Таццяна Лашакова: «Важна пабудаваць урок такім чынам, каб кожны вучань быў паспяховым»

- 13:00Учитель года

“Калі дзеці захопяцца гэтай навукай, ім стане прасцей жыць”, — лічыць настаўніца хіміі сярэдняй школы № 4 Рагачова імя У.С. Вялічкі Таццяна Лашакова, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Таццяна Міхайлаўна — фіналістка конкурсу “Настаўнік года” ў намінацыі “Хімія, біялогія”. Цяпер яна разам з камандай узмоц­нена рыхтуецца абараніць гонар не толькі свайго любімага Рагачоўскага раёна, але і ўсёй Гомельскай вобласці.

Мама-медык калісьці адгаварыла юную Таццяну пайсці па яе слядах.

— Напэўна, тыя, хто не працуе ў педагогіцы, лічаць, што прафесія настаўніка лягчэйшая, чым урача, — разважае Таццяна. — Насамрэч гэта не так.

Хімія і біялогія, аднак, былі любімымі прадметамі ў школе. Таму жыхарка Быхава для атрымання вышэйшай адукацыі выбрала факультэт прыродазнаўства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. Падчас вучобы паспрабавала сябе ў ролі настаўніка ў адной з магілёўскіх школ. На Гомельшчыну з Магілёўшчыны Таццяну прывёз муж. Разам вырашылі, што будаваць сям’ю будуць у яго родным Рагачове.

— Я палюбіла гэты горад і засталася тут жыць і працаваць. Тут нара­дзілася наша дачка Злата, — расказвае Таццяна Лашакова. — Рагачоў стаў для мяне родным. Наогул, не мае значэння, дзе працаваць. Важна з душой ставіцца да сваёй справы, быць неабыякавай да таго, што ты робіш. Але жыццё ў правінцыяльным горадзе мае свае перавагі. Тут у нас, на месцы зліцця Дняпра і Друці, вельмі прыгожая прырода і спакой — ёсць дзе расслабіцца, паразважаць і прааналізаваць усё, што адбываецца ўнутры сябе.

Пачынала настаўнічаць Таццяна ў рагачоўскай сярэдняй школе № 3. Адтуль пайшла ў дэкрэтны водпуск, а выйшла пасля яго адразу намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў сярэднюю школу № 4.

— Доўга сумнявалася, ці змагу зай­мацца яшчэ і адміністрацыйнай работай. Але сям’я мяне падтрымала і я згадзілася, — успамінае педагог.

Пытаюся ў Таццяны, як атрымліваецца ўсё сумяшчаць. Яна лічыць, што матэматычны склад розуму дапамагае адчуваць сябе арганічна і добра спраўляцца з арганізатарскімі абавязкамі:

— Адміністрацыйная пасада — гэта яшчэ і цеснае ўзаемадзеянне з калегамі, што для мяне вельмі важна. Наогул, усё карысна ўмець у жыцці. Але ў душы мне бліжэй, вядома, выкладанне. Урокі хіміі — гэта любоў. Тут я бачу аддачу. Радуюся, калі мае дзеці займаюць прызавыя месцы, перамагаюць у конкурсах. Эмацыянальны пад’ём адчуваю, калі ўсведамляю вынік сваёй працы. Не менш важна бачыць, як растуць твае вучні, наколькі яны паспяховыя. Гаворка не толькі пра алімпіяднікаў. Для мяне важна, калі навучэнец, які не любіў хімію, стаў атрымліваць адзнакі на два балы вышэйшыя, чым у яго былі раней. За такім вынікам стаіць вялікая праца настаўніка. Хоць яна часта застаецца незаўважанай.

Бацькі вучняў добра ведаюць, навошта іх дзецям трэба ведаць хімію: высокія адзнакі па гэтым прадмеце забяспечаць поспех у дарослым жыцці. Адзін з вучняў, выпускнік гэтага года Андрэй Мамаеў, пры кіраўніцтве Таццяны Лашаковай стаў аўтарам сур’ёзных навуковых распрацовак у галіне хіміі.

— Першую распрацоўку мы па­чыналі з ім сумесна, а цяпер ён ужо працягвае займацца навукай з прафесарамі БДУ. Хлопец — шмат­разовы прызёр розных прэстыжных алімпіяд і конкурсаў. Ён стаў студэнтам БДУ — Андрэй заваяваў дыплом I ступені на рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе. Але я не стаўлю задачу, каб літаральна ўсе палюбілі хімію. Проста вяду ўрокі, а дзеці ўлюбляюцца ў гэтую навуку, і ўсё ідзе само сабой. З кожным годам усё больш маіх вучняў выбіраюць хімію як профільны прадмет пры здачы тэстаў — сёлета з 20 выпускнікоў 11 выбралі хіміка-біялагічны профіль. Усе дзеці здалі ЦЭ на вельмі высокі бал. Усе так ці інакш звязваюць сваё будучае прафесійнае жыццё з хіміяй. Спецыяльнасці выбралі розныя: і медыцынскія, і тэхналагічныя, — дзеліцца суразмоўніца.

