Тата можа!

- 11:26Адукацыйная прастора

У суботу ў Мінску прайшлі першыя оўпэн-класы для бацькаў “Тата Pro”. На працягу пяці гадзін мужчыны слухалі лекцыі пра выхаванне дзяцей, удзельнічалі ў майстар-класах і абменьваліся вопытам з паспяховымі “зорнымі” бацькамі. Праект прайшоў пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Сапраўдны школьны клас з’явіўся пасярод першага паверха сталічнага гандлёвага цэнтра Galleria Minsk. На астатніх размясціліся розныя пакоі дома, дзе з’явілася дзіця: спальня, кухня, дзіцячы пакой. У нефармальнай атмасферы лектары раскрывалі сакрэты шчаслівага і бяспечнага бацькоўства і адказвалі на пытанні мужчын. Каб новыя веды былі карыснымі і актуальнымі, арганізатары загадзя правялі анкетаванне сярод бацькоў і апытанні ў сацыяльных сетках і разам выбралі найбольш запатрабаваныя тэмы.

Напрыклад, у спальні дэрматолаг гарадскога клінічнага кожна-венералагічнага дыспансера Святлана Якубоўская расказала пра касметычныя сродкі. Далучыцца да лекцыі дазволілі і жанчынам, таму яны хутка абступілі ўрача з пытаннямі і пільна занатоўвалі назвы карысных і шкодных рэчываў, якія можна знайсці ў складзе любімага шампуню. Для мужчын карыснай была размова з акушэрам-гінеколагам Таццянай Пашук, якой можна было задаць няёмкія пытанні пра пасляродавае аднаўленне здароўя жанчыны. Пасля ўдзельнікі адкрытага класа пагутарылі з сексолагам і абмеркавалі партнёрскія роды.

На кухні таксама ішла актыўная праца: бацькам расказвалі пра прыкорм, падбор дзіцячага харчавання і прапанавалі жартоўныя, але вельмі практычныя конкурсы і гульні. Так, мужчыны паспрабавалі згатаваць смачную для дарослага страву з выкарыстаннем дзіцячага пюрэ, якое заўсёды застаецца падчас прыкорму.

Найбольшай папулярнасцю карыстаўся дзіцячы пакой, дзе вядучы тэлепраграмы “Дзіцячы доктар” урач-педыятр Дзмітрый Часноў праводзіў заняткі па занаванні кватэры і арганізацыі бяспечнай для дзіцяці прасторы. Ён патлумачыў, чаму сцены ў пакоі немаўляці павінны быць зялёнымі або блакітнымі і якая бытавая хімія вядзе да атручвання.

— Папярэджанне захворванняў і траўм, прафілактычныя работа абавязкова прывядзе да станоўчага выніку, — патлумачыў лектар мэту свайго выступлення і падкрэсліў, што падрыхтоўку будучых бацькоў трэба пачынаць яшчэ раней: — Асновы паводзін закладваюцца дома, у першыя 3 гады, і залежаць цалкам ад сямейнага выхавання. Таму рыхтаваць да бацькоўства варта яшчэ ў школе, пасля 10 гадоў. Гэта час перад палавым паспяваннем, калі гарманальны фон яшчэ не ламае дзіця. Пасля можа быць позна.

Тым часам у пакоі прайшоў краш-тэст падгузнікаў: пачынаючыя таты, як сапраўдныя інжынеры, разабралі на слаі гэты прадмет дзіцячага гардэробу і навучыліся правільна яго апранаць (аказваецца, гэта не так проста!). А пасля даведаліся, як падбіраць дзецям падарункі — дзіцячую касметыку і цацкі, якія насамрэч развіваюць.

Тым часам у галоўнай зоне пра сваё сямейнае жыццё расказвалі вядомыя мужчыны краіны. Музыкант Аляксандр Патліс выступіў з натхняльнай прамовай пра выхаванне маральных каштоўнасцей у дзіцяці. Спявак прывучае сына да працы, вылучыўшы для яго ў садзе куточак, які даглядае хлопчык. Аляксандр Гранкін, аўтар блога “Тата ў дэкрэце”, падзяліўся нестандартным вопытам і даказаў, што сацыяльныя стэрэатыпы не перашкодзяць, калі вы вырашылі стаць шчаслівай сям’ёй.

Госцем оўпэн-класа стаў і Аляксандр Саладуха — галава вялікай сям’і з 4 дзецьмі і 2 унукамі. Шоумен прызнаўся, што не можа супраціўляцца абаянню сваёй дачкі Варачкі і дазваляе ёй нашмат больш, чым яе старэйшым братам, якія, дарэчы, ужо працуюць у яго камандзе. Працягнуў тэму тэле- і радыёвядучы Антон Мартыненка, які таксама баіцца распесціць сваю татаву дачку.

Больш за ўсё парадавала актыўнасць бацькаў. Оўпэн-класы “Тата Pro” з’явіліся як лагічны працяг канферэнцый для мам, што ўжо не раз праходзілі ў сталіцы і абласных цэнтрах. І арганізатараў радуе зацікаўленасць з боку мужчын.

— Мы бачылі, як татам цікава прыходзіць з мамамі на канферэнцыі, але зразумелі, што ім неабходна падаваць інфармацыю інакш. Тое, што жанчына часта ўмее інтуітыўна, мужчына імкнецца зразумець дакладна: чаму ён гэта робіць і чаму менавіта так? — расказала кіраўнік праекта акушэр-гінеколаг Дзіяна Мардас. — Звычайная лекцыя татам нецікавая, іншая справа — практыка: майстар-клас, тэст-драйв, гульня. Таму мы абралі такі несур’ёзны фармат для вельмі сур’ёзнай інфармацыі, а таксама скарацілі час усіх выступленняў і разбавілі іх інтэлектуальнымі гульнямі.

Вынікі оўпэн-класаў пакажуць, як будзе развівацца бацькоўскі лікбез далей. Ды галоўным героем такіх канферэнцый па-ранейшаму застанецца здаровае і шчаслівае дзіця.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.