Таткава мова, матулін напеў

- 14:23Выхаванне

Традыцыйна кожны год 21 лютага наша краіна адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. Не засталіся ў баку ад гэтай падзеі і выхаванцы другой малодшай групы ясляў-сада № 8 Смаргоні.

Сваё першае знаёмства з родным словам дзеці пачынаюць са слухання матчыных калыханак, пацешак і забаўлянак, казак і песень. Менавіта гэта і паслужыла ідэяй правесці тыдзень беларускай мовы пад назвай “Таткава мова, матулін напеў”. Спачатку сумесна з дзіцячай гарадской бібліятэкай у групе арганізавалі кніжную выставу “Баю-баю, люлечкі”. З вялікім задавальненнем дзеткі разам з выхавальнікам спявалі меладычныя і пяшчотныя калыханкі, разглядалі выявы і цешыліся забаўлянкамі. З гэтай нагоды бацькі вырабілі цудоўную драўляную калыску, каб калыхаць і забаўляць ляльку Янку.

Вобраз маці глыбока захаваны ў сэрцы кожнага чалавека, ён выхоўвае жаноцкасць у дзяўчынак і мужнасць у хлопчыкаў, клапатлівыя адносіны да дзяцей і сям’і. Але жанчына-маці не толькі ўмела гадаваць дзяцей. Як у даўнія часы, так і зараз жанчыны займаюцца розным майстэрствам, таму ў групе было створана некалькі выстаў бацькоўскіх работ: “Цуд беларускай выцінанкі”, “Карункі маёй матулі” і “Пляціце, ручкі, прыгожыя штучкі”. Для захопленых і ўмелых людзей не існуе межаў, і бацькі нашай групы ствараюць сапраўды прыгожае развіццёвае асяроддзе для сваіх дзяцей, дзе сучаснасць ідзе поруч з традыцыямі.

Таксама на працягу тыдня дзеці слухалі і расказвалі разам з выхавальнікам і міфічнай істотай казачнікам Баем беларускія казкі і вершы. А потым сумесна з бацькамі малявалі любімых казачных герояў. Усе гэтыя работы склалі цэлую выставу пад назвай “Ехаў Бай па сцяне”. Закончыўся Тыдзень роднай мовы цікавым тэатралізаваным прадстаўленнем “Гісторыя пра малога Янку, які не хацеў спаць”. І дзеці, і бацькі, і педагогі садка атрымалі задавальненне, даведаліся шмат новага і цікавага на сваёй роднай беларускай мове, бліжэй далучыліся да культуры роднай краіны, якая з глыбіні вякоў выносіць незвычайныя рэчы і вялікую мудрасць людскую. І гэта наш найдаражэйшы скарб і спадчына, якой мы павінны ганарыцца і якую павінны берагчы.

Існуе мудрае выказванне: “Не саромейцеся недасканалай гаворкі. Мова — жывая тканка, якая прарастае там, дзе крынічыць людское жаданне. Магчыма, учора вы яшчэ не размаўлялі па-беларуску, сёння размаўляеце на так званай трасянцы, але заўтра вы загаворыце на чыстай беларускай мове, і людзі будуць вучыцца ад вас”.

Эдзіта БРАНЦЭВІЧ,
выхавальніца ясляў-сада № 8 Смаргоні.
Фота Васіля КАШКЕЛЯ.