Кожны настаўнік — крыху акцёр, які ў межах школьнай праграмы можа здзівіць сваіх вучняў. Тым больш хімік. Дзеці, калі пачына­юць вывучаць гэты прадмет, заўсёды чакаюць доследаў і эксперыментаў.

Канечне, мы гэтым карыстаемся, каб зацікавіць школьнікаў. Бо хі­мія — навука цудаў. Але потым, калі пачынаюцца матэматычныя разлікі, складаныя формулы, цікавасць дзяцей крыху зніжаецца. Тут мне на дапамогу прыходзіць мадэляванне. З гэтым метадам, дарэчы, я іду на конкурс “Настаўнік года”, — адзначае педагог. — Прыём мадэлявання не новы. Гэта метад навуковага пазнання. Я імкнуся да таго, каб складаныя паняцці сталі для школьнікаў простымі. Мы будуем мадэлі з элементарных рэчаў. Гэта могуць быць любыя падручныя матэрыялы: прышчэпкі, пластылін, ручкі. Складаную тэму “Металічная сувязь” тлумачу на пеналах, якія заўсёды пад рукой у школьнікаў. Будову атама вывучаем, выкарыстоўваючы пластылін, стразы і гузікі. Такім чынам дзеці ўключаюцца ў даследчую дзейнасць. Для кожнай мадэлі падрыхтаваны пэўны набор заданняў. Дзеці пасля пабудовы мадэлі пачынаюць глыбока разумець хімічныя працэсы, у выніку аналізу самастойна робяць высновы. Яны не завучваюць матэрыял, а імкнуцца яго зразумець. У залежнасці ад іх здольнасцей магу даць індывідуальныя заданні. Школьнікі адпрацоўваюць практычныя навыкі, якія вя­дуць іх да поспеху пры выкананні выніковых кантрольных работ. Для мяне важна пабудаваць урок такім чынам, каб кожны вучань быў паспяховым.

Метад мадэлявання, упэўнена Таццяна Лашакова, цікавы абсалютна ўсім школьнікам. Проста таму, што дзеці ад прыроды любяць штосьці будаваць, выразаць, канструяваць.

— Такім чынам я ім на ўроках хіміі дзяцінства падаўжаю, — усміхаецца настаўніца. — Часам заданні падбіраю пад індывідуальныя інтарэсы вучняў і ўключаю ў работу ўсіх. На наступных занятках яны з лёгкасцю аднаўля­юць практычна ўсю інфармацыю, якую атрымалі на папярэдніх. Гэта зна­чыць, пэўны ўзровень ведаў у іх ужо ёсць. У жыцці веданне хіміі спатрэбіцца абсалютна ўсім — абавязкова.

Таццяна Лашакова арыентуе сваіх вучняў на тое, што веды, атрыманыя на яе ўроках, дапамогуць правільна афарбаваць валасы, вывесці пляму ад зялёнкі на белым адзенні ці пазбавіцца пякоткі… Пры гэтым, адзначае настаўніца, важна разумець працэсы, якія адбываюцца:

— Вядома, не ўсе стануць хімікамі і тэхнолагамі, але, прынамсі, на ўласнай кухні будуць добрымі кухарамі. Успомняць урокі хіміі пры выпечцы бліноў, калі будуць дадаваць соду ў цеста.

Педагог упэўнена, што не пройдзе дарма тая інтэнсіўная работа, якая праведзена гэтым летам пры падрыхтоўцы да рэспубліканскага этапу конкурсу “Настаўнік года”:

— Невыпадкова я трапіла на спаборніцтвы. Гэта мой шлях. Ад конкурсу чакаю развіцця, прафесійнага росту ў першую чаргу. Кажуць, наш рост бачны нават цяпер, падчас падрыхтоўкі. Нам не даюць расслабіцца, накіроўваюць і паказваюць дарогу. Даводзіцца інтэнсіўна вучыцца. Усведамленне таго, наколькі ўсё было карысна, прыйдзе пазней. Насамрэч я вырашыла ўдзельнічаць у конкурсе не дзеля “жураўля”, хоць і перамагчы таксама хачу. Мне важна, каб у Мінску сказалі: глядзіце, якія добрыя на Гомельшчыне ёсць педагогі!

***

Мне часта тэлефануюць былыя вучні і кажуць: “Таццяна Міхайлаўна, шчыры дзякуй, што вы нам добра растлумачылі тую ці іншую тэму”. Пасля здачы цэнтралізаванага экзамену многія дзеці адзначалі, што ім было лёгка здаваць іспыты. У такія моманты разумееш, што ўсё не дарма. Не дарма шмат гадоў назад я выбрала прафесію педагога.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара