце, стаў павышац­ь свой узровень, ужо атрымлівалася займаць першыя месцы. Неяк мае аднагрупнікі па­прасілі паглядзець на іх збоку, я падказаў некалькі момантаў, затым з гэтай просьбай да мяне звярнуліся іншыя. Потым б­ацькі дзяцей убачылі, як я працую, ім спадабалася, і яны прапанавалі пазаймацца з іх дзецьмі. У абласным Палацы культуры заўважылі мае вынікі і паклікалі весці заняткі, там у мяне ўжо былі свае групы. Так што першы педагагічны вопыт я атрымаў вельмі рана”, — узгадвае педагог.

Акрамя танцаў, Раман яшчэ займаўся ў музычнай і мастацкай школах, таму часу хапала не заўсёды і не на ўсё. Шмат разоў ён хацеў пакінуць спорт, але побач была мудрая маці, якая супакойвала і казала: “Раман, давай падумаем, узважым усе за і супраць”. Так яна і перамагала.

“Мне педагог аднойчы расказаў пра правіла “50 паўтораў”. Трэба зрабіць нешта 50 разоў, і яно абавязкова атрымаецца. Калі не атрымалася праз 50 паўтораў, то працуе правіла “100 паўтораў”. І гэтак далей. Усё павінна атрымацца, галоўнае — працаваць. Для мяне заўсёды было выклікам, калі хтосьці казаў: “Гэтае дзіця не таленавітае, у яго не атрымліваецца”. Я павінен быў дапамагчы яму, навучыць танцаваць”.

“Калі я жыў у Магілёве, у мяне вельмі часта мяняліся партнёркі. Апошняя, з якой я трэніраваўся, адмовілася выступаць, і тады стала зразумела: калі хочацца сур’ёзнай кар’еры, трэба зрабіць нейкі важны крок. Ім стаў пераезд у Мінск. Я сам спісаўся з трэнерамі, ездзіў на дзве гутаркі. На адной з іх знайшоў сваю будучую партнёрку Дар’ю Конахаву. Мы пачалі выступаць за клуб “Дуэт” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі”.

Раман і Дар’я танцавалі разам каля 8 гадоў. Спачатку выступленні былі не надта паспяховымі, але калі дабавілася трэніровак, вынікі сталі лепшымі. Пара 11 раз выходзіла ў фінал чэмпіянату Беларусі, шэсць з якіх завяршыла з прызавым месцам. У 2017 годзе Раман і Дар’я сталі пераможцамі па 10 танцах. Адны з самых вялікіх дасягненняў на міжнароднай арэне — 5-е месца на Кубку Еўропы і 10-ы радок у су­светным рэйтынгу па 10 танцах (ён складаецца з ачкоў, якія спартсмен набірае на міжнароднай арэне: за перамогу даюць больш за ўсё, за 2-е месца — менш і г.д.). “Маё жыццё тады было зусім іншым: кожныя выхадныя — гэта конкурс. Дзён, калі можна было спакойна пася­дзець, пачытаць кнігу, падумаць, за 8 гадоў у мяне амаль і не было,” — прыгадвае Раман Васільевіч.

Наша нацыянальная школа спартыўнага бальнага танца даволі моцная. Аднак ёсць вялікія танцоры з Беларусі, якія выступаюць за іншую краіну. “Наш від спорту не прадстаўлены на Алімпіядзе, а часам касцюмы дзяўчат дасягаюць кошту добрай машыны, — кажа педагог. — Плюс макіяж, туфлі, прычоска, паездкі на турніры. Шмат таленавітых дзяцей і цяпер у нас ёсць, але яны, як правіла, танцу­юць да 13—14 гадоў, калі яшчэ няма сур’ёзных фінансавых укладанняў. Канечне, у краіне ганарацца танцорамі і парамі, якія працягваюць выступаць за Беларусь”.

Правіла “50 паўтораў”

Нягледзячы на тое, што Раман Васільевіч з’ехаў з Магілёва, ён працягваў трэніраваць дзяцей, з якімі там займаўся. Яны сустракаліся па выхадных, а ў будні педагог займаўся са сваёй партнёркай. У сталічны Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” ён прыйшоў у 2014 годзе, а ў 2017-м стварыў свой танцавальна-спартыўны клуб “Факстрот”, якраз пасля перамогі на чэмпіянаце Беларусі. Тады Раман Лобараў зразумеў: тое, чаго хацеў, дасягнута, трэба сыходзіць. Пачалося новае жыццё, трэнер­скае. “На дадзены момант у нас займаюцца дзеці ад 4 да 14 гадоў. У калектыве каля 70 чалавек. За гэты перыяд у мяне атрымалася выха­ваць аднаго чэмпіёна краіны ў катэгорыі “Юніёры 1” (12—13 гадоў), і мае вучні выйгралі першынство ў катэгорыі “Дзеці 2” (10—11 гадоў)”.

Трэніроўкі праходзяць 2—3 ра­зы на ты­дзень. Адзін дзень ідзе трэніроўка па лацінаамерыкан­скай праграме, другі — па еўрапей­скай, а трэці — гэта пратанцоўка або агульнафізічная падрыхтоўка, харэаграфія. Часам заняткі праходзяць з цікавымі прыладамі: спартыўнымі гумкамі, гімнастычнымі палкамі і гантэлямі. “Забаўляемся, як можам, — смяецца Раман Лобараў. — Стараемся дзяцей максімальна развіваць. Калі пасля трэніроўкі яны выходзяць сухімі — значыць, яны не займаліся”. Існуе толькі адна праблема — няма добрай залы. Для спартыўных бальных танцаў па­трэбна вялікая пляцоўка, каб дзеці маглі размясціць сваю кампазіцыю. Пакуль яе няма, але ў цэнтры працуюць у гэтым напрамку.

Педагог кажа, што на занятках ён строгі. У танцах павінна быць дысцыпліна. Калі чалавек разумее, што гэта такое, то яго розум лепш успрымае інфармацыю. “Падчас трэніроўкі мы не размаўляем, уважліва слухаем, калі хтосьці прысеў на крэсла, то робіць 10 прысяданняў. Узаемапавага паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі — гэта адно з галоўных правілаў, якое вельмі дапамагае ў нашым ві­дзе спорту. Трэба ўмець размаўляць з супрацьлеглым полам, таму я ніколі не дазваляю, каб дзяўчынка або хлопчык адно пра аднаго дрэнна выказваліся ці неяк штурхалі, шчыпалі. Пасля 20—30 адцісканняў усе праблемы такога плана знікаюць”.

“Адзін з самых галоўных прынцыпаў маёй работы — гэта прынцып супрацоўніцтва. Я люблю, калі мы з дзецьмі разам. Вядома, у нас ёсць межы, якія пераходзіць нельга, я пра іх кажу адразу. Але ў той жа час дзеці павінны адчуваць, што могуць самі нешта змяніць у сваім танцы, яны павінны мець права на памылку”.

Традыцыйна пасля заняткаў усе стаяць у планцы прыкладна 1,5 хвіліны. Многія выхаванцы гэтага не любяць, ім больш падабаюцца самі танцы, асабліва лацінаамерыканскія: яны вясёлыя і энергічныя.

Эпідэмічная сітуацыя вымусіла педагога на час перайсці на анлайн-фармат трэніровак. Выручылі Zoom і Instagram. У акаўнце цэнтра ў Instagram, а потым і на старонцы клуба “Факстрот” перыядычна праходзілі прамыя эфіры, дзе Раман Васільевіч дэманстраваў розныя практыкаванні на агульнафізічную падрыхтоўку. Потым дзеці паказвалі ў Stories на сваіх старонках, як іх выконваюць. Па прызнанні педагога, да такіх заняткаў было больш цяжка рыхтавацца, але падобны падыход быў правільным. Дзеці хаця б не сядзелі дома без справы. З чэрвеня фармат трэніровак стаў ранейшым, да таго ж некаторыя з іх цяпер даступныя для ўсіх жадаючых як творчая летняя пляцоўка. “Я люблю працаваць з дзецьмі. Любога ўзросту. Часам малодшая група прынясе табе столькі станоўчых эмоцый, а часам могуць за 10 хвілін вывесці з сябе. У такія моманты выдыхае­ш і працягвае­ш, — прызнаецца Раман Васіль­евіч. — Галоўнае — бачыц­ь жаданне дзяцей. Калі ў іх вачах ёсць агеньчык, цікавасць, то я гатовы займацца дзень і ноч. Часам двухгадзінныя заняткі ператвараюцца ў 15-мінутныя”.

Прымяраць розныя маскі

Хлопцы ў бальных танцах па каштоўнасці набліжаюцца да самых дарагіх рэчаў у свеце. У “Факстроце” суадносіны больш-менш дэмакратычныя: 60 % — гэта дзяўчынкі, а 40% — хлопчыкі. На жаль, некаторыя бацькі дагэтуль думаюць, што такія заняткі не падыходзяць іх сынам. Раман Лобараў сваім прыкладам паказвае, што гэта ў першую чаргу спорт разам з мастацтвам. На трэніроўках танцоры і падцягваюцца, і адціскаюцца, і бегаюць, таму часта ў школе здаюць нарматывы па фізкультуры лепш, чым тыя, хто займаецца больш традыцыйнымі для хлопчыкаў відамі спорту на­кшталт футбола, бокса, каратэ і г.д. Да таго ж выхаванцы рознага полу вучацца мець зносіны адно з адным, а такі карысны навык будзе патрэбны на працягу ўсяго жыцця.

Стварэнне пар у танцах — вельмі важны момант. Звычайна яны падбіраюцца па падабенстве пэўных антрапаметрычных даных: росту, вагі, камплекцыі. “Часам даводзіцца быць жорсткім, таму што хтосьці танцаваў разам, а­дзін вырас, і трэба іх раздзяляць, а яны ўжо пасябравалі. Бывае, што ў саміх парах наспявае канфлікт, дзеці не хочуць разам працаваць і даводзіцца знаходзіць ім іншых партнёраў. А калісьці можа пашчасціць: выхаванцы прыйшлі, выпадковым чынам узяліся за рукі, пачалі танцаваць і танцуюць дагэтуль”.

Сумяшчаць у сабе псіхолага, маму, тату, урача — звыклая справа для Рамана Лобарава. Ён любіць сваю справу і дзеля выхаванцаў гатовы прымяраць розныя маскі. Як правіла, даводзіцца шмат размаўляць, расказваць гісторыі з асабістай кар’еры. “Напэўна, мой вопыт дазваляе даваць парады для таго, каб мае выхаванцы прымалі правільныя рашэнні. Часам праблемы ўзнікаюць, калі дзеці на занятках танцуюць добра, а на конкурсе баяцца, ці калі ў іх нешта не атрымліваецца. Ты з імі лішні раз размаўляеш, каб супакоіць і натхніць на работу”. Такі падыход дапамагае захаваць добрыя адносіны, а здаровая атмасфера не пашкодзіла яшчэ ні аднаму калектыву.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Р.В.Лобарава.